Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У справе дэпутата Андрэя Клімава ёсьць дакумэнт, падпісаны выконваючым абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімерам Пуціным. Гэты дакумэнт быў агалошаны на працэсе, што йдзе ў Ленінскім судзе Менску. Адзін з абаінавачваных, Леанід Валковіч, з гэтае нагоды прапанаваў суду выклікаць на працэс у якасьці сьведкі прэтэндэнта на расейскі сталец Пуціна.

Летась 22 ліпеня ў Ленінскім судзе Менску пачалі судзіць Андрэя Клімава і яшчэ васьмёх будаўнікоў. Такім чынам, у суботу 22 студзеня спаўняецца месяц, як ідзе гэты працэс.

Працэс – рэкардсмэн ня толькі паводле часу працягласьці, але й па колькасьці ўсялякіх нечаканасьцяў. Вось раптам адбылася яшчэ адна, і сымбалічная, і кур'ёзная адначасова…

Пад час зачыткі дакумэнтаў справы – а гэтым цяпер займаецца суд пасьля таго, як было адвергнутае хадайніцтва абароны аб выкліканьні сьведкам старшыні менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладзімера Ярмошына – дык вось, пад час агалошваньня гэтых матэрыялаў у судзе раптам прагучала прозьвішча Пуціна. Таго самага Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна, які цяпер выконвае абавязкі расейскага прэзыдэнта й мае сапраўды вялікія шанцы ім стаць.

Памылкі быць не магло. На дакумэнце з Санкт-Пецярбургу, ад красавіка 1994 году, даваўся дазвол фірме "Амега" набыць 500 тысячаў цаглінаў. Подпіс: намесьнік піцерскага мэра Сабчака Ўладзімер Пуцін.

У прынцыпе, дакумэнт мае дачыненьне да справы Клімава, але сваесаблівае. У ацэнцы гэтае сувязі сьледзтва й абарона разыходзяцца.

Сьледзтва ўпэўненае, што папера дапамагае праілюстраваць карысьлівую зацікаўленасьць Клімава ды ягоных памочнікаў у завышэньні аб'ёмаў выкарыстанае цэглы на будоўлі дома па вуліцы Лодачнай. Маўляў, Клімаў грошы фірме "Амега"за цэглу пералічыў, але цэглы з Санкт-Пецярбургу не атрымоўваў, такім чынам, ён проста схаваў недзе грошы. А гэтая самая "Амега" з дапамогаю Пуціна цэглу набыла, ды толькі не паставіла ў Беларусь. Бо й не зьбіралася.

Другі бок над такімі падазрэньнямі сьмяецца. Падсудныя не адвяргаюць, што на будоўлі дзейнічала ня толькі наўпроставая, але й шматступенная сыстэма ўзаемаразьлікаў з пастаўшчыкамі, таму грошы маглі пайсьці адной фірме, а будаўнічыя матэрыялы пастаўляліся зь іншай… На календары быў 94-ты год, цэгла была ў дэфіцыце, нездарма намесьнік мэра Пецербурга Пуцін асабіста разьмяркоўваў фонды на цэглу.

Леанід Ваўковіч, які непасрэдна кіраваў будоўляй, за што яго цяпер судзяць разам з Клімавым, нават прапанаваў суду выклікаць Пуціна ў якасьці сьведкі – хай распавядзе, што і як было. Можа тады суду стане зразумела, што ані капейкі Клімаў і ягоныя памочнікі ў дзяржавы ня скралі, тым больш што й сьледзтва не прадставіла на гэты конт аніводнага канкрэтнага дакумэнта ці пацьверджанага факту.

Як жа суду разабрацца, хто правы – сьледчыя ці фірма Клімава? Дзеля гэтага неабходна ведаць рэальныя аб'ёмы кладкі цэглы –упэўнена абарона. Адвакат Аляксандар Паўловіч, у прыватнасьці, заўважае, што напрацягу судовага працэсу гэта зрабіць не ўдалося й трэба правесці абследваньне не дакумэнтаў, а рэальнага аб'екта.

"Каб высьветліць рэальныя аб'ёмы кладкі цэглы, трэба выйсьці на аб'ект, усё прамерыць і толькі потым, на падставе гэтых аб'ектыўных дадзеных магчыма выйсьці на кошт аб'екта й весьці гаворку пра магчымыя страты", – упэўнены адвакат Аляксандар Пятровіч, які вымушаны канстатаваць, – "Але суд з абаронаю ў гэтым сэнсе не пагадзіўся".

Ці пагадзіцца суд правесьці новы прамер дому й новую будаўнічую экспэртызу пасьля аргумэнтаў, што прагучалі ў вапошнія дні, невядома. Абарона спадзяецца, што пагадзіцца і, па маіх дадзеных, рыхтуе новае хадайніцтва аб правядзеньні комплекснай экспэртызы. Пра яе лёс стане вядома на наступным тыдні.

XS
SM
MD
LG