Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Вайна ў Чачні цягнецца ўжо чатыры месяцы. Расейскія вайскаводы, зважаючы на палітычную неабходнасьць, абяцаюць завершыць баявую апэрацыю 26 лютага – акурат за месяц да прэзыдэнцких выбараў. Гэтую дату назваў у сераду гэнэрал-лейтэнант Валеры Трошаў, намесьнік галоўнага вайскавода фэдэральных сілаў на Каўказе…

Газэта "Ню-Ёрк Таймс" спасылаецца ў сёньняшнім нумары на паведамленьні з Грознага аб тым, што расейскія сілы мала прасунуліся наперад у баях з малымі й рухавымі атрадамі чачэнцаў. Яны замінавалі вуліцы ды ператварылі горад у непрыступную крэпасьць.

"Расейскі ўрад, – піша далей газэта, – спадзяваўся, што жыхары Грознага пакінуць яго праз адмысловыя "гуманітарныя калідоры". Паводле афіцыйных зьвесткаў расейскага боку, абвешчаных у сераду, пачынаючы ад сьнежня, гэтымі двума калідорамі скарысталіся толькі 7820 уцекачоў, а за мінулыя содні – усяго 159. Тым часам, у чачэнскае сталіцы застаюцца прынамсі 40 тысячаў мірных жыхароў.

"Ню-Ёрк Таймс" прыводзіць словы галоўнага вайскавода ўнутраных войскаў Вячаслава Аўчыньнікава, які заявіў, што сілы чачэнцаў у Грозным складаюць прыблізна 2 з паловай тысячы чалавек. Некаторыя чачэнскія атрады складаюцца ўсяго толькі з аднаго снайпэра, аднаго аўтаматчыка і аднаго байца з гранатамётам.

Расейскае вайсковае камандваньне сьцвярджае, што ў аўторак былі забітыя прынамсі 100 чачэнскіх байцоў пры абмежаваных стратах з расейкага боку. Аднак, зьвесткі з расейкага боку былі адпрэчаныя чачэнцамі, якія настойваюць на тым, што расейскія атакі былі адбітыя зь вялікімі стратамі для нападнікаў.

Захад асуджае расейскі наступ у Чачні. Некаторыя заходнія аналітыкі, аднак, ідуць у сваіх ацэнках яшчэ далей. "Некаторыя камэнтатары сьцьвярджаюць нават, што ідзецца аб вайсковай дыктатуры ў Маскве", – піша сёньняшняя "Уол Стрыт джорнэл". Галоўны кандыдат ад рэспубліканскай партыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах Джордж Буш лічыць, што Расея й камуністычны Кітай блізкія духам. І што вайна ў Чачні азначае вяртаньне ў 1980-ы год — яшчэ да перабудовы, галоснасьці ды пераможнай антыкамуністычнай рэвалюцыі ў жніўні 91-га.

У сувязі з гэтым "Уол стрыт джорнэл" прапаноўвае, аднак, узгадаць час, калі дэмакратычныя краіны могуць весьці каляніяльныя войны, альбо войны супраць сэпаратыстаў цалкам бязьлітасна. Індыя ў Кашміры, Шры Ланка ў Тамільскай правінцыі, Францыя ў Алжыры, Поўнач супраць Поўдня ў грамадзянскай вайне ў ЗША, Ізраіль у Ліване – усеы яны ўжывалі тактыку "спаленай зямлі" і несьлі цяжкія страты грамадзянскаму насельніцтву. Хаця Крэмль і лічыць погляд НАТО на бамбаваньне Сэрбіі мадэльлю ягонай вайсковай апэрацыі ў Чачні, стратэгія Расеі хутчэй перанятая з 15-гадовай апэрацыі Турэччыны супраць курдскіх сэпаратыстаў, у часе якой былі зьнішчаныя 3000 паселішчаў, альбо з ізраільскіх татальных бамбаваньняў Заходняга Бэйруту ў 82-м годзе.

Гэтыя прыклады не здымаюць адказнасьці з расейскіх вайскаводаў і палітычнага кіраўніцтва за барбарскія паводзіны ў Чачні. Гэта толькі пацьвярджае прынцып тварцоў амэрыканскае палітыкі: дзяржава можа выкарыстоўваць брутальныя мэтады ў барацьбе супраць тэрарызму ды сэпаратызму, і заставацца пры гэтым дэмакратычнай.

"У той самы час, – падкрэсьлівае ў сваім камэнтары "Уол Стрыт джорнэл", – належыць больш актыўна процістаяць спробам Расеі празьмерна ўплываць на былыя савецкія рэспублікі; спробам усталяваць манаполію над рэгіёнамі, дзе здабываецца нафта, альбо над нафтаправодамі; спробам дзяржаўнай дэмпінгавай палітыкі ў продажы сталі ў Амэрыку, Эўропу ды Азію.
Урэшце, мы павінныя асудзіць і, паводле неабходнасьці, абмежаваць бамбаваньне расейцамі мірнага насельніцтва, нелегальны экспарт ядзерных тэхналёгіяў, вайсковы ды прамысловы шпіянаж", – піша ў газэце "Уол Стрыт Джорнэл" дырэктар расейскага аддзелу Інстытуту "Амэрыкэн энтэрпрайсіс"
Ліон Арон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG