Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дзякуючы дапамозе гуманітарных арганізацыяў заходніх краінаў, летась у Беларусь было пастаўлена грузаў амаль на 42 мільёны даляраў. Больш як 58 тысячаў дзяцей пабывалі на аздараўленьні на Захадзе.

Гэтыя лічбы прывёў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі дырэктар Дэпартамэнту па гуманітарнай дапамозе Віктар Кучынскі. Паводле ягоных словаў, лідэрам у справе запрашэньня беларускіх дзяцей на адпачынак стала Італія – там пабывалі больш як 24 тысячы чалавек. Далей ідуць Нямеччына, Гішпанія, Вялікабрытанія, Ірляндыя, Аўстрыя й Славаччына. Праўда Кучынскі адзначыў, што падобнага аздараўленьня патрабуюць больш як 400 тысячаў дзяцей, а замежныя арганізацыі ды грамадзяне прынялі толькі 58 тысячаў.

Цікава, што разам зь дзецьмі за мяжу выяжджалі 10 тысячаў выхавацеляў, лекараў і перакладнікаў, якія паводле словаў Кучынскага, таксама паправілі здароўе.

Летась заходнія краіны прынялі на 5,2 адсоткі беларускіх дзяцей менш, чым у 98-м годзе. Гэта Кучынскі зьвязвае з тым, што Эўропа прымала шмат альбанскіх і сэрбскіх уцекачоў зь Югаславіі.

У 1999 годзе Беларусь прыняла 1842 гуманітарныя грузы коштам 42 мільёны даляраў. Асноўнымі пастаўшчыкамі гуманітарных лекаў, мэдычнага абсталяваньня, адзеньня, харчовых прадуктаў сталі Нямеччына й Злучаныя Штаты, якія адправілі ў Беларусь грузаў адпаведна на 18 мільёнаў 900 тысячаў і 13,5 мільёнаў даляраў.

Прычым, гаворачы пра амэрыканскую дапамогу, Кучынскі падкрэсьліў, што гуманітарныя грузы даслаў не ўрад ЗША, а простыя амэрыканцы. Такія, як кіраўнік дабрачыннай арганізацыі "Сіці Хоўп Інтэрнэшнал", пратэстанцкі пастар Пол Мор, які толькі два тыдні таму прывёз у Беларусь дапамогі на 4 мільёны даляраў.

Цікава, што пад час усёй справаздачы шэфа гуманітарнага Дэпартамэнту ні разу ня згадвалася Расея. Як тлумачаць супрацоўнікі ведамства спадара Кучынскага, дапамога хаўрусьніцы зьяўляецца проста мізэрнай і Дэпартамэнт яе ня ўлічвае.

Паказальна, што аб'ём гуманітарных грузаў з Захаду амаль у два разы перавышае увесь леташні бюджэт беларуска-расейскага Хаўрусу, які склаў летась 800 мільёнаў расейскіх рублёў, ці каля 29 тысячаў даляраў.

XS
SM
MD
LG