Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч

Беларусь у эўрапейскім кантэксьце, міжнародная супольнасьць і правы чалавека ў Беларусі, пэрспэктывы беларуска-расейскай інтэграцыі з улікам новай палітычнай рэальнасьці – на гэтыя тэмы Вольга Караткевіч гутарыць з дырэктарам польскага Інстытуту Ўсходніх дасьледваньняў Маркам Карпам…

(Караткевіч: ) "Палітыка сучаснай Эўропы ў дачыненьні да Беларусі, спроба наладзіць дыялёг у Беларусі і, тым ня менш, непрызнаньне прэыздэнта Беларусі ў якасьці легітымнага прэзыдэнта – на вашую думку, чым тлумачыцца такая гнуткая палітыка Эўропы?"

(Карп: ) "Я думаю, што тут мы маем дачыненьне з пэўным канфліктам, які падзяляе сьвет. Да паловы 20-га стагодзьдзя Эўропай кіравалі палітычныя інтарэсы дзяржаваў. У апошнія гады правы чалавека ўвайшлі ў герархію дэмакратычных каштоўнасьцяў. Зараз паўстаў канфлікт, якая герархія правоў ёсьць найважнейшай: ці тая старая – "сувэрэннасьць дзяржавы" і "добра томку ў сваім домку", ці наадварот – агульныя каштоўнасьці сьвету. І мы маем такі прыклад: з аднаго боку ў дачыненьні да прэзыдэнта Беларусі ўжываюць тыя нормы, якія зьяўляюцца нармальнымі нормамі заходняга сьвету, а цяпер і цэнтральнай Эўропы. З другога боку, такі падыход – не да ўсіх краінаў. Чаму да Лукашэнкі? А да кітайцаў – не, да Расеі з Чачнёй – не, да Мілошавіча з Косавым – так.

Тут – расклад сілаў. Беларусь не зьяўляецца важным для Эўропы пунктам, таму можна караць прэзыдэнта, які гэтыя правілы ламае. А кітайцам можна гэта дэ-факта дараваць. Што да гэапалітычнага становішча, то тут ёсьць гэапалітычны аспэкт – Беларусь у цэнтры Эўропы ёсьць элемэнтам, без якога дасканалую Эўропу цяжка сабе ўявіць. І гэта вымагае, каб у Беларусі працавалі эўрапейскія нормы. Тое, што дазволена Ніязаву, Карымаву, Ельцыну, то Лукашэнку хутчэй не…"

(Караткевіч: ) "Цяперашняя расейская палітыка, "кандыдат нумар адзін", як яго называюць у Расеі, Уладзімер Пуцін і дачыненьні з Беларусяй – на думку польскага боку, як яны будуць развівацца?"

(Карп: ) "Палітычная кар'ера прэм'ера Пуціна паўстала, дзякуючы перамозе сродкаў масавай інфармацыі ў інфармаваньні пра Чачню. Спадзяюся, ён ня будзе змушаны выкарыстоўваць той шлях, які ўжо тройчы выкарыстоўвалі Лукашэнка і Ельцын – чарговага разу адбудоўваць Савецкі Саюз з дапамогай далучэньня Беларусі. Пуцін значна больш прагматычная асоба ў параўнаньні зь Ельцыным. Дзякуючы розьніцы пакаленьняў, ён менш прасякнуты канонам ідэальнага тэрытарыяльнага тыпу межаў. Будзе меньш тэатральных жэстаў".

(Караткевіч: ) "У Беларусі зьнікаюць людзі – можа нават іх забіваюць з палітычных матываў, адсутнічае свабода слова, не разьвіваюцца дэмакратычныя інстытуцыі, недзяржаўныя арганізацыі ня могуць прайсьці перарэгістрацыю. Якая можа быць апошняя кропля таго што робіць Лукашэнка, каб Эўропа, сьвет больш жорстка выказаў сваю пазыцыю".

(Карп: ) "Гэта ўсё праўда, і гэта мае вельмі кепскі ўплыў на сытуацыю ў Беларусі. Але я думаю, што да гэтай апошняй кроплі яшчэ вельмі далёка. Бо колькі крыві цяпер ліецца ў Чачні, што непараўнальна з тым, што адбывалася ў Косаве – а рэакцыя абсалютна іншая. Няма рэакцыі. Хаця вядома: пакуль Пуцін ня стане прэзыдэнтам, няма прычыны завяршаць чачэнскую вайну. Бо яна павінна прынесьці перамогу кандыдату Пуціну. І мы павінны пагадзіцца з тым, што, апроч зьнікненьня людзей, у Беларусі, на шчасьце, да экстрэмальнай сытуацыі далёка і не заўсёды гэтая экстрэмальная сытуацыя выклікае рэакцыю".

(Караткевіч: ) "А ці будзе Польшча і надалей пачувацца адносна камфортна, калі ў Беларусі будзе паглыбляцца палітычны, эканамічны, сацыяльны крызыс, і калі цяперашнія ўлады ня спыняць інтэграцыйную палітыку з Расеяй?"

(Карп: ) "Польшча аддаўна не адчувае сябе камфортна, ведаючы сытуацыю ў Беларусі. Беларусь, як і Ўкраіна, для Польшчы зьяўляюцца вельмі важнымі прыярытэтамі. Інструмэнты нашага ўплыву не вялікія. Польскі ўрад няшмат можа зрабіць, а значна болей робяць няўрадавыя арганізацыі. Таксама і ўрад наш выказваў ня раз сваё нэгатыўнае стаўленьне – што да недатрыманьня стандартаў. Прыклады Косава і Чачні паказваюць, што мы тут знаходзімся ў нейкай сярэдняй гэаграфіі. Наш міністар замежных справаў і прэзыдэнт ня раз гаварылі пра гэта".

(Караткевіч: ) "І такое пытаньне: паводле польскіх навукоўцаў, спэцыялістаў, якія арыентуюцца ў беларускай сытуацыі – якая ёсьць сіла ў Беларусі, хто гэтая сіла, хто можа быць супрацьвагой Аляксандру Лукашэнку?"

(Карп: ) "Праўду кажучы, я такой арганізаванай сілы ня бачу – прынамсі, не сырод апазыцыйных палітыкаў. Яны ацэньваюць сталы электарат Лукашэнкі ў 20 працэнтаў. Я думаю, што ён большы. 20 працэнтаў мае кожны дыктатар. Кожны дыктатар мае падтрымку спэцслужбаў, войскаў, сем'яў, адміністрацыйных работнікаў. Лукашэнка мае яшчэ падтрымку малых гарадоў. Ніжэйшыя пласты грамадзтва шчыра яго падтрымліваюць. Ня ведаю, як доўга гэта працягнецца, але гэта не зьвязана з эканамічнай сытуацыяй. Што яшчэ больш дзіўнае – трываласьць гэтай падтрымкі".

(Караткевіч: ) "Калі б вы рабілі прагноз для польскіх эканамістаў, палітыкаў, бізнэсоўцаў – на вашую думку, як доўга будзе заставацца ў Беларусі такая сыстэма ўлады?"

(Карп: ) "Цяпер у Беларусі гаспадарчы крызыс вельмі хутка паглыбляецца. Але гэта ня значыць, што ён скаціцца ў багну. Цярплівасьць і самадастатковасьць беларускага грамадзтва амартызуе вынікі крызысу. Невядома, як Пуцін зможа даваць энэргію Беларусі? Ці здолее ён схіліць незалежныя газавыя і нафтавыя канцэрны даваць энэргарэсурсы ў крэдыт ці бясплатна? Ці захоча ахвяраваць ён грашыма дзеля гэапалітыкі?"

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG