Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Нягледзячы на прымус з боку ўладаў, менскія прадпрыймальнікі неахвотна здаюць грошы на харчовае збожжа дзеля забесьпячэньня насельніцтва хлебам. Кампанія, з дапамогаю якой улады разьлічвалі кампэнсаваць дэфіцыт збожжа, не прынесла прыкметнага плёну.

Прымусова сабраныя з прадпрыймальнікаў сумы сьціплыя нават паводле беларускіх мерак. Як паведамілі нашаму радыё ў Менскім тэрытарыяльным камітэце прадпрыймальніцтва ды інвэстыцыяў, на сёньняшні дзень бізнэсоўцы пералічылі 5100 даляраў і 1000 нямецкіх марак на валютны рахунак, і 3700 тысячаў дэнамінаваных беларускіх рублёў – на звычайны.

Гаворыць начальнік аддзелу камітэту Ўладзімер Лабанаў: "Мы асабіста зьвярталіся да прадпрыймальнікаў, прасілі іх пералічыць грошы – і яны пералічвалі. На нашыя просьбы было вось столькі пералічана", – патлумачыў Уладзімер Лабанаў.

Кампанія збору сродкаў на закупку збожжа дзеля патрэбаў Менску доўжыцца ўжо каля двух месяцаў. Першапачаткова ўлады выступілі з заклікам да прадстаўнікоў недзяржаўнага сэктару зьбіраць грошы ў дабрахвотным парадку. Аднак неўзабаве ў Свабодны прафэсійны зьвяз Беларусі пачалі паступаць іншыя зьвесткі. Гаворыць старшыня прафэсійнага зьвязу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) "Чаму да нас зьвярнуліся прадпрымальнікі? Па-першае, бо ёсьць прафсаюзы прадпрымальнікаў. Ім не далі асобна зарэгістравацца міністэрства юстыцыі і Вярхоўны суд. Таму вось яны аформіліся праз Свабодны прафсаюз. Яны зьвярнуліся да нас, бо ў нас ёсьць юрысты, эканамісты".

(Карэспандэнт: ) "Генадзь Аляксандравіч, а як на самой справе адбываўся збор грошай? У дабраахвотным парадку?"

(Быкаў: ) "Рабілася гэта так. Калі здаеш грошы, тады атрымліваеш месца на 2000 год, не здаеш грошы – будзеш мець праблемы. А для прадпрымальніка, які ўжо некалькі год корміцца з гэтага і корміць сваю сям'ю, лепш аддаць 50 даляраў і працаваць. Бо кожны хоча, каб было лепш. Вось і нясуць "дабраахвотна". Калі казаць чалавечай мовай, гэта – дзяржаўны рэкет ці бандытызм".

Свабодны прафэсійны зьвяз паспрабаваў абараніць прадпрыймальнікаў ад дзяржаўнага рэкету. Быў напісаны ліст у гарадзкую пракуратуру. Днямі, паведаміў Генадзь Быкаў, яны атрымалі адказ. Пракурор гораду Мікалай Купрыянаў патлумачыў, што ў яго няма падставаў дзеля службовага рэагаваньня. Паколькі, маўляў, рашэньне Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту не прадугледжвае абавязковага пералічэньня прадпрыймальнікамі грошай.

Цяперашні дэфіцыт збожжа ў цэлым па краіне ацэньваецца экспэртамі прыблізна ў два мільёны тонаў. Між тым, на сабраныя сталічнымі бізнэсоўцамі сумы можна набыць меней за 100 тонаў харчовае пшаніцы. На фоне агульных патрэбаў гэта – кропля ў моры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG