Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

(эфір 19 студзеня)
Зь незвычайнай просьбай зьвярнулася ў Беларускі Гэльсінскі камітэт грамадзянка Ўкраіны Галіна Ткачэнка. Яна просіць праваабаронцаў дапамагчы ёй захаваць жыцьцё ейнай дачкі, якая цяпер – пасьля нараджэньня дзіцяці – знаходіцца ў цяжкім стане ў Берасьцейскім гарадзкім шпіталі.

Пра гісторыю пакутаў сваёй дачкі жыхарка ўкраінскага места Ковель Галіна Ткачэнка паведаміла прадстаўнікам Беларускага Гэльсінскага камітэту ў Берасьці. Зь ейных словаў вынікае, што дачка Ала, якая апошнім часам стала жыве ў Беларусі, але, як цяжарная, была ўзятая на ўлік у родным месьце Ковелі, напрыканцы мінулага году прыехала ў Берасьце да свайго мужа. Менавіта тут у Алы Тарасюк распачаліся роды.

Тры дні яна прабыла ў мяйсцовым радзільным доме, пасьля чаго было заяўлена, што ёй трэба альбо вызваліць ложак, альбо заплаціць 160 даляраў за далейшае знаходжаньне ў мэдычнай установе. Пры гэтым, паводле маці Алы Тарасюк, берасьцейскія мэдыкі нават не зьвярталі ўвагу на тое, што роды былі цяжкімі, і ў ейнай дачкі трымалася высокая тэмпература – да 40 градусаў. Алу Тарасюк усё ж выпісалі з радзільнага дому і прапанавалі ехаць лекавацца на Ўкраіну.

Але амаль адразу пасьля выпіскі спадарыня Тарасюк адчула сябе зусім кепска, і пасьля настойлівых прозьбаў мужа была шпіталізаваная ў Берасьцейскі вабласны шпітраль. Лекары гэтай мэдычнай установы запэўнівалі мужа Алы Тарасюк і ейную маці, якая тэрмінова прыехала з Украіны, што ніякай небясьпекі здароўю маладой парадзіхі няма. Тут Алу Тарасюк спачатку таксама адмаўляліся прымаць на лекаваньне, але ў прыёмным пакоі зь ёй здарыліся сутаргі, і яна страціла прытомнасьць. Толькі пасьля гэтага Алу адразу зьмясьцілі ў рэанімацыю.

Пазьней амаль тры гадзіны ёй рабілі апэрацыю, пасьля якой лекары пацьвердзізлі, што ў маладой маці, сапраўды, крытычны стан і ўрэшце паведамілі дыягназ: сэпсіс. Іншымі словамі, заражэньне крыві.

Пасьля апэрацыі стан здароўя Алы Тарасюк, паводле ейнай маці, істотна пагоршыўся. Маці заўважае, што тэмпература ў дачкі рэзка панізілася, і цяпер яна часам уваходзіць у кому. Пасьля гэтых выпадкаў Ала Тарасюк амаль страчвае магчымасьць разваўляць, а правы бок ейнага цела амаль цалкам спаралізаваны.

Маці – Галіна Ткачэнка – паспрабавала шукаць справядлівасьці ў вабласной управе аховы здароўя, але кажа, што там яе прынялі вельмі зьняважліва. На пярэчаньні маці, якая спрабавала даведацца, чаму яе дачку пад прымусам выпісалі з радзільнага дому і пэўны час адмаўлялі ў экстрэннай мэдычнай дапамозе, намесьнік начальніка ўправы сп.Мароз заявіў, што лекары ўсё рабілі паводле правілаў: бо існуе загад Лукашэнкі прадстаўляць бясплатную мэдычную дапамогу іншаземным грамадзянам толькі на працягу трох суткаў. Пры гэтым чыноўнік з установы аховы здароўя пазьбегнуў адказу на пытаньне Галіны Ткачэнкі, у які кошт можна ацаніць паводзіны лекараў, якія прывялі да таго, што ейная дачка цяпер фактычна зьяўляецца інвалідам.

Пасьля наведаньняы Берасьцейскага офісу БГК спадарыня Ткачэнка заявіла, што цяпер будзе зьвяртацца ў пракуратуру і дамагацца ўзбуджэньня крымінальнай справы супраць мяйсцовых мэдыкаў, дзеяньні якіх нанесьлі шкоду здароўю ейнай дачкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG