Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

Беларускі Гэльсінскі Камітэт завершыў працу над штогадовым дакладам ў пытаньні захаваньня правоў чалавека ў Беларусі. "Пачатак ІІІ тысячагодзьдзя. Беларусь. Лякальная катастрофа ў галіне захаваньня правоў чалавека" – такую красамоўную назву мае даклад, дзе аналізуецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 1999 годзе.

"Цягам 99-га году ў Беларусі па-ранейшаму ігнараваліся тры асноўныя прынцыпы разьвіцьця чалавецтва: дэмакратыя, законнасьць, правы чалавека", – гэтымі словамі пачынаецца даклад Беларускага Гэльсінскага каміэту, які акрэсьлівае сытуацыю з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі як катастрофу. Пра гэта нашаму радыё заявіла старшыня БГК Тацяна Процька:

(Процька: ) "Мы вызначаем, што сёньня, фактычна, у нас – катастрофа правоў чалавека. Мы вызначаем, што ў нас няма мэханізма абароны гэтых правоў. Суд у нас не зьяўляецца незалежным, бо толькі суд можа ўзнавіць правы чалавека. Мы гаворым пра тое, што ў нас няма дэмакратычна абраных органаў улады, парлямэнт нелігітымны. У нас няма свабоднай інфармацыйнай прасторы".

Паводле словаў Тацяны Процькі, агульная тэндэнцыя 99-га году – кансэрвацыя катастрафічнага стану з палітычнымі правамі: колькасьць палітвязьняў павялічылася, што ілюструе адсутнасьць незалежнага суду; палітычныя апанэнты ўладаў пачалі проста зьнікаць; забароны на масавыя акцыі насілі татальны характар; перарэгістрацыя партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафэсійных зьвязаў увяла дазваляльны прынцып існаваньня гэтых арганізацыяў:

(Процька: ) "Мы ў сваім дакладзе кваліфікуем гэты рэжым, як аўтарытарны з элемэнтамі таталітарных структураў. Разгляд вось гэтых палітычных правоў і свабод, ён ідзе ў аспэкцет такой характарыстыкі нашай дзяржавы".

Тацяна Процька паведаміла, што ўпершыню ў дакладзе зьявіўся разьдзел, прысьвечаны зьнікненьню людзей, што названа "новай нэгатыўнай з'явай у 99 годзе".

Зьнікаюць ня толькі палітычныя апанэнты цяперашніх ўладаў, але й простыя грамадзяне. Паводле дадзеных, што фігуруюць у дакладзе, у 99 годзе засталіся ня знойдзенымі больш за 1,5 тысячы грамадзянаў.

Яшчэ адной новай часткаю дакладу стаў разьдзел "Пагроза беларускай дзяржаўнасьці", які прысьвечаны дыскрымінацыі беларусаў. Праваабаронцы занепакоеныя тым фактам, што аб'яднаньне Беларусі й Расеі праводзіцца на тле працэсаў у кірунку вынішчэньня нацыянальнае самасьвядомасьці. Такім чынам парушаюцца правы некалькіх мільёнаў беларусаў:

(Процька: ) "Наш народ мае акрэсьленае ўсьведамленьне, што яны беларусы. Больш за 80 працэнтаў вызначылі, што яны беларусы. Што іх родная мова – беларуская, і што мы маем у рэальнасьці? Скарачэньне ўжываньня беларускай мовы ва ўсіх галінах. Скарачэньне колькасці беларускіх школаў і пагроза беларускаму сувэрэнітэту".

У асобным разьдзеле дакладу аналізуецца захаваньне сацыяльна-эканамічных і культурных правоў: "У 1999 годзе працягвалася падзеньне ўзроўню жыцьця, паглыбіўся сыстэмны крызыс ва ўсіх галінах жыцьця гармадзтва, сьмяротнасьць перавысіла нараджальнасьць. Паводле афіцыйных дадзеных, колькасьць жыхароў Беларусі паменшылася больш чым на 10 тысячаў чалавек".

У дакладзе згадваецца, што ў Беларусі не працуе інстытут прыватнае ўласнасьці, а дэкрэт № 40 аб канфіскацыі вынішчыў нават ілюзію магчымасьці йснаваньня гэтага інстытуту.

Падсумоўваючы асноўныя палажэньні дакладу, Тацяна Процька прыгадала словы дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлэн Олбрайт, якая назвала Беларусь адной з краінаў, дзе "правы чалавека й дэмакратыя па-ранейшаму ілюзорныя". Беларусь патрапіла ў сьпіс краінаў, дзе сур'ёзна абмяжоўваюцца правы чалавека. Яна стаіць у адным шэрагу з Аўганістанам, Бірмаю, Іракам, Кітаем, Кубаю і Суданам.

Даклад Беларускага Гэльсінскага камітэту будзе накіраваны ў Вену, у штаб-кватэру Міжнароднае Гэльсінскай фэдэрацыі, у АБСЭ, Раду Эўропы ды ААН. Афіцыйныя прэзэнтацыя дакладу ў Беларусі адбудзецца напачатку лютага.

XS
SM
MD
LG