Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Сёньня выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што Беларусь паводле свайго разьвіцьця апярэджвае Расею. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пуціна прызначаная на наступны тыдзень…

У Крамлі любяць ванільныя сыркі зь Беларусі. Сёньня на пасяджэньні расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін сказаў, што Расея на 71 месцы ў сьвеце, а нават Беларусь, пра аб"яднаньне зь якой вядзецца столькі дыскусіяў у грамадзтве, займае 70 месца. Пуцін заклапочаны нізкімі даходамі, станам здароўя, працягласьцяй жыцьця расейцаў. Кіраўнік Расеі хацеў бы, каб людзі ў ягонай краіне жылі лепш – заклапочанасьць зразумелая з пункту гледжаньня палітычных плянаў кандыдата ў прэзыдэнты, ды і чыста па-чалавечы: усе людзі, у тым ліку і расейцы, паівнны на пачатку 21 стагоддзя жыць лепш, чым жылі ў крывавым 20-м.

Наўрад ці амбіцыі Пуціна сягаюць толькі на адно месца ва ўздыме Расеі ва ўсясьветнай шкале заможнасьці. Выбар Беларусі ў якасьці прыкладу насамрэч сьведчыць пра некалькі рэчаў. Першая – напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ідэя аб'яднаньня зь Беларусяй, магчыма, падаецца расейскаму кіраўніцтву не такой эканамічна бязглуздай, як спрабуюць прадставіць экспэрты у Раасеі і сьвеце, калі гавораць пра несумяшчальнасьць дзmвюх эканомікаў – савецка-калгаснай у Беларусі і рынкава-крыміналізаванай у Расеі. Беларуская статыстычная прапаганда апошніх гадоў дае плён. У апошнім нумары "Парламентской газеты" міністар у справах СНД Драчэўскі прызнаўся, што любіць ванільныя сыркі, якія ў Беларусі таньнейшыя за расейскія. Але гэта хіба справа густу.

Па-другое, у параўнаньні Пуціна гучыць і лёгкая зьнявага – маўляў, нават Беларусь нас апярэдзіла, як ні сорамна так нізка апускацца.

І трэцяе, магчыма, самае істотнае – для Пуціна даволі блізкія адміністратыўна-паліцэйскія меры, якімі рэгулюецца жыцьцё ў Беларусі. Яго не адштурхоўваюць мэтады беларускага кіраўніка, ягоныя спосабы вырашэньня эканамічных і палітычных задач: вайна у Чачні і імклівы хаўрус з камуністамі ў новай Думе сьведчаць, што аўтар пагрозы чачэнцам "будзем мачыць у сарціры" блізкі аўтару пагрозы бізнэсмэнам "вашывыя блохі" – і ня толькі стылістычна.

Як пісаў Бюфон, "стыль – гэта чалавек".

XS
SM
MD
LG