Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працэс над экс-прэм'ерам Беларусі Міхалам Чыгіром сёньня аднавіўся і зноў быў перапынены да 31 студзеня. Судзьдзі задаволілі хадайніцтва абароны даць дадатковы час на азнаямленьне са справаю. Між тым, нявырашаным засталося пытаньне аб прадастаўленьні для вядзеньня працэсу больш прасторнае судовае залі...

Сёньняшняе судовае паседжаньне ў справе Міхала Чыгіра пачалося з учорашніх праблемаў. Ізноў жадаючых трапіць у залю аказалася больш за вольных месцаў. Ізноў гэта было відавочна ўжо за паўгадзіны да пачатку паседжаньня, але адміністрацыя Менскага гарадзкога суду нічога не зрабіла, каб не даводзіць справу да канфлікту.

Больш за тое, сёньня ўваход у будынак суду ахоўвалі ужо не пяць, а пятнаццаць міліцыянтаў, столькі ж несьлі варту на лесьвіцах і ў калідорах.

Нават службовыя пасьведчаньні не дапамаглі шмат каму з журналістаў: за дзесяць хвілінаў да пачатку паседжаньня суд фактычна зачынілі – маўляў, у зале няма месцаў. Некалькі дзясяткаў прыхільнікаў Чыгіра засталіся чакаць вынікаў на марозе, абмяркоўваючы ў тым ліку й тое, колькі каштуе бюджэту такая ахова суда ад грамадзянаў.

Каб вырашыць гэтую нескладаную задачу, я падышоў з дыктафонам да міліцыянта, які камандаваў аховаю будынка.

(Карэспандэнт: ) "Колькі каштуе ваш працоўны дзень?"

(Падпалкоўнік: ) "По данному вопросу обратитесь в СЭУ, Бетонный проезд, 3, наше экономическое управление, УВД Мингорисполкома. Вам полные расценки по новому тарифу скажут. Пока ещё на сегодняшний день я нового тарифа и новой зарплаты не знаю".

(Карэспандэнт: ) "А колькі ў вас зараз у падпарадкаваньні міліцыянтаў?"

(Падпалкоўнік: ) "По мере необходимости".

(Карэспандэнт: ) "Ну сёньня ёсьць 20, 30?"

(Падпалкоўнік: ) "Не считал".

(Карэспандэнт: ) "Можа таньней было б арандаваць нейкую залю вялікую, заплаціць за памяшканьне, і ўсё".

(Падпалкоўнік: ) "Согласен с вами"

(Карэспандэнт: ) "А вы можаце прадставіцца?"

(Падпалкоўнік: ) "Я подполковник милиции УВД горисполкома…"

Падпалкоўнік, як вы зразумелі, так і не назваў свайго прозьвішча. А тым часам у той жа судовай зале на трэцім паверсе пачалося паседжаньне.

Абаронца экс-прэм'ера Юлія Чыгір адразу заявіла пратэст супраць абмежаваньня доступу грамадзянаў на працэс, які быў абвешчаны адкрытым, і запатрабавала забясьпечыць наўпроставую трансьляцыю з залі.

Чаму абарона лічыць гэтае пытаньне прынцыповым, Юлія Чыгір патлумачыла нашаму радыё наступным чынам.

(Ю. Чыгір: ) "Аляксандар Лукашэнка на працягу года абвінавачваў майго мужа ў тым, што ён абакраў Беларусь. Я хачу, каб той народ, якому ён пра гэта гаварыў, сам быў сьведкам гэтага працэсу. Прамая трансляцыя па БТ, прамая трансляцыя па радыё. Я думаю, што калі б была прамая трансляцыя па радыё, то многія з тых, хто сёньня стаіць пад дзьвярыма, сядзелі б дома".

Гэта была абаронца экс-прэм'ера Юлія Чыгір.

Усьлед за ёй з хадайніцтвамі да суду зьвярнуліся адвакаты Лемеш, Паганяйла й сам падсудны Чыгір. Яны папрасілі суд зьвярнуцца з запытамі па неабходную інфармацыю ў банкаўскія і міліцэйскія ўстановы, а галоўнае, даць дадатковы месяц на азнаямленьне са справаю Барысу Гюнтару, якога суд дапусьціў да удзелу ў працэсе ў якасьці прадстаўніка праваабарончага Цэнтру "Вясна". Гэтае хадайніцтва суд часткова задаволіў, патраціўшы на нарады ледзь не гадзіну. Дзеля дадатковага вывучэньня справы ён адвёў дзесяць дзён.

Вось як ацаніў гэтае рашэньне Міхал Чыгір…

(Чыгір: ) "Крымінальная справа мае 18 тамоў і далі да 31-га. Ёсьць жа вхадныя дні. Калі суд не працуе. Застаецца колькі там, 5 ці 6 дзён. За 6 дзён пазнаёміцца з крымінальнай справай, якая мае 18 тамоў, а ў кожным томе 300-400 старонак тэксту. Я думаю, што ў такія короткія тэрміны гэта амаль немагчыма. Я ведаў адразу, што Багданкевіча не дапусьцяць, бо Багданкевіч вельмі добра ведае банкаўскую справу, і ўсё, што напісана ў дакумэнтах сьледчых, магло б быць абвергнута Багданкевічам вельмі рэзка".

Такім чынам, на новае паседжаньне суд зьбярэцца 31 студзеня. Зьбярэцца ў той жа зале, паколькі судзьдзя Васілевіч не пажадаў дамагчыся больш прасторнага памяшканьня.

XS
SM
MD
LG