Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 18 студзеня)
Ад сёньняшняга дня газэта адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі "Советская Белоруссия" набыла новы імідж – пачала выходзіць з каляровымі ілюстрацыямі. Шматмільярдны праэкт цалкам фінансуецца за кошт падаткаплацельшчыкаў, бо цана выданьня засталася па-ранейшаму нізкай – 30 рублёў за асобнік.

Наклад газэты "Советская Белоруссия" сёлета перавысіў 450 тысячаў асобнікаў. У значнай ступені гэта дасягнута за кошт нізкай падпісной цаны, вялікага аб'ёму і прымусовай падпіскі, якой займаецца мясцовая ўладная "вэртыкаль".

Пасьля таго, як газэта пры той жа нізкай цане стала каляровай, наклад яе, верагодна, узрасьце яшчэ больш. Якраз гэтую мэту ставіць перад рэдакцыяй адміністрацыя Лукашэнкі, якая адводзіць "Советской Белоруссии" прыкметную ролю ў прапагандысцкай апрацоўцы грамадзтва.

Намесьнік галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Зьміцер Маліноўскі кажа, што бліжэйшым часам аб'ём газэты павялічыцца. Маліноўскі сьцьвярджае, што «Советская Белоруссия» імкнецца да ўсясьветных стандартаў, і менавіта гэтым выкліканы пераход на каляровы друк. Праўда, пакуль каляровыя нумары будуць атрымліваць толькі ў Менску.

На пытаньне пра крыніцы фінансаваньня каляровага выпуску Зьміцер Маліноўскі не адказаў. Маўляў, гэта не ягоная кампэтэнцыя. Спробы даведацца пра фундатараў зь іншых крыніцаў таксама былі беспасьпяховымі.

«Советская Белоруссия», як і іншыя дзяржаўныя выданьні, стратная і фінансуецца з кішэні падаткаплацельшчыкаў. Паводле некаторай інфармацыі, толькі ў першым квартале летась ворган адміністрацыі Лукашэнкі атрымаў каля 5 мільярдаў рублёў. Гэта дазваляе ўтрымліваць цану на нізкім узроўні, што недаступна для недзяржаўных выданьняў.

Зьміцер Маліноўскі не выключае, што цана на газэту можа быць падвышаная. Сёньня ж кошт каляровай «Советской Белоруссии» не зьмяніўся – 30 дэнамінаваных рублёў. Для параўнаньня: нумар «Народнае Волі» каштуе 35 рублёў, «Белорусской деловой газеты» – 40, тыднёвіка «Белорусский рынок» – 100 рублёў.

Зьяўленьне каляровага нумару «Советской Белоруссии» і, у зьвязку з гэтым, магчымыя зьмены на газэтным рынку камэнтуе сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер Дзюба:

(Дзюба: ) Тое, што СБ выйшла ў каляровым выгладзе – я лічу нармальным: яна стала больш прывабнай зьнешне. Іншае пытаньне – што хаваецца за гэтай афарбоўкай, за ўпакоўкай. Я думаю, зьмест газэты, яе накірунак у сэнсе палітычнай заангажаванасьці ня зьменіцца. Мяне дзівіць, што гэта ўспрыймаецца, як сэнсацыя – гэта падкрэсьлівае, што наш пэрыядычны друк цягнецца ў хвасьце. А адносна таго, ці зробіць гэтая газэта канкурэнцыю – я думаю, што гэтага не адбудзецца, таму што ў незалежнай прэсы ёсьць пэўнае кола чытачоў. Да таго ж шмат хто з грамадзянаў хоча атрымліваць усебаковую, даставерную інфармацыю, чаго ў палітычна заангажаванай афіцыйнай прэсе няма.
- гаварыў Уладзімер Дзюба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG