Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня стала вядома, што заплянаваная на 21 студзеня рэспубліканская нарада ў праблемах аграпрамысловага комплексу, якую Аляксандар Лукашэнка меўся правесьці пад час паездкі на Магілёўшчыну, адкладваецца.

Паводле ўрадавых крыніцаў, нечаканыя карэктывы, унесеныя ў праграму магілёўскай паездкі, тлумачацца тым, што Лукашэнка спачатку хоча дэталёва разабрацца з дрэннай працаю магілёўскіх "вэртыкальнікаў".

У Міністэрствы сельскай гаспадаркі й харчаваньня адтэрміноўка нарады ўспрынятая з палёгкаю. Чыноўнікі перасталі мітусіцца, бо новая дата паседжаньня яшчэ не абвешчаная. Мяркуецца, што нарада можа адбыцца й праз тыдзень, і праз два, але ўжо ў Менску.

Але міністар Юры Мароз пад час магілёўскага ваяжу Лукашэнкі ўсё ж будзе трымаць перад ім справаздачу. Дэградацыя АПК на Магілёўшчыне асабліва ўражвае. 347 яе гаспадарак маюць вялізарную фінансавую запазычанасьць – траціна гадавога аабласнога бюджэту.

Якраз фінансавыя праблемы вёскі меркавалася зрабіць цэнтральнай тэмаю нарады. У мінулы чацьвер Прэзыдыум Савету міністраў выказаўся за фінансавыя пераўтварэньні. У прыватнасьці, Лукашэнку прапанавана падпісаць указ аб пераафармленьні грашовае запазычанасьці калгасаў і саўгасаў у беспрацэнтавы крэдыт. Урад таксама просіць адтэрмінаваць выплату энэргетычных запазычанасьцяў.

У асяродзьдзі адмыслоўцаў аграрнага сэктару розныя меркаваньні адносна шляхоў пераадоленьня крызысу. Напрыклад, сябра Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету 13 склікання Мячаслаў Гіруць лічыць, што спыніць цяперашні эканамічны абвал можа толькі неадкладнае ўвядзеньне рынкавага цэнаўтварэньня:

"Варта ў першую чаргу вырашаць пытаньне парытэту цэнаў на матэрыяльна-тэхнічныя тавары, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Я маю на ўвазе мінэральныя ўгнаеньні, паліва, аўтамабілі, трактары, запчасткі й гэтак далей. І, з другога боку, адпусьціць закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Рэч у тым, што якраз цяперашнія закупачныя цэны робяць сельскую гаспадарку стратнай. Прыярытэтнасьць гэтага кроку відавочная. Дайшло да таго, што сёньня развальваюцца фэрмэрскія гаспадаркі, бо закупачныя цэны не кампэнсуюць і ў іх выдаткаў на прадукцыю", – лічыць Мячаслаў Гіруць.

Паводле ягоных словаў, варта даць сельгасвытворцам эканамічную свабоду, распачаць рэфармаваньне калгасаў і саўгасаў.

У атачэньні Лукашэнкі цяпер таксама ўсё больш настойліва гучаць галасы ў падтрымку ідэі рэформаў і скасаваньня цэнавага дыспарытэту. Адна з прапановаў – забясьпечыць 20-адсоткавую рэнтабельнасьць гаспадарак, дзеля чаго неабходная радыкальная зьмена цяперашняй цэнавай палітыкі.

Зразумела, такое новаўвядзеньне імгненна прывядзе да таго, што значна падаражэюць харчовыя прадукты. А гэта здольна йстотна паўплываць на грамадзкія настроі, чаго вельмі баіцца Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG