Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Улады Беларусі распачалі падрыхтоўку да правядзеньня ў Менску пасяджэньня міжрэгіянальнай асацыяцыі "Цэнтральная Расея". Аб'яднальныя пражэкты Аляксандра Лукашэнкі яшчэ не ажыцьцёўленыя, але чыноўнікі паводзяць сябе так, быццам Беларусь ужо стала часткаю расейскай імпэрыі.

У асацыяцыю "Цэнтральная Расея" ўваходзяць шаснаццаць расейскіх рэгіёнаў у васноўным так званага "чырвонага поясу". Узначальвае яе губэрнатар Яраслаўскае вобласьці Анатоль Лісіцын – той самы, які падтрымаў Аляксандра Лукашэнку пад час скандалу вакол справы Шарамета, калі беларускага кіраўніка не пусьцілі зь візытам у гэтую вобласьць.

Менавіта ад Лісіцына год таму прагучала прапанова аб далучэньні Беларусі да асацыяцыі "Цэнтральная Расея". Беларусь і далучылася – чатырма вобласьцямі, акрамя Берасьцейскай і Гарадзенскай. Пададзена гэта было афіцыйнай прапагандаю як чарговы крок дзеля інтэграцыі.

З таго часу пра асацыяцыю ўзгадвалі рэдка. Больш рэдкімі сталі й паездкі Лукашэнкі ў расейскія рэгіёны. Відавочна, што гэтыя паездкі не прыносяць жаданага эканамічнага эфэкту, бо ў Беларусі няма валюты, а па бартэру нават сябры-губэрнатары ня хочуць гандляваць. Ды й палітычная кан'юнктура не спрыяе плянам Лукашэнкі на крамлёўскі стол.

Правядзеньне ў Менску пасяджэньня асацыяцыі "Цэнтральная Расея" – новая спроба Лукашэнкі прыцягнуць да сябе ўвагу, ужо як аднаго зь лідэраў будучае хаўруснае дзяржавы. Буйныя інтэграцыйныя акцыі для яго, верагодна, цяпер больш выгадна праводзіць у Менску.

Пасяджэньне заплянаванае на 12 лютага. Ужо створаны арганізацыйны камітэт, які ўзначаліў віцэ-прэм'ер, ён жа паўнамоцны прадстаўнік Беларусі ў выканаўчых структурах хаўрусу Беларусі й Расеі Леанід Козік.

Мяркуецца, што пасяджэньне будзе праходзіць на працягу некалькіх дзён, з наведваньнем буйных прадпрыемстваў. Перад расейскімі губэрнатарамі плянуе выступіць Лукашэнка.

Магчыма, што да гэтага часу ў Маскве будзе падпісана беларуска-расейскае міжбанкаўскае пагадненьне, пра праект якога днямі Лукашэнку паведаміў старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч.

Зь яго, дарэчы, вынікае, што адзіны эмісійны цэнтар хаўрусу будзе ў Маскве.

XS
SM
MD
LG