Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прагa

Сёньня палітыкі і аглядальнікі камэнтуюць вынікі першага дня працы Рсейскай Дзяржаўнай Думы і, найперш, выбары на пасаду сьпікера Генадзя Селязнёва. Вось як ацэньвае гэтую асобу Сямён Шарэцкі. (Шарэцкі: ) "Селязьнёў – гэта рафінаваны камуніст. Рафінаваны цемрашал. Ад яго ніякай прыстойнасьці чакаць нельга. Ён можа прадаць родную маці".

Нагадаю, што некалькі дзесяткаў дэпутатаў Дзярждумы пакінулі залю паседжаньняў на знак пратэсту супраць абраньня на пасаду сьпікера Генадзя Селязьнёва і «пакетнага пагадненьня» ў справе падзелу пасадаў кіраўнікоў парляманцкіх камітэтаў.

Наогул, у парляманцкай практыцы "пакетнае пагадненьне" – звычайны і прыймальны мэтад вырашэньня кадравых пытаньняў. Пры гэтым кансэнсус дазваляе ня толькі парляменцкай большасьці, але і невялікім фракцыям мець сваіх прадстаўнікоў у кіраўнічых парляманцкіх ворганах. Аднак, вынікам пагадненьня паміж пракрамлёўскай фракцыяй "Адзінства" і камуністамі стала поўнае ігнараваньне ня толькі ліберальных, рэфарматарскіх дэпутатаў, кшталту Яўлінскага ці Кірыенкі, але і тых, хто займаў больш стрыманую ў дачыненьні да Крамля пазыцыю.

Вось як праілюстраваў крамлёўскую парляманцкую арытмэтыку дэпутат Дзярждумы, экс-прэмьер Яўген Прымакоў.

"Мы, напрыклад, — вось нашая "Айчына – уся Расея" – маем палову таго, што паводле колькасьці дэпутатаў мае кампартыя. Паводле учорашняй пастановы Дзяржаўнай Думы кампартыя атрымала дзевяць камітэтаў, а мы адзін. Вось вам і дэмакратыя"

Яшчэ больш рэзкую рэакцыю на "пакетнае пагадненьне" выклікала пераабраньне кіраўніком парляманту Генадзя Селязнёва, хаця трэба прызнаць, што шэраг аналітыкаў прадбачылі такі варыянт. З рэакцыяй палітычных аглядальнікаў на падзеі ў Дзярждуме я пазнаёмлю вас пазьней, а цяпер – ацэнка маскоўскіх падзеяў, якую выказаў па тэлефоне зь Вільні Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі.

(Шарэцкі: ) "Калі вось Пуцін пачаў пагражаць, што ён вымачыць некага там і сям, і амаль непрыстойныя словы пачаў ужываць, дык стала зразумела, што гэта да ўлады прыйшоў дыктатар, закончаны, рафінаваны дыктатар. А калі дыктатар, дык тут няма ні белых ні чырвоных, ні чорных. Усе дыктатары – яны аднаго колеру. Менавіта таму ў свой час Гітлер сышоўся са Сталіным, хоць увесь час яны не маглі быць побач, бо ставілі адны і тыя ж мэты – захапіць уладу ва ўсім сьвеце.

Сёньня Пуцін ня бачыць сабе ніякага іншага суперніка. Быў Лукашэнка – яны яго зьлілі ўжо ў каналізацыю як кандыдата ў прэзыдэнты нейкага вялікага саюза. А вось што тычыцца Пуціна, тот я думаю, што ён гэта ўсё перахапіў ад Лукашэнкі, больш таго, мабыць, і сам выседзеў, будучы працаўніком КГБ, вось гэтую ідэю – ідэю, што дыктатура патрэбная Расеі, і, маўляў, ён і ёсьць такі дыктатар".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Шарэцкі, а калі вярнуцца да падзеі ў Дзяржаўнай Думе. На вашую думку, вось гэты альянс камуністаў і Крамля, чым ён можа пагражаць Беларусі?"

(Шарэцкі: ) "Я вось думаю, што Пуцін ідзе ў прэзыдэнты на хвалі рускага шавінізму. Рускі шавінізм заўжды быў агрэсіўны, асабліва да нас, беларусаў. Таму ён тут ужо шукае нейкіх сваіх стратэгічных мэтаў, на тэрыторыі Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Сямён Гергіевіч, вы, безумоўна, у адрозьненьне ад іншых палітыкаў, беларускіх палітыкаў, асабіста ведаеце Селязьнёва і ведаеце, чаго ад яго можна чакаць…"

(Шарэцкі: ) "Селязьнёў, гэта рафініраваны камуніст, рафініраваны цемрашал, ад яго ніякай прыстойнасьці чакаць нельга, ён можа прадаць родную маці".

Сёняшнія газэты – як заходнія, так і расейскія — адзначаюць нечаканасьць альянсу Крамля і камуністаў.

"Саюз партыі ўлады з зацятай апазыцыяй нагэтулькі дзіўны, што прымушае думаць пра надыход эпохі палітычнай шызафрэніі, — адзначае аглядальнік маскоўскай газэты «Камэрсант» Уладзімер Карсунскі. — Выбары Селязнёва начальнікам Дзярждумы – гэта гэнэральная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў… Хутчэй за ўсё, саюз партыі ўлады і камуністаў, які адбыўся ў Думе — гэта не тактыка, а стратэгія. Дэмакраты-рэфарматары і іх выбаршчыкі ў бліжэйшыя гады будуць вымушаныя аднекуль збоку назіраць, як палітычны ландшафт Расеі набывае ружовы колер, як зьнікаюць прадукты ў крамах, як замежжа робіцца больш далёкім, чым плянэта Марс, а паміж Крамлём і Лубянкай зноў будзе гуляць Розум, Гонар і Сумленьне адыйшоўшай, але ўсё яшчэ нашай эпохі. І хто ведае, ці не загучыць у хуткім часе заклік: "Ельцын, вярніся". І ці ні гучней за ўсіх будуць крычаць тыя, хто душу паклаў, дамагаючыся адстаўкі хворага прэзыдэнта," – адзначае аглядальнік "Камэрсанту".

Газэта "Ню-Ёрк Таймс" сёньня цытуе словы Барыса Нямцова пра тое, што людзі, якія галасавалі за блёк "Адзінства", ня мелі на мэце падтрымаць камуністаў. Далей "Ню-Ёрк Таймс" адзначае, што "альянс паміж камуністамі і Крамлём здаваўся неверагодным яшчэ перад 31-ым сьнежня — днём адстаўкі Ельцына. Меркавалася, што прэзыдэнт скарыстае спрыяльныя для яго вынікі парляманцкіх выбараў для актывізацыі эканамічных рэформаў. Дзякуючы значнай папулярнасьці Ўладзімера Пуціна, праўрадавы дэпутацкі блёк мог бы ўпершыню парушыць блёк камуністаў. Дакладныя матывы Пуціна — цяперашняга вядучага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах — не былі відавочнымі, за выключэньнем таго, што ён атрымаў прынамсі часовае апірышча ад камуністаў, якія пазьней могуць выступіць ягонымі апанэнтамі ў ніжняй палаце парляманту".

Як бачым, аўтару Ню-Ёрк Таймс не зусім відавочныя дакладныя "матывы" Пуціна. Магчыма, бліжэй да ісьціны наблізіўся расейскі палітоляг Аляксандар Янаў, які ў газэце «Московские новости"вызначае цяперашні пост-ельцынскі этап Расеі, як пагрозу канчатковага спаўзаньня да імпэрскага нацыяналізму. Вызначаючы Ельцына як найбуйнейшую постаць міжнароднай палітыкі канца ХХ стагодзьдзя, аўтар піша, што "небясьпеку грамадзянскай вайны ён разумеў. Небясьпеку камунізму – гэтаксама. Аднак савецкая адукацыя і жыцьцёвы вопыт не дазволілі яму зразумець небясьпеку імпэрскага нацыяналізму." "Вядома, — адзначае палітоляг Аляксандар Янаў, — сам Ельцын ніколі не зрабіўся б рускім Мілошавічам. Але ён не зрабіў нічога, каб ім ня быў ягоны пераемнік. Таму і апынулася Расея "пасьля Ельцына" на небясьпечным гістарычным перакрыжаваньні". Аўтар спасылаецца на праграмны артыкул Пуціна "Расея на мяжы тысячагодзьдзяў", дзе выканаўца абавязкаў прэзыдэнта сьцьвярджае, што ў Расеі, у адрозьненьніе ад Англіі ці ЗША, няма ліберальнай традыцыі, і таму выканаўчая ўлада тут павінна быць надзвычай моцнай. Праўда, у тым жа самым артыкуле Пуцін прызнае, што "гісторыя паказала: галоўная небясьпека для правоў і свабодаў чалавека, дэмакратыі ў цэлым, сыходзіць ад выканаўчай улады".

Відавочна, у момант першага дня працы новай расейскай Думы цяперашні гаспадар Крамля забыўся на ўласныя словы.

XS
SM
MD
LG