Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў гарадзкім судзе Менску пачаўся працэс над былым прэм'ер-міністрам Беларусі Міхалам Чыгіром. На суд прыйшлі больш як сто прыхільнікаў Чыгіра, якім не хапіла месца ў судовай залі і яны запатрабавалі, каб працэс праходзіў у больш прасторным памяшканьні. Неўзабаве пасьля пачатку судовага паседжаньня судзьдзя Васілевіч быў вымушаны абвесьціць перапынак да вырашэньня пытаньня з памяшканьнем.

(Запіс: ) "Адкрытага суда! Адкрытага суда!…"

Пад гэтыя патрабаваньні тых, каму не хапіла месца ў зале, распачаўся сёньня ў Менскім гарадзкім судзе працэс над былым кіраўніком ураду Міхалам Чыгіром.

Усяго на працэс прыйшлі больш за сто чалавек. І, як гэта звычайна робіцца ў беларускіх судох, у людзей пачалі правяраць дакумэнты, складаць нейкія сьпісы. У выніку, калі працэс пачаўся, палова жадаючых да залі нават не дабралася й засталася за кардонам міліцыянтаў на першым паверсе.

Але людзі з гэтым не пагадзіліся й пачалі ў голас абурацца, а потым і скандаваць патрабаваньне – "Адкрытага суду". Гэтыя галасы было добра чуваць на трэцім паверсе, дзе праходзіў працэс. Судзьдзя Аляксандар Васілевіч, які старшынюе на працэсе, не зьвяртаючы ўвагі на шум, усё ж адкрыў паседжаньне.

Нагадаю, экс-прэм'ер абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, зьвязаных са злоўжываньнямі службовым становішчам і нядбайнасьцю, што, на думку сьледчых, нанесла дзяржаве шкоду ажно на чатыры мільёны даляраў.

Сам Чыгір гэтыя абвінавачваньні называе сфальшаванымі й тлумачыць іх палітычнымі прычынамі. "Абвінавачваньні ўзьніклі, як толькі я абвесьціў, што вазьму ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах", – казаў сёньня Чыгір амбасадарам, якія прыйшлі на працэс.

Як толькі суд пачаўся, абвінавачваны Чыгір заявіў хадайніцтва аб адхіленьні пракурора рэспубліканскае пракуратуры Віктара Жынгеля, як чалавека, асабіста зацікаўленага ў абвінаваўчым прысудзе. Судовая калегія раілася ледзь не паўгадзіны, вырашаючы лёс гэтае заявы, і адхіліла яе.

Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду абаронца Чыгіра Гары Паганяйла: "…Гэта права суду, але для нас цяпер зразумела, што той сцэнар, які быў распрацаваны дзеля гэтага працэсу, будзе дакладна гэтым судом выконвацца", – лічыць грамадзкі абаронца Гары Паганяйла.

Не зьдзівіўся, што суд прыняў такое рашэньне, і Міхал Чыгір. Былы прэм'ер заявіў нашаму радыё:

(Чыгір: ) "Нядрэнна, што суд адкінуў нашае хадайніцтва, таму, што тут яўная зацікаўленасьць праглядаецца пракурора Жынгеля ў канчатковым выніку суда. Пройдзе час, гэтая справа будзе пераглядацца па-новаму. Тады ўсе гэтыя рашэньні будуць разглядацца іншымі людзьмі, і яны дадуць зусім іншую ацэнку таму, што сёньня адбываецца ў судзе".

(Карэспандэнт: ) "А ў чым, на ваш погляд, зацікаўленасьць пракурора?"

(Чыгір: ) "У тым, што мяне выклікалі ў пракуратуру і патрабавалі ад мяне нейкіх "правільных" паводзінаў на судзе, каб я не выказваў тыя ці іншыя думкі, як я рабіў гэта на першым паседжаньні 13 сьнежня. І мне нават сказаў пракурор Жук, калі я сябе буду так паводзіць, дык мяне ізноў схаваюць за краты.

Я ведаю, чаму гэта адбылося. Таму, што пракурор Жынгель сказаў, што я нейкія заявы тут рабіў, хаця я, як абвінавачаны, маю права сказаць сваю думку па любым пытаньні. Але яны хочуць, каб я маўчаў, каб я не выказваўся па тых эпізодах, якія разглядаюцца ў судзе. Але ж гэтага ня будзе.

Па-другое, ён на першым паседжаньні павінен назіраць і рабіць заўвагі. Было дапушчана столькі памылак, што Вярхоўны Суд быў вымушаны скасаваць вынікі першага распарадчага паседжаньня. А ён на ўсё закрыў вочы, нічога ня бачыў".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня столькі народу прыйшло вас падтрымаць. Вы задаволены гэтай падтрымкай?"

(Чыгір: ) "Я вельмі ўдзячны гэтым людзям, якія сёньня прыйшлі для падтрымкі. Я спадзяюся, што буду мець гэтую падтрымку заўсёды. І ведаеце, вы паглядзіце, як суд сябе паводзіць. Яны бачаць, што людзі мяне падтрымліваюць, што прыйшлі журналісты, прыйшлі паслы буйнейшых замежных дзяржаваў. Вы ж бачыце, што яны зрабілі – яны перанесьлі паседжаньне, бо пад такім пільным наглядам яны баяцца рабіць наступныя памылкі. Ім лепш троху адпрацаваць і зрабіць перапынак, каб не зрабіць памылкі…"

Гэтак лічыць былы прэм'ер-міністар, цяпер падсудны Міхал Чыгір.

Дзень, калі суд над ім адновіцца, пакуль невядомы. Судзьдзя Васілевіч заявіў, што паведаміць удзельнікам працэсу пра гэта, як толькі вырашыцца пытаньне зь вялікім памяшканьнем.

XS
SM
MD
LG