Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Рэспубліканскі працоўны арбітраж адмовіўся разглядаць канфлікт на Менскім аўтамабільным заводзе паміж адміністрацыяй і Свабодным прафэсійным саюзам.

Рэспубліканскі працоўны арбітраж абгрунтаваў нэгатыўнае рашэньне тым, што Свабодны прафэсійны зьвяз нібыта няслушна аформіў дакумэнты.

З просьбаю патлумачыць гэтае рашэньне я зьвярнуўся да начальніка юрыдычнага аддзелу Рэспубліканскага працоўнага арбітражу Кіма Нядбайлы… "Арбітраж павінен спраўдзіць, наколькі пададзеныя дакумэнты адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства. Пры спраўджаньні высветлілася, што сёе-тое ня адпавядае", – паведаміў Кім Нядбайла.

Як вынікае з пастановы арбітражу й далейшага тлумачэньня адказнага чыноўніка, "сёе-тое" – гэта подпіс пад прафзьвязовай заяваю. У арбітражы сумняюцца, што заяву падпісала асоба, у якой ёсьць на тое паўнамоцтвы.

Пры гэтым Кім Нядбайла абверг абвінавачваньні ў тым, што арбітраж сьвядома намагаецца абысьці ўвагаю канфлікт на МАЗе, які атрымаў гучны рэзананс.

Кіраўніцтва аўтазаводзкае суполкі Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў расчараванае адмоўным рашэньнем арбітражу. Намесьнік старшыні прафзьвязовай арганізацыі Дзьмітры Пліс так пракамэнтаваў арбітражную пастанову:

"Арбітраж сваёй пастановаю імкнецца першасную суполку Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў на МАЗе пусьціць па замкнёным коле. Яны хочуць, каб наша прафзьвязовая арганізацыя пацьвердзіла сваю праваздольнасьць як юрыдычная асоба. Для гэтага яна павінна быць зарэгістраваная ў мясцовых ворганах улады. Але, каб стаць на ўлік, ёй неабходна атрымаць ад адміністрацыі МАЗу юрыдычную адрэсу. Аднак адміністрацыя гэтага ня робіць. Болей таго, яна гвалтоўна захапіла наш офіс. Усё гэта і зьяўляецца прадметам спрэчкі ў Рэспубліканскім працоўным арбітражы", – зазначыў Дзьмітры Пліс.

Кіраўніцтва Свабоднага прафэсійнага зьвязу мяркуе, што супраць яго скаардынавана дзейнічаюць усе дзяржаўныя структуры, якія апошнім часам уцягнуліся ў канфлікт. Гэта й Савет міністраў, і Міністэрства прамысловасьці, і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, а таксама суд, пракуратура й міліцыя Заводзкага раёну. Зараз да іх далучыўся й Рэспубліканскі працоўны арбітраж.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG