Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады гатовыя перагледзець нядаўна прыняты Закон аб падатку на даданую вартасьць і вызваліць ад яго прыватных гандляроў, прадпрыймальнікі працягваюць рыхтавацца да агульнанацыянальнага страйку.

Днямі ў Міністэрстве прадпрыймальніцтва ды інвэстыцыяў адбылася нарада з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў, падаткавага й мытнага камітэтаў, а таксама кіраўніцтва прафэсійнага зьвязу прыватных прадпрыймальнікаў "Садружнасьць", у выніку якой прыняты прэзыдэнцкім парлямэнтам закон аб падатку на даданую вартасьць прызнаны недасканалым. Ужо распрацаваны праект прэзыдэнцкага дэкрэту, згодна зь якім ад падатку будуць вызваленыя прадпрыймальнікі, аб'ём таваразвароту якіх не перавышае трох тысячаў мінімальных заробкаў у месяц.

Вось як пракамэнтаваў рашэньне пра магчымую адмену падатку лідэр Свабоднага прафэсійнага зьвязу прадпрыймальнікаў Валеры Леванеўскі:

"Гэта гульня. Магчыма, нават палітычная. Такое палажэньне ў дэкрэт ці ў закон можна было ўнесьці літаральна на працягу аднога дню, але гульня вядзецца цэлы месяц. Я думаю, што ўлады сочаць за рэакцыяй прадпрыймальнікаў і маюць намер сарваць наш страйк", – паведаміў спадар Леванеўскі.

Паводле словаў прафзьвязовага лідэра, акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 31 студзеня й 1 лютага ўсё роўна адбудуцца, бо праблемы бізнэсоўцаў не абмяжоўваюцца падаткамі.

Улады прызнаюць, што аб'ёмы таваразвароту ў прыватных гандляроў ня надта вялікія, й вызваленьне іх ад падатку не нанясе вялікіх стратаў бюджэту. Акрамя таго, спагнаньне з гандляроў гэтага падатку – справа надзвычай складаная, бо сумы іх прыбытку невялікія. Скасаваньне падатку на даданую вартасьць для дробных бізнэсоўцаў будзе спрыяць насычэньню рынка недарагімі таварамі ды абароніць гандляроў ад банкруцтва.

Чаму ўлады вымушаныя былі ў тэрміновым парадку перагледзець зусім нядаўна прыняты закон? Як паведаміла нашаму радыё начальнік аддзелу падаткавае палітыкі Міністэрства фінансаў Тацяна Абразкова, кіраўніцтва выканаўчае ўлады й прэзыдэнцкая "палата" напрыканцы мінулага году не захацелі прыслухацца да парадаў адмыслоўцаў, закон быў прыняты зь вялікімі недапрацоўкамі. "Аднак прыватныя прадпрыймальнікі пачалі пагражаць агульнанацыянальным страйкам, таму ўлады й пайшлі на перагляд закону", – лічыць Тацяна Абразкова.

Ад падатку на даданую вартасьць плянуецца вызваліць толькі прыватных прадпрыймальнікаў, хаця ў Беларусі нямала дробных прадпрыемстваў, месячны абарот якіх не перавышае 3 тысячаў "мінімалак". Няпэўная сытуацыя з падаткаабкладаньнем выклікала нямала канфліктаў і недарэчнасьцяў. Напрыклад, з-за немагчымасьці дакладна вызначыць падпісную цану з улікам новага падатку надоечы нават была спыненая падпісная кампанія (выключэньне зрабілі толькі для некалькіх цэнтральных дзяржаўных выданьняў).

Тацяна Абразкова прызнае, што ад падатку на даданую вартасьць варта было б вызваліць увесь дробны бізнэс, як гэта зроблена на Захадзе, а таксама ў краінах Балтыі, у Расеі ды ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG