Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Споўнілася два гады, як кіраўнікі Расеі і Беларусі зацьвердзілі рашэньне Парлямэнцкага сходу аб стварэньні сумеснай тэлерадыёкампаніі, а таксама год з часу падпісаньня старшынямі расейскае ды беларускае тэлерадыёкампаніяў пагадненьня аб сумеснай гадзіннай перадачы. Ніводзін праект не ажыцьцёўлены.

У праекце новага хаўруснага бюджэту на сумесную тэлерадыёкампанію і агульную парлямэнцкую газэту прадугледжана 204 мільёны расейскіх рублёў. Але бюджэт дагэтуль не зацьверджаны. І ўсе спробы падначаленага Лукашэнке парлямэнту як мага хутчэй склікаць хаўрусны Парлямэнцкі сход аказаліся беспасьпяховымі: расейскія дэпутаты занятыя іншымі справамі.

Асаблівую заклапочанасьць лёсам хаўруснае тэлерадыёкампаніі дэманструюць дэпутаты, якія ўваходзяць у камісію інфармацыйнае палітыцы Парлямэнцкага сходу, – у прыватнасьці, адзін з кіраўнікоў гэтае камісіі Валеры Драко.

Паказальна, што Драко нават ня лічыць неабходным пазнаёміць са сваімі плянамі намесьніка кіраўніка лукашэнкавай адміністрацыі Івана Пашкевіча, які два гады таму быў прызначаны старшынём хаўруснае тэлерадыёкампаніі зь беларускага боку. "Гэта цалкам нашая ініцыятыва, і ўзгадняць яе з кімсьці мы не зьбіраемся", – заявіў у інтэрвію "Радыё Свабода" Валеры Драко.

Мяркуючы па шматлікіх выступах гэтак званае "патрыятычнае" прэсы, Пашкевіч даўно ўжо залічаны ў ворагі інтэграцыі. Але галоўныя "ворагі", на думку беларускіх дэпутатаў, знаходзяцца ў Маскве. Гэта кіраўнік Расейскае дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Швыдкой, аглядальнік Сванідзе і ўсе прадстаўнікі Зьвязу правых сілаў. Менавіта іх абвінавачваюць у тым, што марудна фармавалася калегія з расейскага боку, не рэгістраваліся хвалі, не выдаткоўваліся грошы.

Пра ўсё гэта сказана ў праекце запіскі на імя Лукашэнкі й Пуціна, падрыхтаваным камісіяй інфармацыйнае палітыцы і сувязяў з грамадзкасьцю. Канчаткова запіска будзе дапрацаваная і дасланая адрасатам пасля вяртаньня з Масквы прэсавага сакратара Прадстаўніцтва Парлямэнцкага сходу Натальлі Машэравай, якая скіраваная туды камісіяй дзеля больш канкрэтнага высьвятленьня таго, хто замінае стварэньню сумесных СМІ.

У Беларусі па-ранейшаму больш спадзяюцца на асабістыя сувязі й адміністратыўны ціск. Справа дайшла да таго, што беларускі бок імкнецца дыктаваць Швыдкому свае ўмовы. Мы, маўляў, сродкі на гадзінную перадачу вам пералічым, але дайце гарантыю, што зьмест будзе такі, які нам патрэбны.

Прарыў на расейскую інфармацыйную прастору неабходны сёньня Лукашэнку ня толькі дзеля таго, каб пра яго ў Расеі не забыліся, але й дзеля асьвятленьня будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

XS
SM
MD
LG