Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

У сродках масавай інфармацыі Беларусі апублікаваныя вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў недзяржаўнай лябараторыі "Новак". Сярод вынікаў ёсьць досыць прадказальныя – як, напрыклад, захаваньне высокага рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Але некаторыя лічбы выглядаюць нечаканымі – у прыватнасьці, у тым, што тычыцца адносінаў да саюзу Беларусі й Расеі, а таксама доступу беларускай апазыцыі да СМІ.

У паведамленьні Беларускага тэлебачаньня ў аўторак вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага напрыканцы мінулага году, падаваліся адназначна. Рэйтынг даверу насельніцтва Лукашэнку па-ранейшаму найвысокі – 40 адсоткаў. А калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся зараз, Лукашэнка набраў бы на іх больш за 45 адсоткаў. Варта ўдакладніць, што насамрэч, паводле апытаньня, гэтая лічба складае 41 адсотак, а рэйтынг Станіслава Шушкевіча, які апынуўся на трэцім мейсцы і які мае найлепшы паказчык сярод дзеячоў апазыцыі – 6,8 (а не 5 і 8, як было заяўлена ў праграме "Панарама".)
Тым ня менш, фактам застаецца тое, што старшыня Савету міністраў Сяргей Лінг, які апынуўся на другім мейсцы, адстаў ад Лукашэнкі амаль на дваццаць адсоткаў.

Да гэтага варта дадаць – і гэтая частка таксама была абыйдзеная ўвагай у афіцыйным паведамленьні, што ступень недаверу да Аляксандра Лукашэнкі таксама застаецца адной з найвысокіх – 15 з паловай адсоткаў. Вышэй гэты паказчык, таксама традыцыйна, у Зянона Пазьняка

Сярод партыяў, якія тэарэтычна могуць узяць удзел у парлямэнцкіх выбарах, нечакана на першым мейсцы апынулася жаночая партыя "Надзея" – у падтрымку яе выказаліся крыху больш за 6 адсоткаў апытаных. Далей ідуць кампартыя Беларусі ды Аграрная партыя – абедзьве крыху менш за 4, БСДГ начале з Шушкевічам (3, 4)- Аб'яднаная дэмакратычная партыя – 3,1, партыя БНФ начале з Пазьняком – 2,3 ды іншыя. Дзеля параўнаньня – БНФ начале зь Вячоркам, набраў 1,6 адсоткі.

Наколькі нечаканымі можна лічыць усе гэтыя вынікі? Вось меркаваньне палітоляга Валерыя Карбалевіча:

(Карбалевіча: ) "Яны на дзіва стабільныя, на дзіва кансэрватыўныя. Каторы год і каторы месяц многія паказчыкі гэтых апытаньняў трымаюцца амаль на адным і тым узроўні".

(Тарас: ) "Чым гэта можна патлумачыць, на Вашую думку? Чаму гэтулькі стабільным, амаль аднолькавым застаецца рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі?"

(Карбалевіча: ) "Тут некалькі прычынаў. Па-першае, гэта тая інфармацыйная сытуацыя, якая склалася ў Беларусі. Калі аўдыявізуальныя СМІ распавядаюць толькі аб дзейнасьці аднаго палітыка, а пра астатніх палітыкаў – я ўжо не кажу пра апазыцыйных, пра астатнія інстытуты амаль нічога не згадваецца. І ў выніку такой інфармацыйнае манаполіі нічога дзіўнага, што акрамя Лукашэнкі ніякага іншага палітыка ў Беларусі, амаль што, ня ведаюць.

Па-другое, гэта тое, аб чым ужо даўно казалася – пра асабістую харызму Лукашэнкі, пра тое, што ён неяк ачалавечыў тую сацыяльную мадэль, якую значная частка насельніцтва Беларусі лічыць аптымальнай – тую мадэль, якая вельмі нагадвае савецкую, якая нагадвае савецкія часы, пра якія з настальгіяй успамінае значная частка насельніцтва, тыя самыя 45 працэнтаў, якія ўвесь час падтрымліваюць Лукашэнку".

(Тарас: ) "А чым патлумачыць адносна высокі рэйтынг жаночай партыі "Надзея"? Бо не было яшчэ парлямэнцкіх выбараў, і яна, быццам бы, яшчэ ніяк сябе не зарэкамэндавала…"

(Карбалевіча: ) "Тут таксама цікавая сытуацыя. Яна таксама выцякае з той самай інфармацыйнай сытуацыі ў Беларусі, калі ўлады амаль нічога не расказваюць пра дзенасьць іншых палітычных інстытутаў – такіх як партыі, прафсаюзы, можа, мяйсцовыя саветы. Расказваюць толькі пра дзейнасьць прэзыдэнта. Таму большасьць насельніцтва пра беларускія партыі наогул нічога ня ведае. Таму людзі арыентуюцца ў першую чаргу на прыгожую назву. І першае мейсца партыі "Надзея" – гэта высокі рэйтынг той прыгожай назвы, якая апынулася на першым мейсцы. Думаю, што менавіта ў гэтым прычына".

(Тарас: ) "Скажыце, а як бы Вы патлумачылі тое, што большасьць апытаных выказаліся, ускосна, за дыялёг уладаў з апазыцыяй – у прыватнасьці, за прадастаўленьне сродкаў масавай інфармацыі апазыцыі? Ці няма тут нейкай супярэчнасьці?"

(Карбалевіча: ) "Гэты дыялёг праводзіцца з падачы, скажам, эўрапейскіх структураў. Гэта таксама ёсьць важным фактарам. Тым больш, што Лукашэнка, афіцыйныя улады, ўвесь час падкрэсьліваюць, што яны таксама за дыялёг, што яны таксама за перамовы з усімі палітычнымі сіламі ў краіне. І афіцыйныя СМІ не выступаюць адкрыта супраць такога дыялёгу".

Паводле вынікаў апытаньня лябараторыі "Новак", калі б летась у сьнежьні адбыўся рэферэндум наконт стварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, за саюз аддалі б свае галасы крыху больш за 47 адсоткаў апытаных, супраць больш як 28 адсоткаў. Аднак, у той самы час пераважная большасць – звыш 48 асдоткаў за тое, каб Беларусь і Расея заставліся сувэрэннымі дзяржавамі!

(Тарас: ) "Сп. Карбалевіч, як бы Вы патлумачылі такое ўяўнае разыходжаньне паміж лічбай прыхільнікаў саюзу, саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі і той лічбай, досыць высокай, людзей, якія выступаюць за тое, каб гэты саюз быў менавіта саюзам дзвюх сувэрэнны дзяржаваў?"

(Карбалевіча: ) "Гэтая сытуацыя даўно вядомая сацыёлягам і палітолягам. Амаль на працягу ўсіх 90-х гадоў, паводле сацыялягічных апытаньняў, траціна насельніцтва Беларусі адначасова выступае і за сувэрэнітэт Беларусі і за аб'яднаньне паміж Беларусяй і Расеяй. Гэта ня сёньяшняя зьява. Я хачу падкрэсьліць, што зараз мы можам наглядаць, што сытуацыя трохі зьмяняецца. Калі яшчэ зусім нядаўна ў падтрымку аб'яднаньня было 60-70 працэнтаў, дык зараз менш паловы.

Людзі не разумеюць розьніцы паміж такімі паняцьцямі, як саюзная дзяржава, канфэдэрацыя, федэрацыя. Гэта вельмі складаныя пытаньні. І ў гэтым сэнсе нават выносіць гэтыя пытаньні на рэферэндум вельмі, на мой погляд, безьзьмястоўна. Таму што многія людзі будуць галасаваць, ня ведаючы за што. Цалкам зразумелая сытуацыя. Большасьць насельніцтва Беларусі хоча адначасова, каб Беларусь была суверэннай і адначасова, каб яна была ў нейкім саюзе з Расеяй. І вось той варыянт, які Лукашэнка прапанаваў, які зараз падпісаны, гэта варыянт, які, на мой погляд, у нейкім сэнсе адпавядае жаданьням той часткі насельніцтва, якая адначасова хоча быць і сувэрэннай, і аб'ядноўвацца. Гэта такі парадокс. Парадокс масавае сьвядомасьці."

Гэта была думка Валерыя Карбалевіча.

Да гэтага варта дадаць адзін момант, які згадвае, дарэчы "Белорусская деловая газета" ў сваім камэнтары да вынікаў апытаньня. На пачатку сьнежня, калі праводзілася апытаньне, наступальная апэрацыя федэральных сілаў Расеі у Чачні разьвівалася больш-менш пасьпяхова. Наколькі зьмянілася лічба прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй пасьля таго, як яе войскі загразлі ў тактычных баях і пачалі несьці ўсё большыя страты – гэта пытаньне для дадатковых дасьледваньняў.

XS
SM
MD
LG