Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Афіцыйны Менск заяўляе пра пэрпэктыўнасьць ня толькі беларуска-расейскіх, але й беларуска-іранскіх адносінаў. Зараз у Беларусі знаходзіцца афіцыйная іранская дэлегацыя, якую ўзначальвае намесьнік старшыні меджлісу Гасан Рухані. Учора дэлегацыя правяла ў Менску шэраг перамоваў на ўрадавым узроўні.

Перамовы ідуць галоўным чынам пра пашырэньне супрацоўніцтва ў галіне гандлю, аховы здароўя ці навучаньня.

У нашай студыі супрацоўнік іранскай рэдакцыі Радыё Свабода Алірэза Тагіры.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Тагіры, чаму Беларусь пачала цікавіць Іран у міжнародным супрацоўніцтве?"

(Тагіры: ) "У гэтым рэгіёне, у Беларусі, у Расеі, ў апошнія тыдні мы назіраем значныя падзеі. Прэзыдэнт Турцыі Дэмірэль выступіў із заявай, скіраванай супраць Расеі, а значыць і супраць Беларусі. Таму, натуральна, што на фоне разнагалолосьсяў паміж Турцыяй і Іранам, Іран адчувае сябе бліжэй да Беларусі. Тэгеран і Менск імкнуцца да нейкага супрацоўніцтва. У Іране празь месяц пройдуць вельмі важныя выбары. Калі перамогуць кансэрватары, стасункі Ірану з Захадам стануць больш слабыя, і высокая верагоднасьць, што стасункі з Расеяй і Беларусяй стануць больш блізкія".

(Карэспандэнт: ) "Як бы вы акрэсьлілі палітычную сытуацыю ў краіне. Колькі, напрыклад, заходніх амбасадаў працуюць у Тэгеране?"

(Тагіры: ) "Што тычыцца другога пытаньня, у Тэгеране ёсьць усе заходнія амбасады за выключэньнем амэрыканскай. Іранскія кансэрватары выступаюць за адраджэньне ісламскай дзяржавы, не разумеючы, якой насамрэч тая дзяржава была.Супраць такога падыходу выступаюць памяркоўныя палітыкі, якія групуюцца вакол прэзыдэнта Хатамі. Яны спадзяюцца на перамогу на выбарах і магчымасьць ажыцьцяўляць свае праграмы".

(Карэспандэнт: ) "А якія магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Іранам вам бачацца?"

(Тагіры: ) "Нафта, без сумненньня, зьяўляецца найважнейшым прадуктам Ірану. У справе стасункаў зь Беларусяй галоўнае пытаньне – як транспартаваць нафту ў Беларусь. У тых адносінах, што цяпер склаліся паміж Іранам і Беларусьсю, пакуль няма бясьпечнага маршруту для газу і нафты. І калі б такі маршрут быў пракладзены, ён апынуўся б пад наглядам і кантролем Расеі. Такім чынам, гэта чыстая тэорыя і справа далёкай будучыні. Ідэя сп. Лукашэнкі транаспартаваць нафту танкерамі праз Касьпійскае мора, а потым на грузавіках – нерэалістыяная".

XS
SM
MD
LG