Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Днямі ў Расеі прынятая новая дактрына нацыянальнай бясьпекі, якая, паводле ацэнкі некаторых экспэртаў, можа зрабіць сьвет больш небясьпечным, чым ён быў месяц таму. А на мінулым тыдні прадстаўнік беларускага міністэрства абароны заявіў, што пры пэўных абставінах на тэрыторыю Беларусі можа быць вернутая ядзерная зброя.

Новая дактрына нацыянальнай бясьпекі Расеі вызначаецца шмат якімі палажэньнямі, але галоўнае, што выклікала засьцярогу – паніжаны так званы парог выкарыстаньня ядзернай зброі. Калі папярэдняя дактрына, прынятая тры гады таму, прадугледжвала выкарыстаньне ядзернага арсэналу толькі ў выпадках зьнешняй пагрозы нацыянальнаму сувэрэнітэту. Пры гэтым мелася на ўвазе, што і агрэсар выкарыстоўвае ядзерную зброю ці патэнцыйна можа яе скарыстаць. Цяпер – ядзерная зброя можа быць прымененая і ў тых выпадках, калі праціўнік ня мае ядзернай зброі, аднак расейскае камандваньне скарыстала ўсе іншыя магчымыя спосабы.

Папросту кажучы, калі раней ядзерны арсэнал разглядаўся хутчэй як аргумант стрымліваньня тых, хто валодае аналягічнай зброяй, дык цяпер ён выступае ў якасьці актыўнага сродку, скарыстаць які, пры вялікім жаданьні, можна пры розных нагодах.

Я папрасіў выказаць сваё меркаваньне супрацоўніка радыё "Свабода" Дона Джэнсана, які дзесяць гадоў таму ўдзельнічаў у якасьці амэрыканскага інспэктара ў працэсе ядзернага раззбраеньня тагачаснага СССР.

(Джэнсан: ) "Я мяркую, што новую стратэгічную дактрыну трэба разглядаць, найперш, у кантэксьце агульнага заняпаду магутнасьці расейскай дзяржавы, і, па-другое, імклівага заняпаду расейскага ваеннага істэблішмэнту пасьля распаду СССР. Мне падаецца, гэтая дактрына – адлюстраваньне слабасьці, а ніяк ня моцы дзяржавы. Звычайныя ваенныя падразьдзяленьні Расеі не падрыхтаваныя ў прафэсыйным сэнсе, пра што сьведчаць і няўдачы ў чачэнскай вайне. Камандваньне стратэгічных сілаў бачыць, што іхняя зброя хутка стане састарэлай – у той час як ЗША плянуе стварыць анты-ракетную сыстэму. Расейскі ўрад бачыць вялікую пагрозу з боку НАТА і навогул Захаду. І расейскі ўрад лічыць патрэбным рэагаваць на гэтыя выклікі, у той жа час, калі трэба знаходзіць грошы і рэсурсы на ўнутраныя рэформы, асабліва ў галіне эканомікі. Такім чынам, паўстае сур'ёзная праблема для ўраду Пуціна, і, я мяркую, што, нягледзячы на іх размовы пра стратэгічную канцэпцыю, ім давядзецца вырашаць гэтую дылему. І гэта не трэба разглядаць у якасьці значнай пагрозы для Захаду".

Новая вайсковая дактрына падкрэсьлівае намаганьні Масквы супрацьстаяць так званаму "аднапалярнаму" сьвету на карысьць "шматпалярнасьці". Пры гэтым, адзін полюс – Вашынгтон, а другі – другі, выглядае, павінен быць недзе ў Маскве, у Крамлі ці на Арбацкай плошчы, дзе месьціцца расейскі Гэнштаб. Ці лічыць экспэрт Дон Джэнсан, што дзеля гэткай канцэпцыі існуюць рэальныя падставы?

(Джэнсан: ) "Шматпалярнасьць, якая характарызуе гэтую стратэгічную дактрыну – не вынаходніцтва. Гэтую фармулёўку кіраўнікі Кітаю (ды і папярэдняе расейскае кіраўніцтва), ўжывалі на працягу апошніх гадоў, пачынаючы з Прымакова, адразу пасьля адстаўкі міністра Козырава. Гэта – праява заклапочанасьці Расеі, якая канкрэтна выявілася пад час НАТАўскай кампаніі ў Косава. Маўляў, ЗША часам дзейнічае аднабакова і не надае належнай ўвагі іншым краінам, асабліва Расеі і Кітаю. Расея цяпер жадае ўзмацніць ўласную ролю ў сьвеце ў якасьці супердзяржавы і падтрымлівае аналягічныя памкненьні іншых краінаў, у прыватнасьці – Кітаю".

Геапалітычныя амбіцыі Расеі, пра якія сказаў Дон Джэнсан, відавочныя і зразумелыя. І гэтыя амбіцыі актыўна падмацоўваюцца спасылкамі крамлёўскіх палітыкаў на ядзерны статус. У такой невялікай краіны, як Беларусь, як гаворыцца, паводле вызначэньня ня можа быць геапалітычных прэтэнзіяў. Аднак на мінулым тыдні прадстаўнік беларускага міністэрства абароны заявіў, што, пры пэўных абставінах, на тэрыторыю краіны можа быць вернутая ядзерная зброя. Што гэта – менская ініцыятыва? Альбо прычыны трэба шукаць у Маскве? Меркаваньне Дона Джэнсана.

(Джэнсан: ) "Вы ўзьнялі істотнае пытаньне. Ёсьць пэўная супярэчлівасьць паміж мэтамі расейскай эліты бачыць сваю краіну ў ролі супердзяржавы і эканамічнай, ваеннай і нават маральнай здольнасьцю рэалізаваць гэтую мэту. Я мяркую, што вайна ў Чачні якраз вельмі добра адлюстроўвае гэтую супярэчнасьць.

Што тычыцца магчымасьці вяртаньня ў Беларусь ядзернай зброі, дык гэта, зноў жа, выяўляе гэтыя памкненьні да супердзяржавы. Але я ня думаю, што гэта адбудзецца, бо гэта б парушыла шэраг міжнародных эўрапейскіх пагадненьняў у справе бясьпекі. Ды і ў ваенным аспэкце гэты крок не нашмат паспрыяў бы Расеі. Яна і без таго мае ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі. Разьмяшчэньне ж такой зброі на тэрыторыі Беларусі, Украіны альбо Казахстану паставіла б пад пагрозу бясьпеку Заходняй Эўропы, а гэта забаронена міжнароднымі пагадненьнямі. Відавочна, размовы пра вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь – гэта заявы, разьлічаныя на палітычны эфэкт. Мэта якога – яшчэ раз нагадаць пра ролю Расеі на міжнароднай арэне".

Такім чынам, Дон Джэнсан, які зьяўляецца экспэртам у пытаньнях ядзернага раззбраеньня, ня лічыць, што вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь мае вялікую верагоднасьць. А як зрэагавалі б на размяшчэньне ядзернай зброі бліжэйшыя суседзі Беларусі, скажам, Украіна? На сувязі – Кіеў, прэзыдэнт украінскага Цэнтра палітычных дасьледваньняў Анатолі Грыцэнка:

(Грыцэнка: ) "Гэта прывяло б да маланкавых дзеяньняў з боку Украіны. Гэта рэзка пагоршыла б адносіны Кіева і з Масквой, і з Менскам, а таксама паклікала б асімітрычныя адказы Кіева".

Гэта было меркаваньне Анатоля Грыцэнкі, прэзыдэнта ўкраінскага Цэнтру палітычных дасьледаваньняў.

І яшчэ некалькі высноваў з новай расейскай канцэпцыі.

Выглядае, што ў Расеі ўсё большую моц набіраюць генэралы, прычым звязаныя менавіта са стратэгічнымі войскамі, і ўплыў іхні пашыраецца ў палітычнай сфэры. Сфэры, якая ў дэмакратычных краінах у мірны час для генералаў – недатыкальная. У новых крамлёўскіх уладароў можа ўзнікнуць спакуса ўсё часьцей аддаваць перавагу сілавым мэтадам перад палітычнымі – ва ўнутраных справах і дыпляматычнымі – у справах міжнароднай палітыкі. Аргумэнтам у спрэчках можа зрабіцца ядзерны кулак. Такое на тэрыторыі былога СССР ужо было, і я нагадаю, што па загаду Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна стварэньне ядзернай зброі курыраваў ніхто іншы, як Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя.

Але варта прыгадаць таксама, што адным з ідыёлягаў ядзернага раззбраеньня, нароўні з акадэмікам Андрэем Сахаравым, быў і беларускі пісьменьнік Алесь Адамовіч.

Ну а больш даўняя гісторыя Беларусі нагадвае, што не аднойчы супрацьстаяньне паміж Масквой і заходнімі краінамі пралягала праз беларускую тэрыторыю і каштавала мільёнаў жыцьцяў беларусаў і жабрацтваў цэлых пакаленьняў.

XS
SM
MD
LG