Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

"Марш Свабоды – 2" адбудзецца ў беларускай сталіцы 15 сакавіка й распачне "Вясну 2000" – ланцуг апазыцыйных акцыяў, пра якія сёньня абвесьцілі палітыкі "новай хвалі". На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі БНФ "Адраджэньне", "Народнае Грамады", АГП і "Хартыі-97" заявілі, што разьлічваюць на ўдзел у акцыях 150 тысячаў чалавек.

Чырвоныя швэдары, у якія на прэсавай канфэрэнцыі былі апранутыя палітыкі "новай хвалі", на тле белых сьценаў нямецкага адукацыйнага цэнтру выглядалі вельмі эфэктна й падкрэсьлівалі значнасьць працэдуры прэзэнтацыі "Вясны 2000".

25 сакавіка (на Дзень Волі) адбудзецца наступная масавая акцыя, галоўны сэнс якой – барацьба за захаваньне беларускае незалежнасьці. Завершыць "Вясну 2000" Чарнобыльскі Шлях 26 красавіка.

Сярод веснавых манфэстацыяў апазыцыі былі названыя: акцыя моладзі "Беларусь у Эўропу" 14 лютага, акцыя аўганцаў 15 лютага, акцыі прадпрыймальнікаў і прафэсійных зьвязаў.

Пра сваю кансалідаваную пазыцыю на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі заявілі ініцыятары "Вясны 2000" Вінцук Вячорка й Віктар Івашкевіч ад БНФ, Анатоль Лябедзька, Павал Данэйка і Аляксандар Дабравольскі ад АГП, Мікола Статкевіч ад "Народнай Грамады" і Зьміцер Бандарэнка ад "Хартыі-97".

Як заявіў старшыня БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "У выніку вясны 2000 мусіла б паўстаць сытуацыя, у якой рэжым альбо пагаджаўся б на перамоўны працэс, і мы б выйшлі на сапраўды длэмакратычныя, міжнародна прызнаныя выбары, альбо ўшзьнікла б сытуацыя, у якой рэжым мусіў бы сысьці. Акцыі вясны 2000 павінны быць зьвязаныя ў суцэльны ланцужок, гэта не павінна быць адна акцыя, і што вельмі важна – усе акцыі мы ладзім разам. НЯ будзе падзелу на партыйныя інтарэсы".

– паведаміў Вінцук Вячорка, які падкрэсьліў, што з набліжэньнем 26 сакавіка – дню выбараў прэзыдэнта Расеі – узрастае небясьпека актывізацыі інтэграцыйных працэсаў. Менавіта таму старшыня "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч асноўным вынікам "Вясны 2000" назваў беларускую незалежнасьць:

(Статкевіч: ) "Гэты год будзе вырашальным для беларускай незалежнасьці, на жаль. Могуць быць прынятыя захады ў дачыненьні да беларускай незалежнасьці з боку новага рэжыму ў Расеі. Будзе галоўнаю незалежнасьць".

Заявіў Мікола Стакевіч.

Паводле словаў спадара Бандарэнкі, у "Маршы Свабоды" возьме ўдзел блізу 150 тысячаў чалавек. Марш, як разьлічваюць арганізатары, пройдзе ад пляцу Якуба Коласа да пляцу Незалежнасьці, бо 15 сакавіка – дзяржаўнае сьвята, Дзень Канстытуцыі.

На прэсавай канфэрэнцыі была выказаная перасьцярога з нагоды магчымых правакацыяў уладаў, што, як лічаць ініцыятары першага "Маршу Свабоды", мела месца 17 кастрычніка летась. Таму, як паведаміў намесьнік старшыні АГП дэпутат Анатоль Лябедзька, арганізатары будуць зьвяртацца і ўжо зьвярнуліся ў міжнародныя арганізацыі.

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, прэзэнтацыя беларускае "Вясны 2000" ужо адбылася 14 лютага ў Вене на паседжаньні парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу на адсутнасьць на сёньняшняй прэзэнтацыі прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Выконваючы абавязкі старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ Юры Беленькі паведаміў нашаму радыё, што акцыі, накіраваныя на захаваньне незалежнасьці, будуць падтрыманыя партыяй БНФ. Сябры гэтае партыі будуць браць удзел у акцыях "Вясны 2000".

XS
SM
MD
LG