Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Жэлька Разнатавіч, 47-гадовы кіраўнік сэрбскіх баявікоў, якога на Бальканах і ў сьвеце больш ведаюць пад мянушкай Аркан, быў забіты ў сыботу, 15 студзеня, а 17 гадзіне 15 хвілінаў у вэстыбюлі міжнароднага гатэлю "Belgrade Intercontinental". У апошнія гады гэтага, зьвінавачанага ў ваенных злачынства, чалавека, на замову міжнароднага трыбуналу ў Гаазе, шукаў Інтэрпол. Басьнійскія мусульманы, харваты і касавары лічылі яго ўвасабленьнем зла, гангстэрам і мафіёзі, басьнійскія і косаўскія сэрбы, а таксама аыфіцыйны Бялград – нацыянальным гэроем.

Людзі ў масках пакінулі гатэль толькі пасьля таго, як зрабілі кантрольны стрэл у правае вока, ужо двойчы параненага галоўнага сэрбскага баявіка. Побач зь ім засталіся ляжаць і два ягоныя целаахоўнікі. І ўсё ж, адзін зь іх, як і сам Аркан, былі давезеныя да лякарні яшчэ жывымі. На месцы злачынства сьледчыя выявілі як мінімум 38 сьлядоў ад куляў на сьценах і падлозе вэстыбюлю.

Першая вэрсыя, якая ўзьнікла на месцы забойства, называла галоўным замоўцам гэтага злачынства урад Слабадана Мілошавіча. Аргумэнты:

1.Аркан зашмат ведаў пра дзеяньні цяперашняга югаслаўскага прэзыдэнта і ягоных паплечнікаў у часы басьнійскай і харвацкай войнаў 91-95 гадоў.

2.У часе выбараў 1997 году ў Чарнагорыі Аркан, насуперак пажаданьням Мілошавіча, узяў бок цяперашняга лідара гэтай рэспублікі Міла Джуканавіча. Незадоўга да сьмерці Аркан наведаў Чарнагорыю, але Джуканавіч, якога падтрымоўвае захад, сказаў, што зьвінавачаны ў ваенных злачынствах Разнатавіч ня можа заставацца на тэрыторыі рэспублікі.

3.Аркан меў блізкія сувязі з сэрбскай разьведкай і тайнай паліцыяй, а таксама быў сябрам тайнай паліцыі югаслаўскае фэдэрацыі. Гаагскі трыбунал у справе Югаславіі абвінаваціў яго ў шматлікіх злачынствах у часе басьнійскай і харвацкай войнаў. Сэрбская нацыянальная гвардыя, вядомая як "Тыгры", пад кіраўніцтвам Аркана рабавала мірнае насельніцтва і праводзіла этнічныя чысткі.

Прадстаўнік трыбуналу Паўль Рыслей сказаў, што людзі, якія назваліся адвакатакмі Разнатавіча ўвайшлі ў кантакт з трыбуналам, каб даследваць пытаньне яўкі Аркана ў суд, каб выступіць там у якасьці сьведкі. Рыслей выказаў думку, што прыклад Жэлькі Разнатавіча мог бы падахводзіць і іншых, улучна з басьнійскім лідарам Радаванам Караджычам і былым гэнэралам Радкам Младзічам, абраць галянскую турму ў якасьці гаранту адноснай бясьпекі.

У сыботу, позна ўвечары, паплечнікі Разнатавіча, якія жывуць у шыкоўных вілах у Бялградзе, зьявіліся да вялікага сучаснага будынка ў багатым раёне югаслаўскай сталіцы, дзе, дарэчы, жыве і Мілошавіч, і ўшанавалі памяць свайго лідара агнястрэльным салютам.

Афіцыйныя асобы цьвердзяць, што прынамсі 500 сем'яў у Бялградзе ўтрымоўваліся за кошт Аркана, які меў як легальны, так і нелегальны бізнэсы – ад пякарняў і абменных пунктаў валюты, да казіно, кантрабанды нафтай і продажу зброі. Апрача гэтага, Аркан быў уладальнікам бялграцкага футбольнага клюбу "Абіліч".

Лідары сэрбскай апазыцыі заявілі, што забойства Аркана – сьведчаньне "дзяржаўнага тэрарызму", які ўзяў на ўзбраеньне рэжым Мілошавіча. "Нехта тузае ніткі і вызначае наступную ахвяру", – сказаў адзін зь лідараў антымілошавіцкага Грамадзянскага Алянсу, а лідар гэтай партыі Горан Сьвіланавік заявіў, што забілі таго, хто ня толькі шмат ведаў, але і сам браў удзел у шматлікіх акцыях.

Міжнародная рэакцыя на забойства Аркана больш менш падобная на рэакцыю Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія, паводле дзяржаўнага сакратара Мэдлін Ольбрайт, "не адчуваюць станоўчых эмоцыяў", бо хацелі б каб ён паўстаў перад міжнародным судом у Гаазе.

XS
SM
MD
LG