Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Міжнародная супольнасьць выказвае ўсё большую заклапочанасьць неразборлівым выкарыстаньнем ваенных сродкаў расейскімі фэдэральнымі сіламі ў Чачні. Сёньня пытаньне ставіцца пра магчымае выключэньне Расеі са складу Рады Эўропы.

Як паведамляе агенцыя Reuters, выканаўца абавязкаў расейскага прэзыдэнта Ўладзімер Пуцін сустрэўся з лордам Дэвідам Рассэл-Джонсанам, кіраўніком парлямэнцкай дэлегацыі Рады Эўропы. Расэл-Джонсан заявіў, што Расея можа быць выключаная з Рады Эўропы. Заходнія краіны выказваюць занепакоенасьць становішчам больш як 40 тысячаў цывільных грамадзянаў, якія цяпер знаходзяцца ў Грозным.

А вось як зрэагаваў на гэтую заклапочанасьць Уладзімер Пуцін:

(Пццін:) "Мы разумеем заклапочанасьць міжнароднае супольнасьці тымі падзеямі, якія там адбываюцца. Але мы жадалі б, каб і міжнародная супольнасьць разумела нас і будавала сваю пазыцыю не на прапагандысцкіх матэрыялах, а сыходзіла з рэальных абставінаў, грунтавалася на падставе праўдзівай інфармацыі".

Сёньня ўначы расейскія сілы спрабавалі захапіць будынак шпіталю на паўднёвым ускрайку Грознага, аднак некалькі іх атакаў былі адбітыя байцамі сілаў чачэнскага супраціву. І гэта – не адзіны прыклад апошніх дзён, калі, нягледзячы на колькасную перавагу, расейцы цярпелі паразу.

Стывен Лі Маерз у газэце "New York Times" задаецца пытаньнем – ці пазьбеглі расейцы памылак, якія былі зробленыя пад час кампаніі 94-96 гадоў? Ці здолелі яны выкарыстаць вопыт баявых дзеяньняў ЗША супраць Іраку ў 91-м годзе і леташняй апэрацыі ў Югаславіі, каб скарыстаць тэхналягічную і тактычную перавагу дзеля перамогі над слабейшым супернікам?

Дарэчы, расейскія ваенныя аналітыкі ў маскоўскіх газэтах цягам апошніх месяцаў падкрэсьліваюць, што – менавіта так – расейскі Генштаб бліскуча ўлічыў вышэйпрыгаданы вопыт. Але аўтар артыкулу ў "New York Times" не пагаджаецца з гэтым. "Для вайскоўцаў ЗША і ваенных аналітыкаў гэтая другая чачэнская вайна выявіла больш недахопаў, чым бы гэта мог зрабіць любы спадарожнік-шпіён," – піша Стывен Лі Маерз. Некалі магутная Чырвоная Армія наводзіла жах здольнасьцю прайсьці праз Эўропу, а сёньня расейскія вайскоўцы ня здольныя нават стрымаць закалот ў межах уласнай дзяржавы.

На працягу апошняга, ельцынскага часу, ў ваеннай сфэры прыярытэт надаваўся стратэгічнай ядзернай сіле, у мэтах падтрымкі "магутнага" ваеннага статусу Расеі. І хаця Расея ўсё яшчэ мае паўтарамільённае рэгулярнае войска – паводле колькасьці болей, чым ў ЗША – але сёлетні ваенны бюджэт Расеі – чатыры мільярды даляраў. Дзеля параўнаньня: сёлетні ваенны бюджэт ЗША – 284 мільярды даляраў, ў семьдзесят разоў большы, чым у Расеі.

У выніку расейцы маюць састарэлую зброю і абсталяваньне, недаўкамплектаваныя вайсковыя падразьдзяленьні і непадрыхтаваных вайскоўцаў, якім, да таго ж, хранічна не даплочваюць.

"У чым мы пераканаліся – дык гэта ў тым, што папярэдняя ацэнка стану расейскага войска была даволі дакладная, і стан гэты – даволі нізкі," – цытуе "New York Times" словы кіраўніка дэвісаўскага цэнтру расейскіх дасьледаваньняў Гарвардскага ўнівэрсытэту (ЗША).

Тым ня менш, аналітыкі адзначаюць, што ў некаторых прафэсійных ваенных аспэктах тактыка расейскіх войскаў у Чачні стала больш дасканалай. Не пакінутая без увагі і арганізацыя падтрымкі вайскоўцаў з боку грамадзтва. Аднак пры гэтым выкарыстоўваецца дазаваньне інфармацыі для прэсы, у прыватнасьці – падаюцца істотна заменшаныя страты. Прадстаўнік ваеннага ведамства ЗША лічыць, што сёньня гаворка можа ісьці ўжо пра больш як тысячу забітых з боку фэдэралаў, што ў тры разы болей за афіцыйныя маскоўскія лічбы.

"New York Times" адзначае, што, нягледзячы на тры месяцы няспыннага бамбаваньня, фэдэральныя расейскія войскі сутыкнуліся з жорсткім супрацівам чачэнцаў.

Прадстаўнік амэрыканскага ваеннага ведамства, які спэцыялізуецца ў прагназаваньні, зьвязвае гэта з гістарычным нежаданьнем чачэнцаў пагадзіцца з палітычным дамінаваньнем Масквы. "Я думаю, што расейцы засвоілі тактычныя ўрокі, – сказаў ён, – але наўрад ці палітычныя і ваенныя лідэры засвоілі стратэгічны ўрок. Праблема Чачні – ня з тых, якія паддаюцца ваеннаму вырашэньню," – лічыць амэрыканскі аналітык.

XS
SM
MD
LG