Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Летува, не дамогшыся ад Беларусі пагашэньня 60-мільённай запазычанасьці за электраэнэргію, шукае магчымасьці прадаць гэтую пазыку ды атрымаць хаця б частку грошай.

Як распавёў мне сёньня супрацоўнік амбасады Летувы ў Менску, улады гэтае краіны актыўна шукаюць магчымасьць прадаць каму-небудзь беларускія запазычанасьці.

Паводле майго суразмоўцы, ужо знойдзена адна скандынаўская фірма, якая пагадзілася набыць беларускую запазычанасьць. Адбыліся перамовы на гэтую тэму.

Адзінае, што пакуль стрымлівае падпісаньне кантракту – занадта высокі, на думку летувіскага боку, памер камісійных. Размова йдзе пра 18 адсоткаў ад агульнай сумы – гэта каля 12 мільёнаў даляраў. Таму, паводле апошняй інфармацыі, Летува працягвае перамовы й адначасова шукае новага магчымага партнэра, які б пагадзіўся на больш мяккія ўмовы.

Беларусь доўгі час не цалкам разьлічвалася за электраэнэргію, якую пастаўляла Летува зь Ігналінскай атамнай станцыі. Прычым, летувісы спачатку не настойвалі на тэрміновым пагашэньні запазычанасьцяў.

Як патлумачылі ў амбасадзе Летувы, па-першае, ня хацелася парушаць традыцыйныя добрасуседзкія стасункі; па-другое, Летуве фактычна ня было каму так зручна прадаваць лішкі электраэнэргіі. Ігналінская АЭС у савецкі час і будавалася ў значнай ступені ў разьліку на патрэбы Беларусі.

Аднак цярпеньне летувісаў ня магло быць бясконцым. І справа ня толькі ў грашах. Чым бліжэй выбары ў Сэйм, тым часьцей мясцовыя сацыял-дэмакраты ставяць перад урадам пытаньне: да якога часу Летува будзе фінансаваць чужую дзяржаву?

Каб вырашыць праблему, яшчэ год таму Беларусь наведала дэлегацыя на чале зь міністрам замежных справаў Летувы. Афіцыйныя беларускія асобы прызналіся: валюты для разьліку няма, таму адзіным выйсьцем можа быць бартэр. Суседзі папрасілі, у першую чаргу, калійныя і азотныя ўгнаеньні, драўніну, мэблю, лекі…

Але ўсе гэтыя тавары лёгка прадаць за валюту. Таму беларускія прадпрыемствы, якім даручылі пастаўкі ў Летуву, усялякімі спосабамі ігнаравалі гэтае заданьне. Не дапамагло зьмяніць сытуацыю і наданьне 24 сакавіка мінулага году адмысловай пастановаю беларускага ўраду пастаўкам у Летуву статусу дзяржаўнага заказу.

Вось чаму летувісы вымушаныя цяпер спыніць пастаўкі энэргіі ў Беларусь і прадаваць беларускую запазычанасьць.

Самае, бадай, дзіўнае, што, нягледзячы на гэта, беларускія афіцыйныя асобы напрыканцы мінулага году некалькі разоў зьвярталіся ў Вільню з просьбаю пра збожжа. Але набыць яго хацелі не за наяўную валюту, а пад ураджай 2000 году. Летувісы ад прапанаваных кантрактаў адмовіліся. Паводле майго суразмоўцы з амбасады, пасьля таго, што адбылося з пастаўкамі электраэнэргіі, па-іншаму й быць не магло.

XS
SM
MD
LG