Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Старшыня Савету міністраў Беларусі Сяргей Лінг забавязаў кіраўнікоў ведамстваў ды ўстановаў, якія падначаленыя ўраду, строга захоўваць патрабаваньне заканадаўства пра ўжываньне ў афіцыйнай перапісцы блянкаў на абедзьвюх дзяржаўных мовах. Пра гэта паведамілі нашаму радыё ў сакратарыяце Таварыства Беларускае Мовы.

На поўнае ігнараваньне беларускае мовы чыноўнікамі вышэйшага дзяржаўнага рангу актывісты ТБМ зьвярнулі ўвагу, сутыкнуўшыся зь Міністэрствам сувязі. Пра гэта мы распавядалі нашым слухачом на мінулым тыдні.

Тады ж нашая праграма паведаміла, што старшыня ТБМ Алег Трусаў зьвярнуўся ў Канстутыцыйны суд з просьбаю змусіць высокіх службоўцаў выконваць дзейнае заканадаўства аб дзяржаўнасьці беларускае мовы.

І вось ТБМ атрымала ад ахоўнікаў закону адказ наступнага зьместу. Цытую: "…у сувязі са зваротам Канстытуцыйнага суду прэм'ер-міністар Рэспублікі Беларусь забавязаў кіраўнікоў міністэрстваў ды іншых рэспубліканскіх ворганаў дзяржаўнага кіраваньня, аб'яднаньняў, падначаленых ураду Рэспублікі Беларусь, вабласных выканаўчых камітэтаў ды Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту строга захоўваць патрабаваньне заканадаўства аб ужываньні ў афіцыйнай перапісцы блянкаў на абедзьвюх дзяржаўных мовах".

Дзіўнае ўказаньне ва ўмовах пакуль што сувэрэннай краіны, грамадзянам якое, дзеля таго, каб мець мажлівасьці афіцыйных стасункаў з чыноўнікамі на мове, якая дае назву гэтай краіне, патрэбна заклікаць на дапамогу Канстытуцыйны суд.

А той, ня маючы магчымасьці караць, усяго толькі просіць урад указаць намэнклятуры на неабходнасьць выкананьня закону. Дык ці будуць чыноўнікі выконваць указаньне, калі не выконваюць Канстытуцыю (нават тую, якой зараз служаць)?

Зрэшты, актывісты ТБМ, змусіўшы ўладу на любы, нават самы нязначны крок у бок беларушчыны, лічаць яго важкім на шляху адраджэньня, ды намераныя кантраляваць дадзеныя абяцаньні ды ўказаньні.

XS
SM
MD
LG