Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У судзе Ленінскага раёну Менску аднавіўся працэс па справе дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава і яшчэ васьмі грамадзянаў, якіх таксама абвінавачваюць у карысьлівых злачынствах у час пабудовы сумнавядомага элітнага дому на вуліцы Лодачнай. Сёньня абарона Клімава ды іншых абвінавачваных хадайнічала пра выклік у суд у якасьці сьведкі старшыню Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ярмошына.

Трыццаць два дні хварэў Андрэй Клімаў пасьля таго, як яго зьбілі ў сьледчым ізалятары. І вось судзьдзі вырашылі, што абвінавачваны паправіўся нагэтулькі, што можа ўдзельнічаць у паседжаньні.

Але, каб увесьці Клімава ў судовы працэс, судзьдзі Веры Тупік давялося выканаць нязначную, але, было бачна, ня вельмі для яе прыемную фармальнасьць – абвесціць, што судовая калегія зноў дазваляе мяцежнаму дэпутату прысутнічаць у зале.

Нагадаю, летась на пачатку сьнежня судзьдзя выдаліла Клімава, і менавіта гэтае выдаленьне справакавала потым канфлікт у сьледчым ізалятары, у выніку чаго дэпутата зьбілі ахоўнікі.

Абарона Клімава лічыць, што мінулы месяц паказаў беспэрспэктыўнасьць спробаў запалохаць дэпутата, прымусіць яго прызнаць сябе вінаватым.

Аднак далося гэта вялікай цаною – сёньня адвакаты Клімава прадставілі новае хадайніцтва, у якім мяркуецца, што дэпутат захварэў на цукравы дыябет і яму пагражае сур'ёзная хвароба сэрца. Усё гэта – вынік зьбіцця, – лічаць адвакаты й просяць вызваліць вязьня пад падпіску аб нявыязьдзе.

Судзьдзі параіліся й просьбу адхілілі. Адзінае, на што пагадзілася судовая калегія – запатрабаваць зь ізалятару мэдычныя справаздачы пра здароўе Клімава, каб потым рабіць высновы, як зь ім абыходзіцца.

Адвакаты, відаць, іншага й не чакалі, і заявілі яшчэ адно важнае хадайніцтва – прапанавалі выклікаць у суд менскага "мэра" Ўладзімера Ярмошына, чый подпіс стаіць на дамове аб будаўніцтве дома.

Ярмошын у той час быў намесьнікам старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту, адказваў за будаўніцтва, але яму зусім не абавязкова было ставіць подпіс пад дакумэнтам, які аддаваў перавагу ў будаўніцтве вельмі выгаднага аб'екта фірме Андрэя Клімава. З чым зьвязаная гэтая перавага? Ці не было з боку намесьніка "мэра" асабістай зацікаўленасьці?

Гэта – трэцяя спроба выклікаць Ярмошына ў суд, каб даведацца адказы на гэтыя пытаньні. Ці будзе яна ўдалай, стане вядома заўтра.

Наколькі гэта важна, патлумачыў мне адвакат Клімава Гары Паганяйла: "…Дзейнічае дамова, як фундамэнт гэтай справы. На працэсе высьветлілася, што часткова будоўля вялася й на грошы фірмы Клімава, і на грошы гарадзкога выканаўчага камітэту. Вось мэр Ярмошын і мог бы пацьвердзіць у судзе характар стасункаў і тое, што аб'ект дамовіліся пабудаваць пад ключ. І таму трэба ўлічыць усе страты, а не запісваць адзін бок у злодзеі.

Праблема ж у тым, што суд упарта не жадае выклікаць Ярмошына. Калі й цяпер нашае хадайніцтва адхіляць, мы пераканаемся, што судзьдзяў не цікавіць праўда ў гэтай справе", – гэтак лічыць адвакат Клімава Гары Паганяйла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG