Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску пачала дзейнічаць рабочая група ў справе стварэньня "Беларускага камітэту супраць вайны ў Чачні", у якую увайшлі прадстаўнікі БНФ (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі), "Народнай Грамады", АГП і анархісцкай арганізацыі "Чырвоны Жонд". У блізкім часе сябры рабочае групы маюць намер падаць у Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне сваёй першай публічнай акцыі – пікетаваньня амбасады Расеі, якое адбудзецца на пачатку лютага.

Ідэя стварэньня антываеннага камітэту належыць анархісцкай антыпартыйнай групе "Чырвоны Жонд" на чале з Паўлюком Канавальчыкам, які стаў каардынатарам рабочае групы. Паводле ягоных словаў, мэтаю камітэту павінна стаць аб'яднаньне сілаў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі ў падтрымцы мірнага чачэнскага насельніцтва, якое церпіць ад вайсковых апэрацыяў фэдэральных сілаў Расеі.

Спадар Канавальчык асабліва падкрэсьлівае, што іхны камітэт падтрымлівае ня нейкіх бандытаў і нават не байцоў урадавага войску Ічкерыі, а мірных грамадзянаў, якіх расейскае кіраўніцтва абвясьціла тэрарыстамі й вядзе іх мэтаскіраванае вынішчэньнье.

У якасьці прыкладу таго, што фэдэралы праводзяць у Чачні этнічныя чысткі, Паўлюк Канавальчык прывёў тэкст службовае цыдулкі сакратара Рады бясьпекі Расеі Сяргея Іванова, накіраванай летась 15 сьнежня тагачаснаму старшыні Дзяржаўнай думы Генадзю Селязьнёву. У ёй Іваноў інфармуе Селязьнёва пра паседжаньне Рады бясьпекі пад кіраўніцтвам Уладзімера Пуціна.

Сакратар Рады бясьпекі паведамляе сьпікеру: "…на нарадзе адзначалася, што населеныя пункты горнай Ічкерыі традыцыйна зьяўляюцца маральнай і матэрыяльнай базаю падтрымкі чачэнскіх тэрарыстаў і бандытаў. Жыхары гэтых раёнаў, у адрозьненьне ад чачэнцаў, што жывуць у раўніннай Чачні, ва ўсе часы мелі яскрава антысавецкую, антырасейскую, сэпаратысцкую арыентацыю і заўжды аказвалі дапамогу розным злачынным элементам".

Далей Сяргей Іваноў піша, што "ўдзельнікі нарады сышліся на думцы, што горныя паселішчы чачэнцаў, якія складаюць менш за 20 адсоткаў усіх населеных пунктаў Чачэнскай рэспублікі, не ўяўляюць якой-кольвек значнай эканамічнай ці іншай каштоўнасьці і павінны быць цалкам зьліквідаваныя ў сэктары Бамут—Зандак—Ітумкале. Пры гэтым там павінны быць створаныя ўмовы, абсалютна не прыдатныя дзеля жыцьця людзей. Рэшту мірных жыхароў гэтае часткі Чачні трэба перасяліць у яе паўночныя зацерачныя раёны, ці асыміляваць у іншых рэгіёнах Расеі".

На думку сябраў рабочае групы ў стварэньні антываеннага камітэту, такія паводзіны Масквы зьяўляюцца сапраўдным гэнацыдам супраць чачэнскага народу, а жыхары Беларусі ня маюць аб'ектыўнай інфармацыі пра тое, што цяпер адбываецца ў Ічкерыі. Гаворыць Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) "Фэдэральны цэнтар у Расеі дзейнічае папросту паводле старога прыслоўя – няма чачэнцаў, няма праблемы. Мы будзем як мага шырэй распаўсюджваць гэтую інфармацыю праз і праз незалежныя СМІ, і праз Інтэрнэт, і праз асабістыя кантакты. Бо калі ў Беларусі дагэтуль няма антываеннага камітэту, які б змагаўся за заканчэньне вайны, дык ва ўсіх астатніх эўрапейскіх краінах такія камітэты ёсьць, і, нават, на высокім парлямэнцкім узроўні".

Акрамя інфармаваньня жыхароў Беларусі пра сапраўдны ход вайны ў Чачні, прадстаўнікі антываеннага камітэту зьбіраюцца праводзіць акцыі пратэсту каля прадстаўніцтваў Расейскае Фэдэрацыі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG