Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Учора ў Барысаве дэмакратычная апазыцыя без дазволу ўладаў правяла акцыю супраць парушэньня правоў чалавека і дзеля падтрымкі экс-прэм'ера Міхала Чыгіра, над якім 19 студзеня пачнецца судовы працэс. Бальшыня ўдзельнікаў пікетаваньня была затрыманая міліцыяй. Да некаторых ахоўнікі парадку спрабавалі ўжыць сілу.

Учора апоўдні на Цэнтральны пляц Барысава выйшлі каля дзесяці прадстаўнікоў ад філіяў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх араганізацыяў – БНФ (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі), БСДП "Народная Грамада", БСДГ і "Маладой Грамады". Да іхных грудзёў былі прымацаваныя плякаты з лёзунгамі: "Рукі прэч ад Чыгіра!", "Захаранка, Ганчар – хто наступны?", "Дыктатура ня пройдзе!" Пікет аздабляла ня толькі партыйная сымболіка, але й гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг.

Там жа ўдзельнікі пікету раздавалі барысаўцам сьвежыя нумары апазыцыйных выданьняў. Некаторыя мінакі выказваліся перад пікетоўцамі ды натоўпам, што тут сабраўся, адносна цяперашняга сацыяльна-эканамічнага становішча, у якім апынуліся яны ды іхныя сем'і. Пікет стаў нагадваць невялікі антылукашэнкавы мітынг.

Акцыя пратрымалася 26 хвілінаў. Міліцыянты з тутэйшага гарадзкога аддзелу нутраных справаў прыехалі ажно на двух "варанкох" і мікрааўтобусе. Забралі й завезьлі ў пастарунак Анатоля Аскерку, лідэраў партыйных арганізацыяў БСДП "Народная Грамада" й БСДГ Аляксандра Абрамовіча ды Генадзя Гаўрусева, а таксама актывістку "Народнае Грамады" Алесю Ясюк.

Ахоўнікі парадку спрабавалі прымусова далучыць да затрыманых і кіраўніка барысаўскай арганізацыі "Маладая Грамада" Зьміцера Абрамовіча, які праводзіў тут фатаздымку. Але гэты трэніраваны, фізычна моцны чалавек разам са сваёй жонкаю Тацянай на сілу адказаў сілаю і ў літаральным сэнсе адбіўся на вачох ашаломленага натоўпу ад міліцыянтаў – яны так і ня здолелі зацягнуць Зьміцера ў мікрааўтобус, а потым самі ж ад гэтага намеру адмовіліся.

У пастарунку на ўсіх затрыманых склалі пратаколы, якія, дарэчы, Аляксандар Абрамовіч і Алеся Ясюк не падпісалі. А Анатоль Аскерка запатрабаваў у капітана Кірына перакладніка, за што міліцыянт паабяцаў яму 15 гадоў Калымы.

Тым ня меней, выконваючы абавязкі начальніка гарадзкога аддзелу нутраных справаў Мікалай Падабед прыкладна праз гадзіну адпусьціў затрыманых. Нагадаю, што з восені мінулага году справы на затрыманых удзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў апазыцыі ў Барысаве ў суд не перадаваліся.

XS
SM
MD
LG