Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Кіраўнік камісіі дзяржаўнага будаўніцтва лукашэнкавай "Палаты прадстаўнікоў" Анатоль Красуцкі заявіў сёньня, што ў праекце Выбарчага кодэксу ўлічаныя амаль усе заўвагі й прапановы, зробленыя Кансультацыйна-наглядальнай групаю АБСЭ ў Беларусі. На думку Красуцкага, калі выбары пройдуць у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, не прызнаць іх легітымнасьць будзе вельмі складана.

Разгляд праекту кодэксу ў другім чытаньні прызначаны на 24 студзеня. Паводле словаў спадара Красуцкага, пад час дапрацоўцы заканапраекту пасьля першага чытаньня ў дакумэнт унесены шэраг істотных зьменаў, на якіх настойвала група АБСЭ.

У прыватнасьці, зьнятыя абмежаваньні на колькасьць перадвыбарчых плякатаў; скасаваная забарона вылучацца кандыдатамі асобам, якія атрымалі адміністрацыйнае спагнаньне праз суд; уведзены больш спрыяльны для кандыдатаў парадак спраўджаньня подпісаў, сабраных у іхную падтрымку; у другім туры выбараў мяжа яўкі зьніжаная зь 50 да 25 адсоткаў.

Анатоль Красуцкі лічыць, што цяпер, пасьля ўнесеных зьменаў, праект кодэксу адпавядае міжнародным стандартам. Ён спаслаўся на заключэньне камісіі "За дэмакратыю праз права" Рады Эўропы, у якім адзначана, што праект здавальняючы й можа быць выкарыстаны дзеля правядзеньня дастаткова справядлівых выбараў.

У праекце ня ўлічаныя прапановы групы АБСЭ, якія, паводле словаў сябраў "палаты", супярэчаць лукашэнкавай Канстытуцыі. У прыватнасьці, не прынятая прапанова дазволіць кандыдатам выкарыстоўваць дзеля правядзеньня перадвыбарчае кампаніі ўласныя сродкі.

Прадстаўнікі групы АБСЭ неаднаразова заяўлялі, што выбары будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, калі ўмовы выбарчага працэсу будуць выпрацаваны праз дыялёг з апазыцыяй. Як вядома, адпаведныя перамовы нават не пачыналіся. Сябры "Палаты прадстаўнікоў" заяўляюць, што апазыцыя сама адмовілася браць удзел у падрыхтоўцы кодэкса й накіроўваць у "Нацыянальны сход" свае прапановы.

Але апазыцыя разам зь міжнароднымі арганізацыямі не прызнае палаты "Нацыянальнага сходу" легітымнымі і ня мела, і ня мае намеру весьці зь імі якія б то ні было перамовы.

Дзеля міжнароднага прызнаньня парлямэнцкіх выбараў ёсьць яшчэ адная ўмова – статус парлямэнту, ягоныя паўнамоцтвы. Паводле лукашэнкавай Канстытуцыі, гэтыя паўнамоцтвы надзвычай абмежаваныя – Лукашэнка можа кіраваць дзяржаваю дэкрэтамі, нават не зьвяртаючы ўвагі на заканадаўчы ворган. У прынцыпе гэта пытанне канстытуцыйнае, але Анатоль Красуцкі лічыць, што нейкім чыным паўнамоцтвы парлямэнту можна пашырыць праз закон аб "Нацыянальным сходзе".

Палітыка ўладаў зразумелая: яны ня хочуць ісьці на перамовы з апазыцыяй, але згодныя пайсьці на саступкі патрабаваньням Захаду, якія не кранаюць лукашэнкаву Канстытуцыю.

Той жа Анатоль Красуцкі выказаў меркаваньне, што, калі выбары пройдуць у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, не прызнаць іхныя вынікі будзе вельмі цяжка, нават калі апазыцыя адмовіцца браць у іх удзел. Пры гэтым, паводле зьвестак Красуцкага, частка апазыцыі – у прыватнасьці, камуністы Калякіна й лібэрал-дэмакраты Гайдукевіча – на выбары пойдуць у любым выпадку, нават у "Палату прадстаўнікоў".

Пра ўсё гэта сябры "Палаты прадстаўнікоў" афіцыйна паведамілі сёньня на прэсавай канферэнцыі.

Але некаторыя дадатковыя моманты я здолеў высьветліць, так бы мовіць, у прыватным парадку. Мне паведамілі, што кіраўнік Кансультацыйна-наглядальнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік папярэдзіў улады, што згода апазыцыі браць удзел у выбарах зьяўляецца для АБСЭ ключавым момантам: калі апазыцыя адмовіцца – прызнаньня легітымнасьці выбараў ня будзе.

Другі сюжэт, пра які мне паведамілі, зьвязаны з чуткамі пра магчымасьць правядзеньня сёлета прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта пісалі расейскія і беларускія газэты. У мінулую суботу пра такую магчымасьць было адкрыта заяўлена ў праграме беларускай тэлевізіі "Панарама".

Крыніцы ў "Палаце прадстаўнікоў" параілі сачыць за дзеяньнямі Лукашэнкі. Яны адзначылі, што на самой справе для прыняцьця кодэксу яшчэ ёсьць час – ён павінен быць гатовы не пазьней як да 27 ліпеня, за 4 месяцы да сканчэньня паўнамоцтваў Палаты паводле лукашэнкавай Канстытуцыі.

Калі "Савет рэспублікі" верне кодэкс на дапрацоўку, ці гэта зробіць сам Лукашэнка – значыць, будуць толькі парлямэнцкія выбары. Калі ж пасьля прыняцьця кодэкса "Палатаю прадстаўнікоў" 24 студзеня яго ў хуткім часе падтрымаюць і верхняя палата "Нацыянальнага сходу", і Лукашэнка – гэта, лічаць сябры "Палаты прадстаўнікоў", будзе сьведчыць пра намер правесьці сёлета й парлямэнцкія, і прэзыдэнцкія выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG