Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Рэзалюцыя Парлямэнцкай Асамблеі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе ў справе Беларусі ў мінулую пятніцу не была ўхваленая, паколькі супраць выступілі прадстаўнікі чатырох краінаў – Расеі, Арменіі, Кіргізіі і Казахстану. Пасьля заканчэньня паседжаньня наш карэспандэнт у Вэне Аляксандар Лукашук папрасіў пракамэнтаваць ягоныя вынікі ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі – старшыню Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага і ягонага намесьніка Анатоля Лябедзьку.

(Шарэцкі: ) "Я станоўча адношуся да той рэзалюцыі, якую падрыхтаваў Севярын са сваёй групай. І канешне, каб яна была прынятая, ды яшчэ з папраўкай славака, то гэта нас бы зусім задавальняла".

Прадстаўнік Славаччыны выступіў з наступнай папраўкай: "АБСЭ папярэджвае ўрад Беларусі аб тым, што вынікі выбараў ня будуць прызнаныя ў выпадку, калі сур'ёзны дэмакратычны дэфіцыт, які зараз існуе ў краіне і які і стаў прычынай палітычнага і канстытуцыйнага крызіса, ня будзе неадкладна ўхілены".

(Лукашук: ) "Спадар Лябедзька, сёньня вы вельмі важную заўвагу зрабілі, задаўшы пытаньне – а куды менавіта будуць гэтыя выбары? Як у гэтай сувязі, з пункту гледжаньня такога падыходу, вам падаецца, ці мае сэнс абмеркаваньне працэсу, калі вынік загадзя ня мае сэнсу?"

(Лябедзька: ) "Самае страшнае, калі наогул пра праблему не вядзецца дыскусія. Таму наш прыезд і ўдзел у дыскусіі – гэта ўжо станоўчы фактар. Па-другое, на самой справе мы ня ставім пытаньне, што павінна быць першачарговым – ці мы павінны вызначыцца, куды будуць выбары, ці засяроджваць увагу толькі на саміх выбарах. На наш погляд, у першую чаргу мы павінны вызначыць, што гэта будзе за структура – ці гэта будзе рэальны парлямэнт, які грунтуецца на прынцыпе падзелу ўладаў, ці гэта будзе вельмі дрэнная копія нават не парлямэнту, а нейкай дзівоснай структуры, якая сёньня існуе. Гэта – прынцыповае пытаньне. І калі мы на яго сёньня не адкажам, дык праводзіць выбары, нават паводле дэмакратычных свабодных правілаў, – гэта не вырашэньне пытаньня Беларусі".

(Лукашук: ) "Спадар Шарэцкі, як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю? Гэта пытаньне – канстытуцыйнае зноў".

(Шарэцкі: ) "Ну ў нас зноў на гэты конт няма разыходжаньняў са спадаром Лябедзькам. Сапраўды, перш за ўсё трэба высьветліць, у які парлямэнт будуць праходзіць выбары. Могуць быць свабодныя дэмакратычныя выбары, але калі яны будуць праходзіць у той парлямэнт, які сёньня зьяўляецца кішэнным у спадара Лукашэнкі, дык навошта тыя выбары? Яны ж нават на кропельку не прасунуць справу дэмакратыі ў Беларусі. Самі па сабе яны ж нічога ня значаць, калі яны не заканчваюцца тым, што Беларусь будзе вернутая на дэмакратычны шлях разьвіцьця. Для гэтага, я пагаджаюся тут са спадаром Лябедзькам, нам трэба вырашыць спачатку, які будзе парлямэнт, якія будуць ягоныя функцыі. Тады ўжо другое пытаньне – як будуць праводзіцца выбары ў гэты парлямэнт".

(Лукашук: ) "Пакуль мы бачым, што гэтае пытаньне не абмяркоўваецца. Ва ўсялякім выпадку, пад час маёй размовы з Севярынам, той сказаў, што ён гэтае пытаньне ня лічыць галоўным, ён лічыць галоўным працяг дыялёгу. У гэтай сувязі яшчэ адно пытаньне да вас, спадар Лябедзька. Севярын, выступаючы сёньня, зрабіў асаблівы акцэнт на ролю, якую ў дэмакратызацыі Беларусі можа адыграць Расея. Як бы вы пракамэнтавалі і ягоны падыход, і рэакцыю расейскага боку?"

(Лябедзька: ) "Ён мае рацыю, калі гаворыць пра асаблівую ролю Расеі. Расея – сусед з магутным уплывам на Беларусь, прычым і палітычным, і эканамічным. Фактычна, дзякуючы Расеі і ўтрымліваецца сёньня беларускі рэжым. Каб не было фінансавых датацыяў, і каб Расея не выконвала ролю адваката на міжнародным узроўні, дык рэжым Лукашэнкі даўно стаў бы гісторыяй. Таму з Расеяй, я тут пагаджаюся, трэба працаваць. Я думаю, што той прадстаўнік, які сёньня выступаў, гэта, ўсё ж такі – ня ўся Расея, так скажам. Гэта такі тыповы падыход левых, левацкіх сілаў, інакш кажучы, чырвоных, якія глядзяць на Беларусь, як на ўскраіну. А мы будзем шукаць такіх людзей, якія пагодзяцца зь намі, што дя Расеі сёньня лепш мець незалежную, сувэрэнную, дэмакратычную, прагназуемую Беларусь, чым вось такое ўтварэньне ў складзе Расейскай Фэдэрацыі і з такой непрадказальнай фігурай, як былы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка".

(Лукашук: ) "Спадар Шарэцкі! Сёньня прадстаўнікі Расеі і Кіргізіі выступілі з папановай даць слова Канаплёву, які таксама прыляцеў сюды. Скажыце, у неафіцыйных умовах, вы сустракаліся з Канаплёвым?"

(Шарэцкі: ) "Ну так, Канаплёў падыходзіў да нас, павітаўся, пагаварыў, сказаў, што ён вельмі заклапочаны, што ён у кішэнным парлямэнце там, і, маўляў, для нас гэта вельмі кепска. Ён меў на ўвазе сябе. Я думаю, каб яму было кепска, дык ён бы вызначыўся ў 96 годзе. Той, хто лічыў, што гэта парлямэнт кішэнны, той туды не пайшоў, каб быць у кішэні ў Лукашэнкі. А ён жа пайшоў. Што гэта за парлямэнт, калі ён нават алоўкаў сваіх ня мае?.."

(Лябедзька: ) "Я станоўча ацэньваю прысутнасьць Канаплёва. Хай у яго няма статуса, хай у яго не было і магчымасьці выступіць, хаця яны ўжо гэта: Мы атрымалі паперу зь міністэрства замежных справаў, дзе сказана, што яны перадаюць у дадатак да вступа Канаплёва яшчэ матэрыялы. Яшчэ самога выступу не было, а яны ўжо плянавалі, што будзе такі выступ. Але ягоная прысутнасьць, яна – станоўчая, бо ён прысутнічаў пры гэтай дыскусіі. І ён ня можа ня бачыць, што іх пункт гледжаньня, іх пазыцыя – у падаўляючай меншасьці. Калі з 55 краін трлоькі 4 выказваюцца ў падтрымку пазыцыі Лукашэнкі, то гэта – параза. І, натуральна, трэба зразумець, што ніхто не прызнае ў Эўропе, калі гэтыя выбары пойдуць па сцэнары Лукашэнкі. Ну і тут няма пытаньняў. Лукашэнка можа езьдзіць у Казахстан, у Кіргізстан, у Арменію – гэта якраз тыя краіны, прадстаўнікі якіх падтрымалі іх. Але гэта не азначае, што не йснуе міжнароднай ізаляцыі. Якраз для іх самае галоўнае – пазыцыя эўрапейскіх краінаў, пазыцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі. А тут пазыцыя на сёньняшні дзень вельмі прынцыповая. Таму я думаю, што ён таксама павязе пэўныя ўражаньні і будзе дакладаць свайму патрону, што сытуацыя – не бліскучая".

(Шарэцкі: ) "Беларусь – эўрапейская краіна, ўсё ж такі. А ніводная эўрапейская дзяржава не падтрымала прапанову Расеі. Гэта ўсё – вы ж ведаеце – зь якіх рэгіёнаў, хто і па якіх прычынах падтрымаў. Тая ж Кіргізія, той жа Казахстан і тая ж Арменія. А мы ўсё ж такі – я яшчэ раз хачу засяродзіць увагу – эўрапейская краіна, і Эўропа падтрымвае Вярхорўны Савет, Эўропа падтрымвае той варыянт выбараў, які прывядзе да нейкіх станоўчых вынікаў па вяртаньні Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG