Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

У змаганьні супраць расейскіх войскаў у Ічкерыі чачэнскія сілы эфэктыўна выкарыстоўваюць тактыку імгненных нападаў і адыходаў. Аб гэтым сказаў у Вашынгтоне міністар замежных справаў Чачні Альяс Ахмадаў. Сам факт ягонага перабываньня ў Злучаных Штатах Амэрыкі выклікаў рэзка адмоўную рэакцыю ў Маскве.

Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША паведаміў у чацьвер, што ягоныя супрацоўнікі мелі рабочыя кантакты зь міністрам замежных справаў Рэспублікі Ічкерыя Альясам Ахмадавым. Сустрэча адбылася ў адным з гатэляў у Вашынгтоне. Як заявіў на брыфінгу прадстаўнік дзяржаўнага дэпартаманту Джэймс Рубін:

(Рубін: ) "Мы разглядаем спадара Ахмадава ня як міністра замежных справаў незалежнае Чачні, але як прыватную асобу й грамадзяніна Расейскае Федэрацыі. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, у адпаведнасьці зь ягонай практыкай, пасьлядоўна вывучае шырокі спэктар розных пунктаў погляду з розных расейскіх рэгіёнаў. Мы маем таксама багатую практыку сустрэчаў з рознымі бакамі канфлікту".

Паводле словаў Джэймса Рубіна, супрацоўнікам аддзелаў дзяржаўнага дэпартамэнту ў справах дэмакратыі, правоў чалавека, у справах уцекачоў ды міграцыі, а таксама ў справах Расеі, было даручана абмеркаваць з Ахмадавым канфлікт у Чачні ды ягоныя гуманітарныя аспэкты.

Расейскі ўрад пратэставаў супраць плянаў візыту Ахмадава ў ЗША і заявіў, што не выдаваў яму выязной візы.

Як піша сёньня "New York Times", Ахмадаў у сваім інтэрвію ў чацьвер заявіў, што ён прыбыў у Вашынгтон прасіць адміністрацыю Клінтана, каб яна схіліла Маскву да перамоваў наконт заканчэньня вайны ў Чачні. "Мы ня просім грошай альбо зброі. Мы просім крыху ўвагі ды парадаў, каб мы маглі стварыць нармальную цывілізаваную краіну," – сказаў Альяс Ахмадаў.

Ён параўнаў расейскае войска з дзіком, на якога напалі разьюшаныя сабакі. Паводле словаў Ахмадава, паколькі чачэнскія сілы, узброеныя старымі расейкімі гранатамётамі, выкарыстоўваюць гнуткую тактыку імгененных нападаў і адыходаў, страта Грознага ня была б вялікім ударам для іх. Нават калі мы страцім яго, – сказаў Ахмадаў, – мы знойдзем іншая мейсца для нападу на расейскія войскі.

Хаця расейскія афіцыйныя асобы запэўніваюць, што яны вярнулі пад свой кантроль паселішча Аргун каля Грознага, расейскія жаўнеры ня лічаць, што небясьпекі з боку чачэнскіх сілаў там больш няма. "Асьцярожна – вакол снайперы" – папярэджваюць расейкія афіцэры.

Тым часам, піша "New York Times", расейскія войскі цалкам зачынілі чачэнска-інгускую мяжу ды правяраюць усіх чачэнцаў ва ўзросьце ад 10 да 60 гадоў.

Аддзелы ўнутраных войскаў пільна праглядаюць у Аргуне дом за домам ад паддашкаў да падвалаў і, нават, студні у пошуках чачэнскіх байцоў альбо іхных прыхільнікаў.

Афіцыйныя ўлады паведамілі, што ў сутычках з чачэнцамі ў Аргуне ў сыботу загінулі чатыры і былі параненыя пяць жаўнераў. Аднак, некаторыя зь іх сьцьвярджаюць, што на самой справе былі забітыя, прынамсі, 30 чалавек.

Яшчэ да пачатку апошніх баёў Аргун уяўляў сабой змрочнае відовішча. У сьнежні тут не было ані газу, ані электрычнасьці, ягоныя жыхары не атрымліваюць ні пэнсію, ні зарплату. Уцекачы, якія перабраліся сюды зь яшчэ больш небясьпечных мясьцінаў, пакутуюць праз голад і холад. Школы яшчэ адчыненыя, але транспарт не працуе. Аднак, мяйсцовы рынак зноў адчыніўся.

У апошнія дні вакол места актывізаваліся снайперы. Таму расейскія войскі паводзяць сябе вельмі асьцярожна. Гелікоптэры ляцяць у некалькіх дзясяткаў мэтраў над гарыстай паверхняй і некалькі разоў рэзка зьмяняюць накірунак перад тым, як прызямліцца ў Аргуне.

Расейцы кажуць, што яны павінны лепш падрыхтавацца на выпадак новага нападу чачэнцаў. Амонаўцы кажуць, што вайскоўцам неабходна больш моцна заблякаваць усе дарогі. Аднак, многія не сумняюцца, што гэтыя захады перасьцярогі дадуць толькі часовае адпружаньне. Напрыклад, адзін афіцэр АМОНу з Хабараўску сказаў журналісту з "New York Times", што, на ягоную думку, вайна будзе працягвацца, пакуль ёсьць магчымасьць зарабляць грошы на нафце ў Чачні".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG