Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Зьбіраючыся ў Чэхію, не забудзьце фотаздымкі.
Польшча, як паведамляе інтэрнэтавая старонка Open by, рыхтуецца скасаваць бязьвізавы рэжым з 15 краінамі, сярод якіх Беларусь і іншыя краіны былога СССР. Чэхія ад 1 студзеня ўжо зьмяніла свае правілы для знаходжаньня замежнікаў на яе тэрыторыі. Раней мы паведамлялі пра некаторыя дэталі новага чэскага закандаўства . Гэтым разам – падсумуем і ўдакладнім іх, паколькі гэтая інфармацыя можа быць надзвычай карыснаю для нашых слухачоў і пазбавіць іх ад непажаданых праблемаў пры падарожжы.

Па-першае, ўдакладнім, што пакуль ня йдзе гаворка пра ўвядзеньне візавага рэжыму паміж Чэхіяй і Беларусьсю. Грамадзяне Беларусі, якія едуць у Чэхію як турысты, па-ранейшым мусяць мець турыстычны ваўчар або запрашэньне ад некага ў Чэхіі, хто гарантуе пражываньне ды іншыя выдаткі госьця. Пры адсутнасьці такога запрашэньня ці гарантыйнага пісьма, неабходна мець мэдычную страхоўку, а таксама грашовыя сродкі для пражываньня ў Чэхіі. Памежнікі патрабуюць прад'яўленьня канвэртаванай валюты або міжнароднай крэдытнай карткі.

Новым ускладненьнем зьяўляецца неабходнасьць запоўніць на мяжы так званую hrani?n? pr?vodku – анкету ў двух экзэмплярах, прычым, па-чэску, або, прынамсі, лацінскімі літарамі. У анкеце ўказваюцца імя і прозьвішча, дата нараджэньня, грамадзянства, пол, месца і мэта падарожжа, а таксама яго плянаваная працягласьць.

На кожны з экзэмляраў анкеты наклейваецца фатаграфія памерам 3 на 4 сантыметры. Вялізныя чэргі, што ўтварыліся на памежных пераходах Чэхіі ў першыя дні новага году, былі зьвязаныя менавіта з гэтым новаўвядзеньнем. Калі з запаўненьнем анкеты турысты так-сяк спраўляліся, то фатаграфій практычна ня меў ніводны. Былі выпадкі, калі турыстычныя групы замяўлялі фатографа на польскай тэрыторыі і цэлым аўтобусам чакалі, пакуль той прыедзе, сфатаграфуе, вернецца ў лябараторыю, надрукуе фатаграфіі і прывязе на мяжу.

Шматлікія скаргі на нечаканасьць увядзеньня новых правілаў, а таксама сітуацыя, блізкая да хаосу, прымусілі чэхаў зьмякчыць свае патрабаваньні – цяпер анкеты бяз здымкаў прымаюцца да канца студзеня, але зь 1 лютага нікому ня будзе зроблена выключэньня.

Гэтыя анкеты заведзеныя па ініцыятыве чэскага міністэрства ўнутраных справаў, якое настойвае на неабходнасьці кантраляваць рух замежнікаў, і, ў прыватнасьці, тое, калі яны ўяжджаюць і калі выяжджаюць з тэрыторыі Чэхіі. Вельмі важна падчас знаходжання ў Чэхіі ня страціць другую частку анкеты, якую ад вас запатрабуюць пры выездзе.

Больш сур'ёзная працэдура чакае тых, хто зьбіраецца працаваць, займацца прадпрымальніцтвам або вучыцца ў Чэхіі – гэта значыць, знаходзіцца там больш, чым месяц. У гэтым выпадку спатрэбіцца чэская віза, якую нельга атрымаць на мяжы, а толькі ў чэскіх амбасадах ці кансулятах. Паводле пяпярэдніх зьвестак, віза на тэрмін да трох месяцаў будзе каштаваць 40-45 долараў.

У гэтыя дні як замежны так і чэскі друк актыўна камэнтуюць новы закон. Асноўныя прэтэнзіі зьвязаныя як зь яго нечаканым увядзеньнем, так і з падзелам замежнікаў на дзьве катэгорыі – з беспраблемных дзяржаваў, такіх як Бэльгія, Вялікая Брытанія, Данія, Францыя, Японія, Канада, ЗША, Швэйцарыя, і шэраг іншых, а з другога боку – так званых праблемных дзяржаваў, да якіх належыць і Беларусь.

Як адзначаюць аглядальнікі, такія палажэньні закона ўспрымаюцца як дыскрымінацыйныя, бо, напрыклад, згаданыя памежныя анкеты турысты з заходніх краінаў запаўняць ня мусяць, ніхто зь іх ня будзе вернуты на радзіму з-за адсутнасьці фатаграфіі на анкеце. Тым ня менш, як піша чэская газэта "Mlada Fronta Dnes", у чарзе пашпартнага кантролю марнуюцца ўсе разам, і турысты з захаду таксама мусяць пачакаць, пакуль будзе марудна прапушчаны нейкі беларус.

XS
SM
MD
LG