Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Эканамічны агляд тыдню прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На мінулым тыдні адбыўся новы ўсплёск інфляцыі. Рэзка падаражэла ўсё: і вытворчыя рэсурсы, і спажывецкя тавары, і паслугі. Так, на Камароўскім кірмашы, які даўно выступае індыкатарам цэнаў, за якіхсьці 6-7 дзён на 70 рублёў падаражэў алей, на 90 рублёў – кіляграм грэцкіх крупаў, на 40 – цукар ды пшанічная мука. На 50-100 рублёў падвысіліся ў цане пачак гарбаты й кавы. Падаражэлі мыйныя сродкі, імпартовыя шампуні ды зубная паста. У цэлым цэны на спажывецкія тавары падскочылі на 15 адсоткаў. І гэта ўсяго за тыдзень.

Устрывожаныя спажыўцы ня могуць зразумець, у чым справа, што адбываецца ў сфэры эканомікі, калі так узрушваецца рынак?

Адказ на гэтае пытаньне відавочны: ані ўрад, ані адміністрацыя Лукашэнкі ня робяць анічога, каб вывесьці эканоміку з крызысу. Не праводзіцца рэструктурызацыя, не пачынаюцца рэформы. Інфляцыя ня толькі не пераадольваецца, а нават плянуецца. Так, паводле прынятага ў другім чытаньні бюджэту прадугледжваецца, што інфляцыя штомесяц будзе складаць 5 адсоткаў. І гэта мінімальны паказьнік. Аналітыкі сьцьвярджаюць, што ўжо ў студзені цэны падскочаць на 10 адсоткаў (а хутчэй за ўсё – яшчэ вышэй).

Верагоднасьць такога разьвіцьця падзеяў на інфляцыйным полі відавочная. Як вядома, урад з пачатку году падвысіў цэны на вадкае паліва аж на 30 адсоткаў. Гэтае падвышэньне адразу адаб'ецца на выдатках вытворчасьці, а гэта азначае непазьбежнае падвышэньне цэнаў як на тавары, гэтак і на паслугі.

Вось сьвежы прыклад. Толькі што ў Міністэрства эканомікі зьвярнулася Міністэрства транспарту й камунікацыяў з прапановаю падвысіць тарыфы на транспартовыя перавозкі на 43 адсоткі. Матывацыя такой прапановы абгрунтаваная: цэны на паліва вырасьлі на 30 адсоткаў, а гэта – галоўны артыкул выдаткаў транспартавікоў.

Аналіз паказвае, што рост цэнаў на пачатку 2000 году абумоўлены ня толькі наўпроставымі дзеяньнямі ўраду (кшталту падвышэньня цэнаў на паліва ці паслугі), але і ўскоснымі дзеяньнямі. Так, дэнамінацыя рублю фармальна не павінна ўзьдейнічаць на рост цэнаў, але ў рэальным жыцьці адбываецца наадварот. Справа ў тым, што побач з дэнамінаванымі рублямі ў абарачэньні застаюцца старыя грошы. У выніку ціск грашовае масы на рынку ўзрасьце, а гэта – новы магутны штуршок дзеля росту цэнаў.

Паводле афіцыйных заяваў, не павінен стымуляваць рост цэнаў і новы парадак абкладаньня гаспадарнікаў падаткам на даданую вартасьць. Але й тут адбываецца нешта неадпаведнае.

Справа ў тым, што рэзка пашыраецца кола падаткаплацельшчыкаў. Падатак мусяць плаціць і індывідуальныя прадпрыймальнікі. Зразумела, што апошнія будуць перакладваць (і ўжо перакладваюць) гэты 20-адсоткавы падатак на спажыўцоў. Адсюль імгненны рост цэнаў на кірмашох сталіцы ды іншых местаў краіны.

Ужо сёньня, на сярэдзіне месяцу, відавочна, што цэны ў студзені прынамсі ўдвая пераўзыйдуць заплянаваны ўрадам 5-адсоткавы ўзровень росту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG