Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

2000 год можа стаць годам адкрыцьця першага беларускага нацыянальнага унівэрсытэту. Пра гэта паведаміў нашаму радыё старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў, які ўзначальвае ініцыятыўную групу ў стварэньні гэтае прынцыпова новае вышэйшае навучальнае ўстановы.

"Першае, што робіць акупацыйная ўлада – зьнішчае нацыянальную вышэйшую адукацыю", – лічыць спадар Трусаў. І дадае, што захопнікі разумеюць, адкуль бярэцца нацыянальная эліта, якая ніколі ня скорыцца з каляніяльным статусам сваёй краіны. Вось адказ на пытаньне, чаму савецкая ўлада пагаджалася зь існаваньнем парэшткаў беларускае пачатковае школы, дазваляла ў вёсках сярэднюю школу, але нацыянальны унівэрсытэт так і не адчыніла.

Сёньняшняя ўлада ў Беларусі ў адукацыйнай палітыцы праводзіць тыя ж каляніяльныя прынцыпы. На шматтысячныя подпісы пад патрабаваньнем нацыянальнага унівэрсытэту урад ня даў аніякага адказу. Праўда, у Міністэрстве адукацыі распрацаваны праект, паводле якога з новага навучальнага году (гэта значыць зь сёлетняга верасьня) у некаторых ВНУ будуць адчыненыя беларускамоўныя навучальныя плыні, якія, аднак, прынцыпова стан рэчаў ня зьменяць.

Група энтузыястаў вырашыла дамагчыся адкрыцьця сапраўды беларускага нацыянальнага унівэрсытэту, на ўзор французкае Сарбоны ці брытанскага Кэмбрыджу. Зь мінулае восені яна распачала падрыхтоўку гэтае дзеі.

Трэба сказаць, што напачатку працы пэрспэктывы яе былі вельмі невыразныя. Але пасьля другога працоўнага паседжаньня ініцыятыўная група ўжо бачыць іх. На думку Алега Трусава, да лета будзе завершаная ўся падрыхтоўчая праца. Ужо набылі абрысы статутныя палажэньні новае ўстановы, якая задумваецца як элітная.

Яна будзе рыхтаваць адмыслоўцаў у двух кірунках. Першы – гэта навуковыя кадры для Нацыянальнай Акадэміі навук. І другі – мэнэджэры, кіраўнікі для ўсіх сфэраў гаспадаркі краіны.

Адсюль плянуемыя факультэты. Ужо амаль гатовы да адкрыцьця прыродазнаўчы. У стадыі актыўнае падрыхтоўкі літаратуразнаўчы, філязофскі, юрыдычны, гісторыка-філялягічны, эканамічны. Дарэчы, гэтым апошнім кіраваць згадзіўся акадэмік трох замежных акадэміяў прафэсар эканомікі Сямён Шарэцкі.

Што ж тычна зьместу навучаньня, то ў яго, апрача спэцыяльных дысцыплінаў, мяркуецца ўвесьці абавязковую для ўсіх студэнтаў лаціну, дзьве сучасныя замежныя мовы, на якіх і выкладаць на старэйшых курсах, а таксама прадметы, так бы мовіць, краіназнаўства. Бо няведаньне нацыянальнае гісторыі ды ўкладу сваіх суродзічаў у міжнародную навуку й гаспадарку таксама ёсьць прынцыпам каляніяльнай адукацыі.

Набор выкладчыкаў пачаўся. Ужо выказалі жаданьне рыхтаваць маладую нацыянальную эліту больш за сорак асобаў. Ініцыятыўная група чакае да сябе новых людзей. Зьвяртацца трэба ў сядзібу ТБМ у Менску.

І апошняе. Кіраўнік ініцыятыўнае групы Алег Трусаў сказаў, што першы нацыянальны унівэрсытэт будзе дзяржаўным. Гэта прынцыповы момант. Праўда, як гэта мажліва ва ўмовах антынацыянальнае дзяржавы, спадар Трусаў пакуль што ня стаў гаварыць.

XS
SM
MD
LG