Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Кіраўніцтва Камітэту працы й занятасьці жыхарства Менскага абласнога выканаўчага камітэту адмовілася звальняць з працы Валянціна Баранава – галоўнага спэцыяліста гэтага камітэту, старшыню абласной рады БНФ (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі). Пакараць Баранава за ягоныя палітычныя погляды патрабавалі некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі гэтае ўстановы.

Старшыня Камітэту працы й занятасьці жыхарства Менскага вабласнога выканаўчага камітэту Валеры Губарэвіч накіраваў службовы ліст намесьніцы старшыні вабласнога выканаўчага камітэту спадарыні Дзейка, у якім паведаміў, што ня лічыць магчымым караць Валянціна Баранава за ягоную палітычную дзейнасьць.

Намесьніца старшыні вабласнога выканаўчага камітэту месяц таму атрымала паведамленьне з вабласной управы нутраных справаў пра "палітычна няслушныя паводзіны" Валянціна Баранава пад час сьвяткаваньня 79-х угодкаў Слуцкага Збройнага чыну. Яна абурылася той акалічнасьцю, што дзяржаўны службовец зарганізаваў не дазволеныя ўладамі мітынг ды маніфэстацыю і запатрабавала ад кіраўнікоў Камітэту неадкладнага прыняцьця захадаў узьдзеяньня.

Вось што Валеры Губарэвіч афіцыйна адпісаў сваёй кіраўніцы:

"Выпадак удзелу галоўнага спэцыяліста камітэту Баранава ў спробе правядзеньня несанкцыянаванага мітынгу ў Салігорскім раёне рэзка асуджаны кіраўніцтвам камітэту. Разам з тым прыняцьцё дысцыплінарных захадаў да Баранава паводле згаданага факту немагчымае, бо ягоныя дзеяньні ажыцьцяўляліся ў вольны час і не зьвязаныя са службовай дзейнасьцю. Супрацьпраўныя захады з боку камітэту выклікалі б непажаданы рэзананс у пэўных колах грамадзкасьці".

Валерыю Губарэвічу Валянцін Баранаў сёньня патлумачыў, што на працы, насамрэч, палітыкаюй не займаецца. А, па–другое, у Менскім вабласным ды Менскім гарадзім выканаўчых камітэтах працуюць людзі розных палітычных поглядаў. Ёсьць, да прыкладу, камуністы з абедзьвюх кампартыяў. А таварыш Чыкін, які ачаляе КПБ і бярэ ўдзел у акцыях роднай партыі, нават ёсьць намесьнікам кіраўніка гарадзкое сталічнае "вэртыкалі". За што ніхто яго не цкуе і ня творыць перасьледу. БНФ – афіцыйна зарэгістраваная легітымная арганізацыя, раўнапраўная зь іншымі палітычнымі партыямі.

Нагадаю, што ранейшыя кіраўнікі вабласнога Камітэту працы й занятасьці насельніцтва на пачатку ды ў сярэдзіне 90-х гадоў двойчы звальнялі Валянціна Баранава за ягоныя палітычныя погляды, але праз суды ён кожны раз аднаўляўся на працы.

XS
SM
MD
LG