Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Юрась Карманаў, Менск

Беларускі Гэльсынскі камітэт і вядомы беларускі адвакат Гары Паганяйла зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд з прапановаю распачаць справу ў пытаньні адпаведнасьці канстытуцыі дэкрэта Лукашэнкі № 40. На думку БГК, гэты дэкрэт уводзіць "карніцкія мэханізмы канфіскацыі маёмасьці й брутальна парушае канстытуцыйныя нормы".

Як паведаміў нашаму радыё Гары Паганяйла, Беларускі Гэльсынскі камітэт і ён асабіста зьвярнуліся ў прэзыдэнцкі парлямэнт, Савет міністраў, Вышэйшы гаспадарчы й Вярхоўны суды з просьбаю ініцыяваць у Канстытуцыйным судзе разгляд справы ў пытаньні адведнасьці Канстытуцыі дэкрэта "Аб некаторых захадах у кампэнсацыі стратаў, нанесеных дзяржаве".

Дэкрэт быў выдадзены 23 лістапада летась. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае ініцыяваньне справаў у Канстытуцыйным судзе грамадзянамі, у сувязі з чым і былі разасланыя звароты.

Нагадаю, што 40-м дэкрэтам уводзіцца норма, згодна зь якой менавіта Аляксандар Лукашэнка без пастановы суду фактычна вырашае пытаньне вінаватасьці той або іншай асобы ў нанясеньні стратаў дзяржаве й выдае загады аб перадачы маёмасьці асобы ва ўласнасьць дзяржаве. Іншымі словамі, як лічыць Гары Паганяйла, зробленая спроба абмежаваць грамадзянаў і юрыдычных асобаў у канстытуцыйным праве валоданьня маёмасьцю (артыкул 58 Канстытуцыі). Пры гэтым, як вынікае са зьместу дэкрэта, кошт канфіскаванае маёмасьці не залежыць ад сумы шкоды, нанесенай дзяржаве, і можа быць значна большым за памеры страты.

Першапачаткова Гары Паганяйла зьвярнуўся ў Ленінскі суд Менску, які адмовіў яму ў распачынаньні справы. Пасьля гэтага аналягічная заява была скіраваная ў гарадзкі суд.

Матывуючы свой зварот у Канстытуцыйны суд, Гары Паганяйла заявіў нашаму радыё:

(Паганяйла: ) "Гэтымі зваротамі мы прадэманструем хто ёсьць хто. Уся гэтая справа заведзеная для таго, каб паказаць, што ўся судовая сістэма, у тым ліку і Канстыттуцыйны суд, ня будуць супрацьдзейнічаць прэзыдэнту і гэтай сытуацыі. Яны, па сутнасьці, сёньня робяць адну справу. І, як мы гаворым, сама судовая ўлада сёньня стала часткаю таго рэпрэсыўнага мэханізму, які раскручвае прэзыдэнт у рэспубліцы.

Прэзыдэнт прадэманстраваў пагарду да такіх падставовых канстытуцыйных правоў, як законнасьць, падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую, і судовую, забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзянаў, прыярытэтнасьць міжнароднага права, прэзумпцыя невінаватасьці, абарона правоў незалежным судом.

Выданьнем гэтага дэкрэту прэзыдэнт даказвае, што ён у сваёй асобе сапраўды сканцэнтраваў паўнамоцтвы трох галінаў улады. Ён пачаў злоўжываць гэтымі правамі і выявіў сваю відавочную пагарду да годнасьці асобы".

Разам з тым, у канцылярыі Канстытуцыйнага суду паведамілі, што заявы Гары Паганяйлы пакуль не атрымалі.

Між тым, 40-ы дэкрэт Лукашэнкі ўжо дзейнічае: літаральна днямі, як паведамляла наша радыё, арыштаваная маёмасьць акцыянэрнага таварыства "Кантогруп" і больш як дваццаці іншых камэрцыйных фірмаў, заснаваньне якіх зьвязваецца з прозьвішчам бізнэсмэна Віктара Лагвінца, вядомага сваім сяброўствам з былым кіраўніком справаў прэзыдэнта Іванам Ціцянковым.

Праваабаронцы выказваюць засьцярогу з нагоды таго, што нормы 40-га дэкрэту могуць быць ужытыя да вядомых асобаў, палітычныя справы супраць якіх узбуджаныя за быццам бы эканамічныя злачынствы.

XS
SM
MD
LG