Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёньня старшыня выканаўчага камітэту СНД Юры Яраў сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам ды іншымі кіраўнікамі Беларусі. Былі канчаткова ўзгодненыя тэрміны й парадак дню правядзеньня 24-25 студзеня ў Маскве чарговае сустрэчы кіраўнікоў краінаў СНД.

Як адзначыў спадар Яраў на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб-кватэры СНД у Менску, асноўным пунктам парадку дню саміту кіраўнікоў Садружнасьці стане ўвядзеньне ў жыцьцё падпісанае дамовы аб зоне вольнага гандлю.

На сёньняшні дзень гэты дакумэнт ратыфікавалі 8 з 11 удзельніцаў СНД. Засталіся Расея, Грузія і Азэрбайджан. І як гэта не парадаксальна, найбольшыя праблемы з ратыфікацыяй дамовы могуць паўстаць у Дзяржаўнай думе. Многія расейскія эканамісты лічаць, што гэтае пагадненьне эканамічна не зусім выгоднае Расеі, якая не павінна расчыняць свае рынкі для танных тавараў і працоўнае сілы з краінаў СНД.

Іншая важная праблема, якую вымушаныя будуць разьвязаць прэзыдэнты дзяржаваў СНД – гэта выбар старшыні Рады кіраўнікоў дзяржаваў, які паводле рэглямэнту, мяняецца кожны год. У 1999-м гэтую пасаду займаў прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Паводле рэглямэнту, на гэтую пасаду заступае кіраўнік краіны паводле чарговасьці расейскага альфабэту. Згодна з альфабэтам, пасьля Расеі ідзе Таджыкістан. Аднак апошнім часам у расейскай прэсе зьявілася інфармацыя, што некаторыя неназваныя кіраўнікі краінаў СНД хацелі б вылучыць на саміце Барыса Ельцына ў якасьці пачэснага старшыні Рады.

Паводле некаторых паведамленьняў, гэтая прапанова выклікала непрыхаванае раздражненьне афіцыйнага Менску. Юры Яраў заявіў журналістам, што гэтае пытаньне на ягоных сустрэчах з прэзыдэнтамі краінаў Садружнасьці ні разу не ўздымалася. Сам старшыня Выканаўчага камітэту, які на прэсавай канфэрэнцыі неаднаразова падкрэсьліваў, што ён толькі выканаўца рашэньняў кіраўнікоў дзяржаваў СНД, зазначыў, аднак, што ён асабіста вітаў бы зьяўленьне Барыса Ельцына на пасадзе пачэснага старшыні.

Зазначым, што яшчэ некалькі дзён таму, 11 студзеня, Яраў катэгарычна адмаўляў, што вылучэньне Ельцына будзе разглядацца на саміце. Сёньня гэтакае катэгарычнае адмовы з вуснаў старшыні выканаўчага камітэту ўжо не гучала. Як адзначыў Яраў, кіраўнікі дзяржаваў прынялі рэглямэнт – яны ж у любы момант могуць унесьці ў гэты дакумэнт патрэбныя ім зьмены.

XS
SM
MD
LG