Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук, палац Гоўбург, Вэна

Сёньня ў Вэне, дзе праходзіць штогадовае паседжаньне Сталага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, разглядалася пытаньне Беларусі. Вярхоўны Савет Беларусі ў залі паседжаньняў у палацы Гоўбург быў прадстаўлены Старшынём Вярхоўнага Савету Сямёнам Шарэцкім і яго намесьнікам Анатолем Лябедзькам. Са сталіцы Аўстрыі перадае Аляксандар Лукашук.

У момант перадачы гэтага матэрыялу рэзалюцыя ў справе Беларусі пакуль не галасавалася, хаця кіраўнік "каманды дэмакратыі", як тут называюць пастаянную маніторынгавую групу АБСЭ ў Менску, спадар Севярын ужо выступіў са справаздачай, і адбылася даволі напружаная дыскусія. Прадстаўнікі Расеі і Кіргізстану выступілі ў абарону афіцыйнага Менску і прапанавалі даць слова аднаму зь кіраўнікоў прэзыдэнцкага парлямэнту Канаплёву, які таксама прыехаў у Вэну.
Аднак прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ спадарыня Дэйн адмовіла, патлумачыўшы, што гэта будзе супраць правілаў і працэдураў, прынятых у АБСЭ.

Спадар Севярын, які прадстаўляў справаздачу групы АБСЭ ў Менску, адзначыў, што сёньня раніцай тут у Гоўбургу адбылася нарада ўсіх удзельнікаў групы. Яны адзінадушна пацьвердзілі свой падыход да сытуацыі ў Беларусі і ацэнку яе. Галоўны сэнс – гэта заклік да працягу дыялёгу, які павінен забясьпечыць у рэшце рэшт свабодныя і справядлівыя парлямэнцкія выбары, што маюцца быццам бы адбыцца сёлета ў Беларусі.

Спадар Севярын адзначыў, што адной з праблемаў дыялёгу стала тое, што ў адстаўку адыйшоў кіраўнік урадавай дэлегацыі на перамовах, а новыя асобы дагэтуль не прызначаныя.

У якасьці асноўных умоваў справядлівых парлямэнцкіх выбараў спадар Севярын назваў доступ да сродкаў масавай інфармацыі, прычым ужо цяпер, а ня толькі падчас выбараў. Таксама, на ягоную думку, павінен быць прыняты новы выбарчы закон альбо кодэкс, і асаблівы акцэнт ён зрабіў на тое, што павінна быць дапушчаная так званая мешаная сыстэма выбараў, прапарцыйна-мажарытарная. Цэнтральная выбарчая камісія ды іншыя выбарчыя камісіі павінны быць дэмакратычна абраныя прадстаўнікамі ўсіх палітычных партыяў. І ў якасьці таксама важнай умовы гэтага працэсу Севярын назваў тое, што ўсе палітычныя лідэры, у тым ліку тыя, хто маюць адміністрацыйныя судовыя спагнаньні і, паводле дэкрэту, ня могуць быць дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах, мусяць быць дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах.

Свой кароткі выступ спадар Севярын завяршыў заклікам да расейскай дэлегацыі і да Расеі ўжыць свой уплыў у Беларусі, адзначыўшы своеасаблівыя беларуска-расейскія дачыненьні.

Расейскі бок на гэтай Парлямэнцкай Асамблеі ўпершыню прадстаўляў не Генадзь Селязьнёў, які, як вядома, ужо ня ёсьць спікерам новай Думы. А пакуль сьпікера няма, дык на гэтай Асамблеі прысутнічаў проста адзін з дэпутатаў. Дык вось гэты дэпутат заявіў, што паколькі ў Расеі і Беларусі сапраўды – стратэгічнае сяброўства і, нават, нейкія роднасныя пачуцьці, дык было вельмі некарэктна гаварыць, што ў Беларусі быццам бы няма дэмакратыі. Лёгіка ягонага выступу была такая, што калі ў Расеі – дэмакратыя, а мы з Беларусьсю так сябруем, значыць і ў Беларусі – дэмакратыя. Гэта выклікала даволі іранічныя ўсьмешкі ва ўсёй залі.

Расейца даволі моцна падтрымаў і прадстаўнік Кіргізіі. Прадстаўніка Кіргізіі пакрыўдзілі словы, дакладней ацэнка, якая прагучала звуснаў Анатоля Лябедзькі. Як грубы і зьневажальны ў бок беларускага дзеючага прэзыдэнта прадстаўнік Кіргізіі ацаніў зварот "грамадзянін Лукашэнка".

Анатоль Лябедзька даволі стрымана, але скептычна ацаніў вынік працы групы АБСЭ ў Менску. Ён адзначыў, што ўсе пагадненьні, пад якімі стаіць подпіс Аляксандра Лукашэнкі, усё роўна не выконваюцца. Ён параўнаў працэс перамоваў з гульнёй у шахматы, у якой АБСЭ і апазыцыя гуляюць паводле правілаў гульні, а ўлада змахвае ўсе фігуры і б'е суперніка дошкай па галаве.

Анатоль Лябедзька параўнаў сытуацыю ў Беларусі з такім прыкладам, калі б уладу захапіў тэрарыст, і адказная апазыцыя мусіць весьці перамовы з такім тэрарыстам, дзеля вызваленьня сваёй краіны. У гэтай сувязі ён адзначыў, што даволі скептычна ставіцца да самой ідэі новых выбараў, бо куды будуць гэтыя выбары? – запытаўся Лябедзька. – У лукашэнкаўскі парлямэнт, які ня мае нават сваёй бухгальтэрыі?

На заканчэньне свайго выступу Анатоль Лябедзька прывёў дадзеныя аднаго з сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх 39 адсоткаў грамадзянаў Беларусі выступаюць за інтэграцыю ў Эўропу, і толькі 4 – у Расею ў якасьці аднаго з суб'ектаў фэдэрацыі.

Лябедзька заклікаў прадстаўніка Расеі і ўсіх сяброў АБСЭ не штурхаць Беларусь у Эўропу праз Маскву, калі ёсьць шлях намнога больш кароткі – праз Буг.

Зараз, у гэты момант, абмяркоўваецца і будзе галасавацца рэзалюцыя ў справе Беларусі. Прадстаўнік Славаччыны выступіў з рэзкай крытыкай беларускіх уладаў і прапанаваў скасаваць у рэзалюцыі заклік да кампрамісу бакоў у справе падрыхтоўкі да выбараў. 50 на 50, сказаў прадстаўнік Славаччыны, гаворачы пра сытуацыю ў Беларусі, гэта ўсё роўна, як весьці перамовы перад газавай камэрай, паміж катам і ахвярай, і казаць: вы абодва маеце рацыю напалову. Гэтая заява выклікала аплядысмэнты ў кіраўніка дэлегацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі, віцэ-прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Стэйні Гоера.

XS
SM
MD
LG