Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

У сераду, беручы пад увагу пажаданьне Эўрапейскага суду, турэцкі ўрад вырашыў адкласьці выкананьне сьмяротнага прысуду над курдскім лідэрам Аджаланам. Аднак прэм'ер міністар Булент Эджавіт папярэджвае, што пакараньне можа быць праведзенае неадкладна, калі лідэры курдскіх паўстанцаў будуць выкарыстоўваць гэты працэс супраць вышэйшых інтарэсаў краіны.

Складанае для Турэччыны рашэньне было прынятае пасьля сямігадзіннай дыскусіі паміж прэм'ерам Эджавітам і яго двума партнёрамі па ўрадавай кааліцыі. Пытанне Аджалана, як адзначае сёння International Herald Tribune, можа стаць першай сур"ёзнай пагрозай адзінству левых і правых ва ўрадзе, які дасюль мае падтрымку як найбольш стабільны за апошнія гады ўрад. Прэм"ер міністр Эджавіт даводзіў, што выкананне смяротнага прысуду над Аджаланам вельмі пашкодзіць сувязям турцыі і яе намерам далучыцца да эўрапейскага зьвязу. Крайне правая партыя Нацыянальнага дзеяння, якая настойвала на павешанні Аджалана, пагадзілася пачакаць, пакуль Эўрапейскі суд разгледзіць зварот Аджалана і пакуль не пройдуць парляменцкія дэбаты ў гэтай справе.

Між тым, нацыяналістычная партыя прыйшла да улады менавіта на абяцаннях пакараць Аджалана і знаходзіцца пад ціскам свайго электарату, які патрабуе, каб прысуд Аджалану быў неадкладна накіраваны на зацвярджэнне ў парлямент. Учора ж, калі праходзіла дыскусія ва ўрадзе, у Анкары хавалі турэцкіх салдатаў, якія загінулі ў нядзелю, падчас чарговых сутычак з курдскімі паўстанцамі. Удзельнікі жалобнай цырымоніі скандавалі "Павесіць, яго павесіць" – маючы на ўвазе курдскага лідара. На адрас прэзідэнта Дэмерэля, які выказаўся за неабходнасць пачакаць рашэння Эўрапейскага суду, таксама ляцелі абвінавачванні – у здрадзе.

Адзіная легальная курдская палітычная арганізацыя ў турцыі – Народная дэмакратычная партыя, чые прадстаўнікі абраныя ў парлямент, са свайго боку настойвае на эўрапейскім арбітражы. Дэмантсрацыі падтрымкі Аджалану праводзяцца курдскай дыяспарай па ўсім свеце.

Нагадаю, што Турцыя ўсклала на Аджалана адказнасьць за сьмерць 30 тысячаў асобаў, якія загінулі падчас узброенага курдска-турэцкага канфлікту. Летась у чэрвені турэцкі суд вынес яму сьмяротны вырак. Аджалан у сваім хадайніцтве сьцьвярджае, што ён не дамагаўся нічога іншага, як культурных правоў для 12 мільёнаў курдаў, што жывуць у Турэччыне. Змаганьне паўстанцаў, між тым, праходзіла пад лёзунгамі незалежнага Курдыстану. Зараз большасьць – каля 9 тысячаў – зь іх арыштаваныя і каля 5 тысячаў на волі яшчэ гатовыя працягваць узброенае змаганьне. Перапынак абвешчаны толькі ў сувязі з вырашальным момантам лёсу кіраўніка.

Між тым, як адзначае сёньня агенцтва Reuters, сам Аджалан ніколі не знаходзіўся на пярэдняй лініі змаганьня. Пэўны час ён кіраваў курдскім рухам з шыкоўнай вілы ў Сырыі. І толькі калі турэцкія войскі ў 98 годзе ўзмацнілі сваю прысутнасьць на межах з Сырыяй, Аджалан быў вымушаны пакінуць свой прытулак. Ён быў затрыманы турэцкімі спэцслужбамі ў Кеніі. Зараз Аджалан – адзіны вязень турмы спэцыяльнга рэжыму. Гэтая цытадэль разьмешчаная на адным з турэцкіх астравоў. Калі Эўрапейскі суд зоймецца разглядам яго хадайніцтва, гэта можа працягнуцца да двух гадоў.

Гэта дае Аджалану шанец ня толькі на гэтыя гады, але і на ўсё жыцьцё. Дарэчы, апошні раз Турэччына прыводзіла ў выкананьне сьмяротны прысуд у 1984 годзе. Усе краіны Эўрапейскага зьвязу сьмяротнае пакараньне адмянілі і настойваюць, каб Турэччына зрабіла тое самае.

XS
SM
MD
LG