Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Па вытворчасьці і ўжываньні алькагольных напояў Беларусь пераўзышла савецкі ўзровень. Імклівая алькагалізацыя жыхарства прымусіла Міністэрства аховы здароўя распрацаваць адмысловую антыалькагольную праграму. Аднак гэтая праграма ўжо паўтары гады чакае разгляду ў Савеце міністраў…

Летась спажываньне сьпіртовых напояў у разьліку на душу жыхарства перавысіла ў Беларусі ўзровень 1984 году, які дагэтуль лічыўся рэкордным.

У Міністэрстве аховы здароўя, дзе пагрозу гэнэтычнага вынішчэньня нацыі ўбачылі нашмат раней, чым пра яе пачалі гаварыць у сродках масавай інфармацыі, вырашылі распрацаваць адмысловую антыалькагольную праграму.

Як патлумачыў у гутарцы з карэспандэнтам "Радыё Свабода" галоўны нарколяг міністэрства Ўладзімер Максімчук, праграма стваралася з улікам сучасных рэаліяў. На жаль, у Беларусі няма спэцыялізаваных навуковых інстытутаў і лябараторыяў, якія б займаліся гэтай праблемаю. Таму міністэрства прапанавала вызначыць хаця б адну-дзьве ўстановы, дапамагчы ім кадрамі ды абсталяваньнем, каб яны маглі вывучыць праблему з улікам беларускае спэцыфікі.

Мэдыкі настойваюць на зьменах наркалягічнае сыстэмы краіны. У прыватнасьці, прапануецца ня толькі павялічыць колькасьць месцаў у шпіталях (летась там лячылася амаль дзьвесьце тысячаў алькаголікаў, зь іх сёмая частка – жанчыны й падлеткі), але мець і цалкам спэцыялізаваныя ўстановы. Тым больш, што пасьля распаду СССР у Беларусі зачыненыя лячэбна-працоўныя прафілякторыі. Хоць яны былі й ня вельмі эфэктыўнымі, аднак пагроза трапіць туды нейкую колькасьць пьяніцаў прымушала трымацца ў пэўных межах.

Сёньня каля 30 адсоткаў злачынстваў учыняецца ў стане алькагольнага ап'яненьня. Мэдыкі прапануюць унесьці зьмены і ў дзейнае заканадаўства, прадугледзеўшы больш жорсткія адміністрацыйныя захады да алькаголікаў.

Аднак праграма, распрацаваная Міністэрствам аховы здароўя, дагэтуль не разгледжаная Саветам міністрам. Чаму? Адказу ва ўрадзе мне дамагчыся не ўдалося: чыноўнікі баяцца даваць хоць нейкую інфармацыю. Хаця галоўны нарколяг спадзяецца, што сёлета яе ўсё ж разгледзяць і пачнуць рэалізоўваць.

Кожная праграма вымагае сродкаў і сапраўды дзяржаўнага погляду на праблему. Ані таго, ані другога ў сёньняшняй улады няма. Пра здароўе нацыі гаворыцца толькі тады, калі закранаецца тэма спорту, бо яе лічыць важнай пэрсанальна Лукашэнка. На будаўніцтва лядовых палацаў не шкадуюць сотні мільёнаў даляраў. Але хто будзе на іх займацца, калі нацыя мэтадычна атручваецца алькаголем?

Сёньня на кожнага працаздольнага жыхара Беларусі на год прыпадае 75 пляшак моцных алькагольных напояў і 60 бутэлек віна. Няспынна расьце колькасьць алькагольных псыхозаў, прычым, у чатырох адсотках выпадкаў надыходзіць лятальны зыход. Найбольш небясьпечная сытуацыя склалася ў Гарадзенскай і Віцебскай вабласьцях і ў Менску. Тут, паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, захворваньне на алькагольныя псыхозы ўжо на працягу некалькіх гадоў вышэй, чым у сярэднім па краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG