Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У сёньняшнім бізнэсовым жыцьці краіны адно з самых надзённых пытаньняў – эканамічныя наступствы закону "Аб падатку на даданую вартасьць". Гэты закон выклікаў сапраўдны пярэпалах сярод айчынных гаспадарнікаў ды індывідуальных прадпрыймальнікаў.

Новая рэдакцыя закону "Аб падатку на даданую вартасьць" увайшла ў дзеяньне з пачатку году. Азнаямленьне з дакумэнтам спрычынілася да бурнай рэакцыі айчынных бізнэсовых колаў.

Чаму? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні Беларускага зьвязу падаткаплацельшчыкаў Анатоля Трухановіча:

(Трухановіч: ) "Няма метадычных указаньняў. Каб вам было зразумела, падатковыя спагнаньні такога кшталту цягнуць за сабою шэраг новых бугальтарскіх апэрацыяў. Інакш кажучы, новую сыстэму ўліку падатку на даданую вартасьць.

Дагэтуль была сыстэма, якую нельга назваць эфэктыўнай. Напрыклад, некалькі разоў улічваўся такі падатак, скажам, на якую-небудзь гайку. Цяпер, здавалася б, падатак будзе спаганяцца адзін раз. Але гэта ўсё патрабуе новых мэтадычных указаньняў. У бугальтараў шмат пытаньняў. Бо тут ёсьць шмат нюансаў, якія патрабуюць тлумачэньняў. А іх якраз і няма", – зазначыў Анатоль Трухановіч.

Незразумела, як гэты беларускі закон будзе стасавацца з аналягічным расейскім законам. Для гаспадарнікаў гэта надзвычай важна, паколькі менавіта Расея на сёньняшні дзень зьяўляецца галоўным гандлёвым партнэрам Беларусі. У той жа час падатковыя стасункі паміж Масквою і Менскам не адпавядаюць міжнародным правілам.

Анатоль Трухановіч працягвае: "Усе краіны сьвету ўжо даўно дамовіліся й бяруць такі падатак па краіне прызначэньня тавару. Куды прыйшоў тавар, там і спаганяецца падатак. Мы ж пакуль ня ведаем, як будуць сёлета ўзаемадзейнічаць Беларусь і Расея ў падатковай сфэры. Можа здарыцца так, што суб'ектам гаспадараньня давядзецца плаціць двойчы".

Паводле інфармацыі Анатоля Трухановіча, "белыя плямы" ў новым падатковым заканадаўстве справакавалі відавочны спад бізнэсовай актыўнасьці, асабліва ў недзяржаўным сэктары эканомікі.

Рэч у тым, што яны ўжо маюць багаты досьвед нэгатыўных узаемадачыненьняў са структурамі Дзяржаўнага падатковага камітэту. Гэты камітэт неаднаразова практыкаваў выданьне такіх афіцыйных тлумачэньняў, якія заднім днём пагаршалі эканамічнае становішча айчынных бізнэс-структураў.

У прыватнасьці, ад такой падатковай практыкі тры гады таму пацярпелі гандляры рэчавых кірмашоў. І толькі страйкі прымусілі ўлады задаволіць патрабаваньні індывідуалаў. Прыватныя прадпрыймальнікі й зараз найбольш рашуча выказваюць адмоўнае стаўленьне да новага закону. Яны пагражаюць уладам узьняць напрыканцы студзеня і ў лютым новую хвалю страйкавага руху ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG