Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Міністэрства сувязі Беларусі адкрыта ігнаруе беларускую мову. Да такой высновы прыйшоў сакратарыят Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны.

Беларуская мова амаль цалкам зьнікла з паштовак, капэртаў,тэлеграмных блянкаў ды іншай прадукцыі Міністэрства сувязі краіны. Гэта стала асабліва відавочна ў дні калядных сьвятаў. Знайсьці адметную паштовую картку, каб па ейным выглядзе можна было даведацца пра краіну адрасата, цяпер у шапіках практычна немажліва.

Прычым, няма ня тое што разнастайных па аздобе, фармату, тэкставым зьмесьце, няма навогул паштовак на беларускай мове.

У шараговага грамадзяніна краіны ствараецца ўражаньне, што такая сытуацыя невыпадковая, што камусьці трэба, каб зь Беларусі паштовыя карткі дасылаліся ў замежжа без аніякага адрозьненьня ад тых, якія разьлятаюцца па сьвеце з Расеі. Як высьветлілі актывісты Таварыства Беларускае Мовы, гэтае ўражаньне, на жаль, не памылковае.

Некалькі месяцаў таму сакратарыят ТБМ зьвярнуўся ў Міністэрства сувязі з просьбаю забясьпечыць усе паштовыя аддзелы неабходнымі блянкамі на дзяржаўнай беларускай мове.

У сваім адказе на гэты зварот намесьнік міністра спадар Малочка адказаў, што пры падрыхтоўцы блянкаў паштовыя прадпрыемствы кіраваліся артыкулам 28 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", згодна зь якім надпісы могуць выконвацца "на расейскай або беларускай мове". А таму, маўляў, напісалі па-расейску, аніякіх законаў не парушалі і нічога папраўляць не зьбіраемся.

Такая адмысловая лёгіка сувязістаў падпадае пад дзеяньне артыкулу 172 пункту 2 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйнай адказнасьці, палічылі "ТБМ-аўцы", ды нагадалі пра гэта спадару Малочку.

Аднак той стаіць на сваім. "Аніякіх перашкодаў ды абмежаваньняў жыхарству пры карыстаньні ім дзяржаўнымі мовамі прадпрыемствы паштовай сувязі не ствараюць", – заяўляе спадар Малочка ў сваім наступным лісьце ў ТБМ. Там жа ён піша, што на беларускамоўную прадукцыю Міністэрства сувязі ня мае сродкаў.

Такая пазыцыя ды дзейнасьць кіраўніцтва паштовага ведамства заслугоўвае ўвагі Канстытуцыйнага суду краіны – вырашылі ў ТБМ ды накіравалі туды сваё ліставаньне зь Міністэрствам сувязі з просьбаю дапамагчы паўплываць на паштавікоў, якія "не жадаюць прызнаваць за карэннай, тытульнай нацыяй нашае краіны права на карыстаньне роднай моваю ва ўсіх сфэрах".

На зварот ТБМу старшыня Канстытуцыйнага суду спадар Васілевіч паведаміў, што ягоная ўстанова накіравала ва ўрад краіны прапанову аб падрыхтоўцы ўказаньня дзяржаўным ворганам, прадпрыемствам, установам, арганізацыям ды грамадзкім аб'яднаньням аб неабходнасьці ўжываньня афіцыйных блянкаў на абедзьвюх дзяржаўных мовах.

Як зрэагаваў урад на гэтую прапанову ахоўнікаў закону, пакуль не вядома. Але, мяркуючы па тым, што ў сувязістаў усё па-ранейшаму, рэакцыя гэтая ў поўнай адпаведнасьці зь дзяржаўным антынацыянальным палітычным курсам. На прапанову ТБМ выпусьціць сёлета паштоўку ды капэрту з адмысловай маркаю, прысьвечаных 160-годзьдзю з дня нараджэньня клясыка беларускае літаратуры Францішка Багушэвіча, намесьнік міністра спадар Малочка паведаміў, што прапанова гэтая ягоным ведамствам не падтрыманая.

XS
SM
MD
LG