Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Адначасова некалькі выданьняў – як беларускіх, гэтак і расейскіх – паведамілі пра наяўнасьць у Лукашэнкі плянаў правесьці сёлета прэзыдэнцкія выбары.

Пра падобныя пляны кіраўніка Беларусі 11 студзеня паведаміла, спасылаючыся на свае крыніцы, расейская газэта «Сегодня». Паводле зьвестак гэтага выданьня, у канцы студзеня Лукашэнка можа выступіць з адпаведным зваротам да народа.

Аўтар артыкула ў «Сегодня» адзначае, што пакуль Лукашэнка яшчэ захоўвае папулярнасьць, але да 2001 году – часу прэзыдэнцкіх выбараў паводле лукашэнкавай Канстытуцыі – эканамічная сытуацыя ў краіне можна значна пагоршыцца. Газэта таксама зьвяртае ўвагу на тое, што зьмена палітычнае сытуацыі ў Расеі не дазваляе Лукашэнку прарвацца ў расейскую палітыку.

У сёньняшнім нумары «Народнай Волі» магчымасьць правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў аналізуе намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька. Ён таксама лічыць, што крах спадзяваньняў Лукашэнкі на Крэмль падштурхне яго да спробы легітымізаваць сваю ўладу ў Беларусі.

На думку спадара Лябедзькі, ня выключана, што да гэтага будзе схіляць беларускага лідэра й новае расейскае кіраўніцтва. Калі Пуцін прымусіць Лукашэнку правесьці больш-менш прыстойныя прэзыдэнцкія выбары, то гэта значна палепшыць вобраз новага кіраўніка Расеі на Захадзе – лічыць Анатоль Лябедзька.

Ён, праўда, узгадвае і чыньнікі, на падставе якіх Лукашэнка можа адхіліць сцэнар прэзыдэнцкіх выбараў. Галоўны зь іх – лукашэнкавая Канстытуцыя, якая аніякіх датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў не прадугледжвае. Паводле яе, каб іх правесьці, Лукашэнка павінен на пэўны час адыйсьці ад улады. На што ён наўрад ці пагодзіцца нават у самай крытычнай сытуацыі.

Выкід у газэты інфармацыі пра магчымыя прэзыдэнцкія выбары можа быць і своеасаблівым «пробным шарам», спробай высьветліць рэакцыю грамадзтва й замежжа.

Летась шмат хто прагназаваў, што Лукашэнка правядзе выбары да канцу 1999 году, каб ізноў набыць легітымны статус. Гэтага не адбылося. Але зараз, сапраўды, узьнік шэраг новых фактараў.

Ужо стала агульным месцам меркаваньне, што з новым расейскім кіраўніцтвам Лукашэнку будзе мець справу значна цяжэй, чым зь Ельцынам. І ў пэўных абставінах «пуцінскі» Крэмль здольны нагадаць Лукашэнку, што ягоную легітымнасьць толькі Масква й прызнае. Так што ў правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі можа быць зацікаўлены ня гэтак Пуцін, як Лукашэнка, каб мець хаця б нейкія козыры дзеля размовы з тым жа Пуціным.

Як там будзе з прэзыдэнцкімі выбарамі – невядома, а вось парлямэнцкія сёлета адбудуцца абавязкова. І ёсьць магчымасьць, што іхныя вынікі будуць прызнаныя ўсясьветнай супольнасьцю. Тады для Лукашэнкі да выбараў кіраўніка дзяржавы будзе йснаваць ня вельмі ўтульная сытуацыя: парлямэнт – якая-ніякая ўлада – легітымны, а ён – не.

Зразумела, на выбарах у парлямэнт улада будзе ймкнуцца правесьці сваіх людзей, але ў палітыцы марыянэткі часам абрываюць ніткі й робяцца самастойнымі. Прыгадаем, што ў 1995 годзе камуністы Калякіна і аграрыі Шарэцкага йшлі на выбары ў Вярхоўны Савет пад лёзунгам: "Дапаможам прэзыдэнту!".

Ну і, нарэшце, нейкі ўплыў можа зрабіць і міжнародны досьвед. Тое, што Эўропа Лукашэнку не ўказ, гэта вядома… Але прэзыдэнцкія выбары за апошні год прайшлі нават у цэнтральнаазіяцкіх краінах СНД (апошнія – ва Ўзбэкістане). Ступень дэмакратычнасьці тамтэйшых выбараў – зразумелая, але, фармальна кажучы, уладары гэтых краінаў працягнулі свае паўнамоцтвы ўсё ж праз выбары, у тым ліку і тыя, хто раней праводзіў рэфэрэндумы аб падаўжэньні паўнамоцтваў. І зараз Лукашэнка ня можа спасылацца нават на сваеасаблівы досьвед постсавецкае цэнтральнай Азіі.

Такім чынам, з пункту гледжаньня ўлады існуюць даволі сур'ёзныя падставы дзеля правядзеньня хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. Тым больш, што і юрыдычны падмурак у хуткім часе будзе падрыхтаваны – 24 студзеня "Палата прадстаўнікоў" мае намер прыняць у другім чытаньні Выбарчы кодэкс, які, апроч іншага, утрымлівае і закон аб выбарах кіраўніка краіны.

XS
SM
MD
LG