Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня ў Вэне пачалося штогадовае паседжаньне Сталага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Падчас яго свае адносіны да працы рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі можа выказаць дэлегацыя Вярхоўнага Савету. Удзельнікі паседжаньня 14 студзеня заслухаюць справаздачу кіраўніка рабочае групы па Беларусі Адрыяна Севярына.

У Вену праз Вільню накіраваліся старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі ды ягоны намесьнік Анатоль Лябедзька. Спадар Лябедзька перад ад'ездам зь Менску ў інтэрвію нашаму радыё распавёў пра мэты, якія ставіць перад сабою беларуская дэлегацыя…

(Лябедзька: ) "Мы лічым, што гэта вельмі адказны міжнародны саміт. Справа ў тым, што сярод іншых пытаньняў будзе разгледжанае і пытаньне Беларусі. Са справаздачай, зь інфармацыяй аб сытуацыі і аб працы спэцыяльнай камісыі, якая была створаная ў межах Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, выступіць яе кіраўнік Адрыян Севярын.

Мы чакаем, што будзе цікавая дыскусія, і па беларускім пытаньні выступяць прадстаўнікі многіх дэлегацыяў. Мы, са свайго боку, вымушаныя засьведчыць, што на сёньняшні дзень, на вялікі жаль, перамоўны працэс так і застаецца "эўрапейскай марай". Нягледзячы на вялікую напружаную працу і жаданьне місіі КНГ і спэцыяльнай групы на чале з Адрыянам Севярынам, перамоўны працэс так і не скрануўся з нулявой адзнакі, і віна за гэта кладзецца цалкам на прадстаўнікоў беларускага рэжыму.

Мы нагадаем, што Лукашэнка адмовіўся ад сустрэчы са спадаром Севярынам, што без папярэдніх узгадненьняў зь Вікам і Севярынам унесеныя на разгляд палаты пытаньні аб прыняцьці Выбарчага кодэксу, і ўсё гэта якраз супярэчыць як санкт-пецярбускай дэклярацыі, якая была прынятая летам мінулага году, так і выніковаму дакумэнту саміту ў Стамбуле.

Фактычна, рэжым тыя абавязкі, што ён узяў на сябе, ён ад іх адмовіўся. І галоўную задачу дэлегацыя ставіць, каб міжнародная супольнасьць, у тым ліку і АБСЭ, занялі сёньня ясную пазыцыю: калі будзе прынята выбарчае заканадаўства, і гэта ня будзе вынікам перамоўнага працэсу; калі ня будзе паразуменьня паміж апазыцыяй і рэжымам, дык такія выбары ня могуць быць прызнаныя легітымнымі зь юрыдычнага боку і ня могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі. Гэта асноўная задача, якую мы ставім.

Падчас гэтай сустрэчы мы мяркуем правесьці шэраг двухбаковых сустрэчаў".

Сёньняшняе паседжаньне ў Вене пачалося з выступу старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ спадарыні Хэле Дайн. Са справаздачаю аб дзейнасьці АБСЭ выступіў ейны новы кіраўнік – міністар замежных справаў Аўстрыі Вольфганг Шусэль. Ён пачаў старшыняваць у АБСЭ зь 1 студзеня 2000 году, і зьмяніў на гэтай пасадзе кіраўніка вонкапалітычнага ведамства Нарвэгіі Курта Валебэка.

У парадак дню паседжаньня ўключана 15 пытаньняў, Справаздача Адрыяна Севярына значыцца пад нумарам 12 і будзе разглядацца ў пятніцу, 14 студзеня.

Нагадаем, што цяпер у Парлямэнцкую асамблею АБСЭ ўваходзяць парлямэнты 54-х краінаў сьвету. Двойчы – у студзені 1997-га і ў студзені 1998 году – лукашэнкавая Палата прадстаўнікоў на паседжаньнях Сталага камітэту спрабавала давесьці, што менавіта яна зьяўляецца легітымным заканадаўчым ворганам Беларусі. Але кожны раз Сталы камітэт адхіляў гэтыя прэтэнзіі.

XS
SM
MD
LG