Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле прагнозаў адмыслоўцаў, эпідэмія грыпу, якая цяпер імкліва ахоплівае Эўропу, можа прыйсьці ў Беларусь праз два-тры тыдні. Аднак эпідэміялягічныя службы краіны пакуль не зьбіраюцца прымаць нейкія асаблівыя захады бясьпекі перад наступам "сыднэйскага вірусу".

Паводле словаў галоўнага эпідэміёляга Міністэрства аховы здароўя Анатоля Кажамякіна, фактычна аніякіх праблемаў з магчымай эпідэміяй грыпу ў Беларусі не йснуе. Як паведаміў нашаму радыё спадар Кажамякін, сёньня міністэрствам зацьверджаны афіцыйны плян захадаў у прафіляктыцы грыпу. Ён, як і ў папярэднія гады, прадугледжвае ўзмацненьне санітарнага кантролю на прадпрыемствах і ва ўстановах, забесьпячэньне мэдычных установаў неабходнымі антыгрыпознымі прэпаратамі й г.д.

Галоўны эпідэміёляг Беларусі сьцьвярджае, што аптэчныя ўстановы й фармацэўтычныя склады цалкам забясьпечаныя неабходнымі лекамі супраць грыпу айчыннай і расейскай вытворчасьці. Горшая справа з імпартовымі антыгрыпознымі прэпаратамі, аднак Анатоль Кажамякін спадзяецца, што гэтая праблема будзе вырашаная. Да таго ж напрыканцы мінулага году ў Беларусі прайшла плянавая вакцынацыя насельніцтва, і ў міністэрстве разьлічваюць, што яна дапаможа пазьбегнуць вялікай эпідэміі.

Шэф эпідэміялягічнай службы лічыць, што вакол сёлетняй эпідэміі грыпу ў Эўропе разгарэлася занадта шмат жарсьцяў і спэкуляцыяў. Ён ставіць пад сумнеў інфармацыю пра тое, што гэты вірус нейкі надзвычайны і вынікам яго сталі сьмяротныя выпадкі ў Вялікабрытаніі й Латвіі. На думку Кажамякіна, у эўрапейскіх краінах цяпер буяе вірус групы AH3N2 да якога ў беларусаў, у адрозненьне ад заходніх эўрапейцаў, нібыта выпрацаваўся пэўны імунітэт.

У міністэрстве выказваюць меркаваньне, што ў Беларусь грып навогул можа прыйсьці не з Эўропы, а з Расеі. Спадар Кажамякін абгрунтоўвае гэта тым, што эпідэмія грыпу заўсёды прыходзіла з Усходу – праз Расею з Усходняй Азіі. А пакуль ані ў Расеі, ані ў Беларусі эпідэміі няма. Праўда, Анатоль Кажамякін прызнае, што гэтым разам усё можа адбыцца ня так, як звычайна, і грып трапіць у Беларусь з Захаду.

XS
SM
MD
LG