Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Сёньня на будынку Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук зьявілася мэмарыяльная дошка ў гонар амаль нікому невядомага дасьледніка бальшавіцкага перавороту ды ўсталяваньня савецкае ўлады ў Беларусі Паўла Горына. Гэта сымбалічны знак у дзейнасьці навуковага інстытуту, які да нядаўняга часу заставаўся непадуладным пралукашэнкаўскім ідэялягічным догмам, адной зь якіх, як вядома, зьяўляецца ўсхваленьне "савецкіх" сацыялістычных каштоўнасьцяў.

Заўважым, што памятных шыльдаў Уладзімеру Пічэту, Усеваладу Ігнатоўскаму, Мітрафану Доўнар-Запольскаму ды іншым, сапраўды выдатным асобам айчыннае гістарыяграфіі, на будынку няма. Зробленую некалькі гадоў таму вялікую калектыўную мэмарыяльную дошку ў гонар выбітных дзеячаў інстытуту беларускае культуры – правобразу будучае нацыянальнай акадэміі навук з усімі яе галіновымі інстытутамі – улады да гэтага часу не дазваляюць усталяваць на будынку Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны.

А тут зьяўляецца вялікая трохсоткіляграмовая бронзавая шыльда з барэльефам навукоўцы, які не пакінуў у айчыннай гісторыіяграфіі аніякіх значных працаў. Урачыстую цырымонію ейнага адкрыцьця на будынку Інстытуту гісторыі працягнула паседжаньне Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук.

Фармальная падстава ўсіх гэтых імпрэзаў – 100-годзьдзе Паўлы Горына, але фактычная прычына гучнага ўшанаваньня вернага служкі савецкае гістарычнае навукі ды савецкае ўлады (якая, дарэчы, яго, як і многіх іншых сваіх слугаў потым зьнішчыла) зусім іншая.

І палягае яна, як лічаць незалежныя гісторыкі, у жаданьні новага кіраўніка Інстытуту гісторыі спадара Залескага засьведчыць, што бунтоўная навуковая ўстанова пад ягоным ачольваньнем нарэшце ўгамавала свае нацыянальныя навуковыя інтарэсы ды ўзялася дасьледаваць так любімы сёньняшняю ўладаю "савецкі" пэрыяд жыцьця Беларусі.

Дасьледуе сумна вядомы замяталінскі дарадца спадар Петрыкаў, які зь нядаўняга часу стаў вядучым навуковым супрацоўнікам інстытуту. Ён быў асноўным дакладчыкам на сёньняшніх урачыстасьцях. А ўшаноўвае ягоны верны вучань спадар Карзенка, якому за адпаведныя паслугі абяцанае мейсца дырэктара інстытуту.

Цяперашняму кіраўніку анічога не застаецца, як таксама дасьледваць ды ўшаноўваць. Балазе, грошай на гэта траціць ня трэба было – мэмарыяльная шыльда Горыну, як высьветлілася, зробленая была яшчэ 20 гадоў таму, але зь нейкай прычыны тады не ўсталяваная. І вось цяпер прыйшлася да часу – асобаю, пампэзнасьцю выкананьня, моваю. Бо якою ж яшчэ, апрача расейскае, славіць сёньня "савецкую" сацыялістычную гісторыю.

XS
SM
MD
LG