Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Цэнтравыбаркам Беларусі атрымаў распараджэньне кіраўніцтва краіны – падрыхтаваць закон аб выбарах дэпутатаў хаўруснага парлямэнту ў тыя ж тэрміны, што і ў Расеі.

Гэты закон павінен быць гатовы ў Беларусі, як і ў Расеі, да траўня бягучага году. Хаця ён распрацоўваецца на падставе нацыянальнага заканадаўства, аднак прынцып, паводле якога ўстанаўліваецца норма прадстаўніцтва ў ніжняй палаце хаўруснага парлямэнту, захоўваецца той, што год таму прапанаваны Парлямэнцкім сходам.

А менавіта: мяркуецца, што беларускія дэпутаты, хоць іх у палаце будзе менш, чым расейскіх, павінны мець магчымасьць уплываць на прыняцьце рашэньняў. Таму колькасьць дэпутатаў ад Беларусі будзе складаць дзьве траціны плюс адзін голас ад колькасьці расейскіх дэпутатаў. Паколькі расейцаў у ніжняй палаце будзе 75, дык беларусаў – 28.

Парлямэнцкі сход да абраньня хаўруснага парлямэнту выконвае яго функцыі. Аднак сёньня ён існуе пераважна фармальна, хаця да абнаўленьня расейскае часткі Сходу дэпутаты ранейшае Думы захоўваюць свае паўнамоцтвы. Бальшыня зь іх нават адгукнулася на ініцыятыву лукашэнкавых дэпутатаў – сабрацца 14 студзеня ў Маскве й зацьвердзіць хаўрусны бюджэт.

Але, як прызнаў у гутарцы з карэспандэнтам "Радыё Свабода" намесьнік старшыні Парлямэнцкага сходу, старшыня міжнароднае камісіі "Палаты прадстаўнікоў" Аляксандар Козыр, практычна гэта ажыцьцявіць немагчыма. Сёньня ў расейцаў шмат іншых клопатаў…

Беларусі даводзіцца прыстасоўвацца да расейскай сытуацыі. Гэта праявілася нават у вызначэньні тэрміну падрыхтоўкі закону аб выбарах хаўруснага парлямэнту. Паказальна, што яшчэ некалькі дзён таму ў беларускім Цэнтравыбаркаме пра гэты тэрмін дакладна ня ведалі.

Расея, доля якой у хаўрусным бюджэце складае 65 адсоткаў, яўна не сьпяшаецца з зацьвярджэньнем гэтага дакумэнту. Відавочна, грошы ёй сёньня патрэбны ў першую чаргу на прэзыдэнцкія выбары й на вайну ў Чачні.

Ня выключана, што дэпутаты новае Думы па-новаму падыйдуць да фармаваньня хаўруснага бюджэту, у якім пакуль ёсьць і, так бы мовіць, ідэялягічна-прапагандысцкія праграмы, хоць яны й падаюцца як эканамічныя. Намесьнік старшыні "Парлямэнцкага сходу" Аляксандар Козыр дапускае, што некаторыя праграмы будуць зьмененыя новымі расейскімі дэпутатамі, але спадзяецца, што ў васноўным бюджэт застанецца ў ранейшым выглядзе.

Што ж тычыцца выбараў у хаўрусны парлямэнт, дык, на думку Козыра, яны наўрад ці адбудуцца раней чым у канцы году. У Беларусі яны, магчыма, пройдуць адначасова з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў у кастрычніку.

XS
SM
MD
LG