Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Распараджэньнем кіраўніка дзяржавы арыштаваная маёмасьць акцыянэрнага таварыства "Кантогруп" і больш як дваццаці іншых камэрцыйных фірмаў, заснаваньне якіх зьвязваецца з прозьвішчам бізнэсмэна Віктара Лагвінца, вядомага сваім сяброўствам з былым кіраўніком справаў прэзыдэнта Іванам Ціцянковым. Паводле папярэдніх зьвестак, гэта першы выпадак выкарыстаньня 40-га дэкрэту Лукашэнкі, згодна зь якім стала магчымым арыштоўваць маёмасьць камэрсантаў без судовага рашэньня.

Дакумент, які, паводле нашых дадзеных, быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 4 студзеня – гэта распараджэньне, якое дагэтуль публічна не агалошанае, але ўжо дзейнічае, у чым я пераканаўся, калі зьвязаўся сёньня з адной зь фірмаў, што ўваходзілі ў камэрцыйную сыстэму "Канто".

Там пацьвердзілі, што трэці дзень на рахункі фірмы накладзены арышт, маёмасьць таксама арыштаваная. Згодна з распараджэньнем Лукашэнкі, фірма перайшла ў апэратыўнае валоданьне Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Дарэчы, як і яшчэ больш за дзесяць камэрцыйных прадпрыемстваў. Гэта "Кантоінвэст", "Кантоаўта", "Кантоагра", і далей з той жа прыстаўкаю: "-тэхсэрвіс", "-буд", "-радыё" ды іншыя.

У чацьвертым пункце распараджэньня ўжо расьпісана нават, якой структуры (што цяпер падпарадкоўваюцца прэзыдэнцкаму кіраўніцтву справаў) якая фірма дастанецца. Супольнае прадпрыемства "Белрыбпрам", да прыкладу, стала ахвяраю Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры"; таварыства з абмежаванай адказнасьцю "Покер-В" адыходзіць гатэлю "Менск", а фірма "Кантоплан" стала здабычаю рамонтна-будаўнічага трэсту Кіраўніцтва справаў.

Дарэчы, "Кантоплан" вядомы тым, што на ім вырабляліся ваконныя шыбы. Летась фірма паставіла гэтых шыбаў дзяржаўным установам на 300 мільярдаў рублёў, а грошай ад бальшыні не дачакалася… Цяпер, відаць, запазычанасьць сьпішуць. Усё роўна фірма ужо фактычна належыць дзяржаве.

Патлумачу, што падпісаны Лукашэнкам напрыканцы мінулага году дэкрэт № 40 дазволіў арыштоўваць маёмасьць фірмаў і тых грамадзянаў, якія падазраюцца ў буйных эканамічных злачынствах. Да тае пары, пакуль грошы ня будуць вернутыя або суд не прызнае чалавека невінаватым – тлумачыў потым Лукашэнка.

Першай ахвяраю гэтай беспрэцэдэнтавай практыкі пазасудовае канфіскацыі магла стаць былая старшыня Нацыянальнага банку Тамара Віньнікава. Паводле нашых зьвестак, аналягічнае распараджэньне аб канфіскацыі ейнай кватэры й грашовых рахункаў было падрыхтаванае яшчэ напрыканцы мінулай восені, але зьвестак, што яно падпісанае, не зьявілася. Перашкодзіў ці то скандал зь нечаканым зьяўленьнем Тамары Віньнікавай у Эўропе і яе абвінавачаньнямі ў бок Аляксандра Лукашэнкі, ці больш неадкладныя справы…

Маецца на ўвазе нечаканы канфілікт паміж Лукашэнкам і ягоным былым фаварытам Іванам Ціцянковым. Паводле некаторых зьвестак, Ціцянкоў пасьля звальненьня зьехаў зь Менску й цяпер знаходзіцца недзе пад Масквою.

Сьцьвярджаюць, што Іван Іванавіч ужо памяняў беларускага гаспадара на расейскага, што й выклікала акцыю помсты тут, у Менску. Адной зь іх быццам бы й стала распараджэньне пра фактычна татальнае вынішчэньне фірмаў, якія раней належалі аднаму з блізкіх сяброў Ціцянкова – Віктару Лагвінцу.

Паводле маіх зьвестак, бізнэсмэна Лагвінца гэтае распараджэньне не засьпела зьнянацку. Выпушчаны напрыканцы году са сьледчага ізалятару, дзе ён правёў больш як тры месяцы, бізнэсмэн пасьпеў падстрахавацца і сёе-тое ўберагчы ад рэвізораў. Дапамаглі шматлікія знаёмствы ў высокіх кабінэтах.

Сам Лагвінец гэтых сувязяў не хаваў. Напрыклад, ён узгадваў у лісьце на імя Лукашэнкі, колькі тысяч даляраў ахвяраваў беларускім хакеістам, дужавікам, баксэрам, як выдаткаваў 35 тысячаў даляраў на рамонт залі паседжаньняў Эпархіяльнае ўправы, ці быццам бы з дапамогаю кіраўніцтва швэдзкага канцэрну VOLVO забясьпечыў пастаўкі некалькіх гэтых аўтамабіляў у Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ды ў Міністэрства нутраных справаў.

Верагодна, гэтыя сувязі усё ж аказаліся карыснымі для Лагвінца, хаця й не ўбераглі ад 40-га дэкрэту Лукашэнкі. Паводле некаторых зьвестак, Лагвінец не зьбіраецца аспрэчваць распараджэньне, ды й магчымасьці яго вельмі абмежаваныя. Свой кантроль над фірмамі з прыстаўкаю "канто" ён ажыцьцяўляў негалосна.

А вось што тычыцца іншых уладальнікаў фірмаў, у тым ліку замежных, якіх гвалтоўна пазбавілі маёмасьці, то не выключана, што ад іх могуць паступіць судовыя зыскі. На беларускую дзяржаву ў асобе яе кіраўніка.

XS
SM
MD
LG