Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Эпідэмія грыпу, якая імкліва рухаецца па Эўропе, можа стаць самай маштабнай за апошнія гады. Ад вірусу, які гэтым разам паходзіць з Аўстраліі, паміраюць людзі, у тым ліку маладыя. Асабліва моцна эпідэмія разьвілася ў Заходняй і Паўночнай Эўропе. У шматлікіх краінах ужо бракуе ложкаў у шпіталях. Найбольш катастрафічная сытуацыя ў Вялікай Брытаніі, Галяндыі, Чэхіі, Латвіі ды Італіі. У Злучаных Штатах Амэрыкі сёлетняя эпідымія грыпу таксама названая буйнейшай за апошнія 10 гадоў.

Грып атакуе мільёны чалавек у Эўропе. Паводле афіцыйных паведамленьняў з Брытаніі, хваля грыпу ўжо захапіла 144 чалавекі са ста тысячаў. Але рэальная лічба, на думку мэдыкаў, удвая большая. Галоўны лекар краіны Лайэм Дональдсан заявіў, што кульмінацыя эпідэміі ў Вялікай Брытаніі будзе праз 2-3 тыдні.

Эпідэмія ахапіла Скандынавію і цэнтральную Эўропу. Асабліва хутка расьце колькасьць хворых у Галяндыі, Італіі, Латвіі, Чэхіі. Галоўны санітарны інспэктар Чэхіі пацьвердзіў, што пануе эпідэмія грыпу і вірусавых інфэкцыяў верхніх дыхальных шляхоў. Лічба хворых перавысіла лічбу, якая фіксуе эпідэмію – 2 тысячы выпадкаў на 100 тысячаў насельнікаў.

У Латвіі ўжо ад грыпу памерлі 5 чалавек. Стан 10 чалавек – крытычны. Сярод памерлых ня толькі сталыя людзі, але й маладыя людзі, спартоўцы.

У Францыі на грып хварэюць больш як 1 мільён чалавек. Падлічваліся толькі асобы, якія маюць тэмпэратуру – вышэй 39 градусаў. Інстытут Пастэра ацэньвае лічбу захварэлых – 2-3 мільёны.

Пакуль грып абмінуў Нямеччыну, нямецкія санітарныя службы паведамляюць, што няма падставаў для панікі. Аднак лічба хворых расьце й там. У Югаславіі двутыднёвая эпідэмія ўжо менш інтэнсыўная.

У эўрапейскіх клініках пастаноўлена зьмяншаць колькасьць апэрацыяў, бо ёсьць рызыка заражэньня вірусам грыпу. І гэта яшчэ не кульмінацыя эпідэміі. У Злучаных Штатах Амэрыкі рост захворваньня на грып назіраецца ў 49 штатах, прычым у 35 набывае характар эпідэміі.

Апошняя самая вялікая эпідэмія грыпу датуецца 1989 годам, калі са ста тысячаў чалавек на грып хварэлі 534. Спэцыялісты прагназуюць, што цяперашняя эпідэмія ўжо можа быць больш маштабнай за эпідэмію 1989 году. Тады толькі ў Брытаніі памерлі 29 тысячаў чалавек. Цяперашні вірус прыйшоў зь Сіднэю. Пацыентаў ужо ўдвая больш як у мінулых гадох. Хворыя лепш адчуваюць на 10-12 дзень ад пачатку хваробы – не як звычайна на 3-4 дзень.

У Беларусі, відаць, таксама трэба будзе змагацца з эпідэміяй. Экалягічная сытуацыя і эканамічныя магчымасьці насельніцтва робяць зь беларусаў "групу рызыкі" ў захворваньні на грып. Грып вядомы быў яшчэ ў часы Гіпакрата. Грып – ад францускага слова "gripper" – "схопліваць". Назоў Інфлюэнца – гэтае захворваньне атрымала ў 14-м стагодзьдзі ад італійскага "інфлюенца дзі Фрэдо". Прыканцы 18 стагодзьдзя Вальтэр пісаў: "Рухаючыся па плянэце, грып прайшоў праз нашую старую Сыбір і пакінуў адбітак на маім друзлым і худым твары". Першая зафіксаваная ў гісторыі эпідэмія грыпу была ў 1889 годзе. Пасьля вынішчальная эпідэмія гішпанскага грыпу "гішпанка", якая ў 1918 годзе забрала жыцьці больш як 20 мільёнаў чалавек.

І апошняе. Паводле прагнозаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя у гэтым сэзоне кульмінацыя эпідэміі грыпу ў паўднёвай паўкулі адбудзецца ў траўні-кастрычніку 2000 году, у паўночнай паўкулі яна пачалася ў лістападзе 1999 году і скончыцца ў красавіку сёлета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG