Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 студзеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Палітыка лібэралізацыі валютнага рынку суправаджаецца ўзмацненьнем барацьбы дзяржавы супраць валютчыкаў – барацьбы, да якой прыцягнутыя праваахоўныя ворганы. Але перамагчы валютчыкаў можна толькі зь перамогаю над ценявой эканомікай.

На мінулым тыдні наведвальнікі найбуйнейшага менскага ўнівэрсаму "Цэнтральны" маглі стаць сьведкамі даволі дзіўнай у цэнтры гораду апэрацыі – аблогі на гэтак званых "апэратараў ценявага валютнага рынку". Гэтым эўфэмізмам журналісты называюць валютчыкаў.

На працягу апошніх тыдняў праваахоўныя ворганы значна ўзмацнілі барацьбу супраць валютчыкаў. Спробы лібэралізацыі валютнага рынку, якія распачаў Нацыянальны Банк Беларусі, паставілі валютчыкаў у шэрагі галоўных ворагаў новае фінансавае палітыкі. І ворагаў пакуль што дастаткова эфэктыўных. Бо калі банкаўскія абменныя пункты на сёньняшні дзень купляюць наяўныя даляры за 790 дэнамінаваных рублёў, то валютчыкі прапануюць за 1 даляр 860-870 рублёў.

Зацятая вайна дзяржавы зь незаконнымі валютнымі апэрацыямі пачалася каля году таму, пасьля прыняцьця адмысловага прэзыдэнцкага дэкрэту. Згодна з гэтым дакумэнтам, незаконная валютная ўгода караецца першы раз штрафам ад 50 да 150 мінімальных заробкаў або адміністратыўным арыштам, другі раз – ад 150 да 300 мінімалак або зноў-такі арыштам.

Зрэшты, як паведаміла мне судзьдзя ў адным з раённых судоў Менску, зусім не абавязкова, што затрыманы выплочвае гэтыя штрафы. Усе валютчыкі лічацца часова беспрацоўнымі, і, адпаведна, "ня маюць аніякіх прыбыткаў", а часам і аніякае ўласнасьці, якую суд мог бы апісаць. Аднак вышэйзгаданы прэзыдэнцкі дэкрэт прадугледжвае і крымінальную адказнасьць для валютных мянялаў у выпадку, калі яны патрапляюць у рукі правасудзьдзя трэці раз.

Усё гэта прымушае апэратараў ценявога валютнага рынку быць звышасьцярожнымі ў сваёй нялёгкай працы. У гісторыю адыйшлі карціны двух-трохгадовае даўніны, калі каля кожнага абменнага пункту, кінатэатру, супэрмаркету, не хаваючыся, стаялі валютчыкі, прапаноўваючы свае паслугі.

Цяпер яны імкнуцца працаваць толькі з добра знаёмымі кліентамі. Валютчык, зь якім я знаёмы ўжо некалькі гадоў, патлумачыў мне сёньняшняе становішча, хаця й катэгарычна адмовіўся гаварыць што-небудзь для дыктафону нават на ўмовах поўнай ананімнасьці.

Такую абачлівасьць можна зразумець. Давесьці факт незаконнай валютнай угоды вельмі складана. Дзеля таго, каб злавіць валютчыка на месцы, супрацоўнікі праваахоўных ворганаў самі выступаюць у ролі кліентаў, па сутнасьці правакуючы правапарушэнье. "Яны нават імкнуцца апранацца вельмі нефармальна, паводле маладзёвай моды. У звычайных скураных куртках яны да нас ужо не падыходзяць", – паведаміў мой знаёмы. Валютчыкі цяпер надзвычай асьцярожныя – угода адбываецца толькі сам-насам і звычайна ў нейкім цёмным месцы – часта ў пад'езьдзе або прыбіральні.

Аднак і гэта не заўсёды ратуе – міліцыянты скарыстоўваюць тую ж тактыку, якая распрацаваная да ўдзельнікаў масавых палітычных акцыяў. Яны прыводзяць у суд у якасьці сьведкаў іншых міліцыянтаў, якія пад час валютнае ўгоды не прысутнічалі, але ў судзе гатовыя даць любыя патрэбныя паказаньні. "Гэта поўны "беспрадзел"", – кажа мой знаёмы. На аднаго зь ягоных калегаў-прыяцеляў зараз завялі крымінальную справу.

Зрэшты, як паведаміла мне вышэйзгаданая судзьдзя ў адным з раённых судоў Менску, нельга сказаць, што апошнімі днямі назіраецца хваля справаў, зьвязаных з валютным абменам. Судзьдзя патлумачыла гэта тым, што колькасьць валютчыкаў зьменшылася за апошнія месяцы ў выніку зацятай барацьбы зь імі. Зараз засталіся толькі самыя досьведныя і сьмелыя.

Няўжо валютчыкі прыносяць такую шкоду фінансавай сыстэме дзяржавы, што барацьба зь імі становіцца адным з галоўных прыярытэтаў праваахоўных ворганаў?

Барацьба зь незаконным валютным рынкам нават стала адной з галоўных тэмаў дакладу, які прадставіў кіраўніку дзяржавы старшыня Рады Бясьпекі Віктар Шэйман. Менавіта валютчыкам была прысьвечаныя і неаднаразовыя просьбы Нацыянальнага Банку да праваахоўных ворганаў ўзмацніць барацьбу зь ценявым рынкам наяўнае валюты.

XS
SM
MD
LG